Выбрать главу

Хоць само жыццё мудрэй за казку.

Дзівакі, хоць раз паверце сказу:

Казка — гэта голай праўды маска!

1963

ПАКАЛЕННЕ

Альф. Малдонісу

Дзень паспеў для свайго перавалу.

У пярэдадня — цяжкая столь.

Навучаліся, як выпадала,

праз нястачу, і радасць, і боль.

I любоў апынулася вартай,

і нянавісць займела цану.

Мы знаходзім, знаходзім упарта

чалавечнасць, а не ману.

Да нялёгкасці першай — падробка.

Не ржавее сталь праз вякі.

Мы не можам быць паасобку:

у нас толькі па дзве рукі.

Мусяць сэрцы пільней ашчаджацца.

Блізка восень, і з ёй наставаць

найвялікшаму ў свеце мастацтву —

да астатку сябе аддаваць.

Абы ярка свяціць!..— хай сажа

уядаецца ў плоць і косць...

А заўсёды і ўсюды пакажа

цень дакладна, бы компас: ты ёсць.

1963

ДОШКА ДЛЯ АБ’ЯЎ

Хацеў бы я быць дошкай для аб’яў

I пасля працы да людзей заходзіць.

У дзверы пазваніць,

Зайсці

I здзіўленым мужчыне ці жанчыне

Сказаць:

Канцэрт Баха.

Выстаўка пейзажа.

Гамлет.

Травіята.

Рэчытатыў Рыхтара.

Спяваючыя галасы Японіі.

Кожнаму хацеў бы запрапанаваць

Яго любімы гук, пах, колер:

Высокім, мускулістым юнакам —

Спаборніцтвы па боксу, столікі ў кафэ,

Пасвараным маладажонам —

Кароткую экскурсію на параходзе.

А закаханым —

Апошні рад у кіно.

Дзіцяці, што за падзёртыя штаны быў пакараны,—

Марожанага порцыю.

Бабулькам —

Выстаўку кветак.

Міністрам, рэдактарам і лаўрэатам,

Што мараць аб суботнім паляванні і рыбацтве,—

Лекцыю «Ахоўвайце прыроду».

I я ўжо бачу,

Як глядзіць жанчына запытальна на мужчыну,

I ўстае той,

Па барадзе рукой праводзіць —

Не трэба і галіцца —

I з роздумам гаворыць:

— Калі наведала нас дошка для аб’яў,

Знаць, сапраўды, ёсць нешта надзвычайнае.

Прас электрычны ўключыла жанчына.

I я магу ісці далей.

1964

***

Вочы расплюшчыў я — сонца ўзыходзіць.

Ночы нібы й не было.

Усё, што губляў ты калісь ці знаходзіў,

Сэнсу не мае — сплыло.

I перамогу, і паражэнне,

Каб лёгкі да сонца быў бег,

Як тое, з якога ты вырас, адзенне,

Скінеш без жалю з сябе.

Раніцай гэтай мо здарыцца дзіва,

Здзейсніцца даўні твой сон:

Спусціцца з неба юнак зіхатлівы,

Сагрэе планету ўсю ён.

Раніцай гэтай мо з рога пальецца

Тое, чаго не знайшлі ў барацьбе.

Як гэта проста нам зажывецца:

Будзеш маліцца ты мне, я — табе.

1964

АДЗІНСТВА ТРАВЫ I КАМЕНЯ

Калі мяне наведвае стары мой бацька,

Я быццам бы яго вачамі

Гляджу на горад,

На свет,

На сябе,

На рэчы.

На яго твары няма нічога лішняга —

Быццам у спелым

Коласе пшаніцы,—

Усё ясна,

Проста,

Дакладна,

Усё як мае быць.

Сёння ён вярнуўся з горада

I сказаў:

— Тут няма адзінства травы.

I дадаў: —

Ёсць затое адзінства каменя.

Вечарам сказаў ён, уздыхнуўшы:

— Бачыш,

Мы падзялілі свет,

А як яго скласці зноў,

Мы не знаем.