Выбрать главу

Выходзяць.

СЦЭНА III

Дом Алівіі.

Уваходзяць ТОБІ БЭЛЧ і МАРЫЯ.

СЭР ТОБІ

Якога чорта мая пляменніца так ужо гаруе па нябожчыку браце? Ці ж яна не ведае, што гора — жыцця нашага вораг.

МАРЫЯ

Сэр Тобі, пабойцеся бога: вам не шкодзіла б раней вяртацца дадому вечарамі; ваша пляменніца, мая мілэдзі, вельмі перажывае, што вы не ведаеце ні пары, ні часу.

СЭР ТОБІ

Ну і няхай перажывае, пакуль жыве, а памрэ — не будзе.

МАРЫЯ

I ўсё ж вам не пашкодзіла б у сваіх паводзінах пераняць іншую моду.

СЭР ТОБІ

Бач ты, іншую моду! Ніякай іншай моды я не знаю і знаць не хачу. Маё адзенне зусім падыходзіць для таго, каб у ім піць, і гэтыя батфорты — таксама. А калі не, то няхай яны павесяцца на сваіх вушках.

МАРЫЯ

Глядзіце ж, каб гэтыя п’янкі ды гулі вас не раздзелі ды не разулі. Я чула шчэ ўчора, што мая мілэдзі гаварыла тое самае, успамінала і пра нейкага прыдурка-кавалера, якога вы аднойчы ноч-апоўнач прывялі сюды сватацца.

СЭР ТОБІ

Гэта пра каго ж, пра гэтага «Бледнашчокага» — сэра Эндру Эг’ючыка?

МАРЫЯ

Ну пра яго, вашага «Чыкчырыка».

СЭР ТОБІ

Дык ён жа самае тлусценькае залатое цялятка ва ўсёй Ілірыі.

МАРЫЯ

Ну і што з таго?

СЭР ТОБІ

А тое, што ў яго тры тысячы дукатаў прыбытку ў год.

МАРЫЯ

Гэтае залатое цялё — вялікі дурань і абармот, якому тры тысячы — толькі на год.

СЭР ТОБІ

Фэ, сорамна вам так гаварыць. Ён жа грае на віёль-гамбоне і размаўляе на трох ці чатырох мовах — слова ў слова і ўсё са сваёй галавы. У гэтым чалавеку добрыя задаткі ад прыроды.

МАРЫЯ

Ага, задаткі ад прыроды. А хто імі валодае — вы, уроды? Ён не толькі вялікі дурань, а яшчэ і не меншы задзіра. Крый бог, каб у яго яшчэ не было задатку баязлівасці, што стрымлівае яго гарачку ў сварках. Тады б, як кажуць разумныя людзі, яго б скора азадачыла магіла.

СЭР ТОБІ

Клянуся гэтай рукой, мярзотнікі і плеткары ўсе тыя, хто так гаворыць пра яго. Хто яны?

МАРЫЯ

Тыя самыя; яны яшчэ і дадаюць, што ваш «Чыкчырык» напіваецца штовечара, як жаба гразі, у вашай жа кумпаніі.

СЭР ТОБІ

Дык чалавек жа п’е за здароўе маёй пляменніцы. I я буду піць за яе здароўе, аж пакуль не захрасне праход у маім горле і не высахне дно ў вінных бочках Ілірыі. Той палахлівец і смаркач, хто не стане піць за здароўе маёй пляменніцы і піць датуль, пакуль у яго мазгах не закруціць, як у завіруху. Вось так, языкастая пакаёвачка, ці як гэта па-латыні? — castiliano vulgo. А вось і лёгкі на ўспаміне сам Эндру.

Уваходзіць сэр ЭНДРУ ЭГ'ЮЧЫК.

СЭР ЭНДРУ

Сэр Тобі Бэлч! Як маецеся, сэр?

СЭР ТОБІ

Мілейшы мой сэр Эндру!

СЭР ЭНДРУ

Блаславі вас бог, куслівая прыгажуня.

МАРЫЯ

I вас таксама, сэр «Бледнашчочка».

СЭР ТОБІ

Тупай-тупай, сэр Эндру, і смялей!

СЭР ЭНДРУ

Што за яна?

СЭР ТОБІ

Камерыстка маёй пляменніцы.

СЭР ЭНДРУ

Дабрэйшая міс Тупай, мне б хацелася пазнаёміцца з вамі бліжэй.

МАРЫЯ

Мяне завуць Марыя, сэр.

СЭР ЭНДРУ

Дабрэйшая міс Мэры Тупай...

СЭР ТОБІ

Вы памыляецеся, высакародны рыцар, «тупай» значыць пад’язджай, падлашчвайся, атакуй і кладзі на лапаткі.

СЭР ЭНДРУ

Ах, вось што яно такое — «тупанне». Страшнавата, скажу вам, падтупваць да такой у кампаніі, дальбог.

МАРЫЯ

Да пабачэння, сэры пустасмехі!

СЭР ТОБІ

Доблесны рыцар, калі ты яе так адпусціш,— закляну, каб рука твая ва векі вякоў не агаляла клінка.

СЭР ЭНДРУ

Чуеце, міс, калі я вас так адпушчу, то руцэ маёй ніколі не агаляць майго начыння. Ці вы, золатка, думаеце, што ў вашы ручкі трапіў няўмека?

МАРЫЯ

Шкада, што вы не пабывалі ў маіх руках, сэр.

СЭР ЭНДРУ

З прыемнасцю пабываю, ягадка. Вось вам мая рука.

МАРЫЯ

Рука не парука, сэр. Я б вам раіла занесці вашу руку ў паграбок і акрапіць чым-небудзь.

СЭР ЭНДРУ

Навошта, сэрцайка маё? Што азначае ваша метафара?

МАРЫЯ

Тое, што яна ў вас сухаватая, сэр.

СЭР ЭНДРУ

Думаю, што так. Я не такі асёл, каб пры падобных справах утыкаць рукі ў што-небудзь мокрае. Але ўсё-такі, што значыць ваш жарт?