Выбрать главу

Няўжо сярод усяго вялікага асартымэнту немагчыма было абраць нейкую адпаведную фікцыю, якая б падышла для нашай мэты, на два — тры месяцы?

І раптам, здаецца, ужо ў красавіку 1944 году да нас прыехала нарэшце цэлая група кіраўнічых працаўнікоў НПС: нашае пытаньне было вырашана, можна было пачынаць працу. Як высьветлілася зь іхных словаў, у акрузе, якой кіраваў у той час Камінскі, была толькі што арганізаваная новая палітычная расейская партыя пад вельмі адыёзнаю назвай «Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расеі». Яна не была дазволеная немцамі, але яе й не забаранялі. Легалізацыя партыі адбылася неяк сама сабою, ці, дакладней, у явачным парадку.

Такім чынам, нам было загадана ўзяць псэўданім НСППР. У найбліжэйшы час у нашую фэльдкамэндатуру разам зь іншай прэсай зь нямецкага Вайсковага аддзелу прапаганды павінныя дайсьці газэты з дакладамі пра арганізацыю і працу НСППР. Нам прывезьлі гэтых газэт цэлы стос разам з фармальнымі паўнамоцтвамі ад партыйнага цэнтру на адкрыцьцё філіі ў Полацку.

Фэльдкамэндатура пайшла нам насустрач нават больш, чым мы гэтага чакалі. А загадзя падрыхтаваная чалавечая машына, што нецярпліва чакала першага сыгналу, прыйшла ў самае інтэнсіўнае дзеяньне. За адзін тыдзень уся акруга зьверху да нізу была абклееная нашымі заклікамі; па ўсіх буйных населеных пунктах адбыліся арганізацыйныя сходы; а грандыёзныя адкрытыя мітынгі зьбіралі сотні і нават тысячы людзей зь ліку мясцовага насельніцтва. Немцы, якія не чакалі нічога падобнага, толькі рукамі разводзілі ад зьдзіўленьня: расавая тэорыя трашчала па ўсіх швох.

Тыдні праз два пасьля першых мітынгаў мы мелі ў акрузе больш за 600 сяброў партыі, якія дзеля таго, каб запісацца, мусілі прыходзіць асабіста ў мясцовы камітэт. Выклікае зьдзіўленьне, як людзі наважыліся прыйсьці ў партыю напярэдадні жудаснай разьвязкі, калі фронт знаходзіўся кілямэтраў за 40–60, прычым нягледзячы на запалохваньне з боку савецкай агентуры. Відавочна, гэта ўсё былі людзі, якія вырашылі не чакаць савецкага войска, а сыходзіць на Захад. Дарэчы, мы вельмі спадзяваліся, што на нашых мітынгах будзе дастатковая колькасьць партызанаў; і мы не памыліліся: «зараза» пайшла такім чынам у лес і нарабіла там шмат шуму.

Аб’ехаўшы ўсю акругу з моцнай групай прапагандыстаў і наладзіўшы ўсюды працу, мы прысьвяцілі рэшту часу, які нам яшчэ заставаўся, усталяваньню асабістых сувязяў з расейскімі нацыянальнымі коламі ў Дзьвінску, Вільні, Рэжыцы й Рызе. Адначасова мы склалі агульны плян вываду сваіх людзей на Захад у выпадку адыходу немцаў. Уся астатняя нашая ўвага была прысьвечаная падрыхтоўцы адмысловай прапагандысцкай літаратуры, якую мы мелі намер пакінуць для савецкага войска. Пэўная колькасьць палітычнай літаратуры сыстэматычна выдзялялася таксама партызанам у лес — мы з посьпехам выкарыстоўвалі дзеля гэтай мэты сувязі, якія засталіся яшчэ з 1943 году. Тыя ж сувязі спатрэбіліся нам, калі НПС пачаў накіроўваць праз нас асобных людзей і нават узброеныя групы ў тыл «чырвоным». Адсутнасьць суцэльнай лініі фронту, якая тлумачылася недастатковай колькасьцю людзей як у немцаў, гэтак і ў бальшавікоў, як найлепш спрыяла тады нелегальным перакідам.

Дзякуючы пляну арганізаванага адыходу мы падчас уцёкаў праз партызанскія раёны згубілі параўнальна няшмат людзей і, акрамя таго, мелі магчымасьць дапамагчы мясцоваму насельніцтву, якое таксама эвакуявалася ў вялікай колькасьці, сваёй узброенай аховай. Цяпер на немцаў ужо нельга было разьлічваць: ім самім было дрэнна. З чатырох груповак сялянскай самааховы тры пасьпяхова ўцяклі ад бальшавікоў.

І ўжо ў кожным разе можна з упэўненасьцю сказаць, што бальшавікі атрымалі Полацкую акругу назад у свае рукі з добрай палітычнай накрыпкай.