Выбрать главу

СЛАЙ

Само сабой. (Да Лорда.)                                       А як яе імя?

ЛОРД

Мадам.

СЛАЙ

Мадам Эліс ці Джэн-мадам?

ЛОРД

Мадам — і ўсё: так і прынята ў лордаў.

СЛАЙ

Мадам супруга, кажуць,— я праспаў Пятнаццаць год, як вечнасць, без прачынку.

ПАЖ

Так. Мне здалося нават — трыццаць год Прайшло, як я пакінула ваш ложак.

СЛАЙ

Само сабой.— Гэй, слугі,— выйсці вон! — Мадам, вы распранайцеся — і ў ложак.

ПАЖ

О, тройчы далікатны лорд,— не час. Стрымайцеся хоць ноч ці дзве, не болей, Альбо хоць да змяркання. Лекар ваш Мне раіць — дзеля вашага ж здароўя — Сказаць вам гэта і прасіць стрымацца.

СЛАЙ

Закавыка, высмаліў бы пярун адно месца таму лекару. Гэтулькі чакаць! Чорту хочацца, а ведзьма колецца. Не вялікая ахвота зноў кануць у сон, як медны таз у проламку. I да чаго ж трапна прыдумана: на хаценне ёсць цярпенне. Бурлі кроў, ажывай цела, а пара не прыспела. У доме не спяць — прыйдзецца чакаць.

Уваходзіць СЛУГА.

СЛУГА

Акцёры вашай міласці, прачуўшы, Што вы здаровы, хочуць вашу міласць Камедыяй пацешыць. Медыцына Вітае іх пачын. Сон летаргічны I забыццё, якімі вы хварэлі, Вам загусцілі кроў атрутай суму, А сум — дарожка ў буралом вар’яцтва. Пацешную камедыю даўно Ўсе лічаць за найлепшае віно. Яна, мілорд,— і мудрасць, і пацеха, I невычэрпная крыніца смеху. Смех-доктар лечыць сум і белакроўе, Бо сам здаровы смех — залог здароўя.

СЛАЙ

Я не супраць. Пацеха дык пацеха. Толькі што яны там пакажуць: каляднага «казла» ці блазенскія выбрыкі?

ПАЖ

Мілорд, пакажуць неблагія рэчы.

СЛАЙ

Якія рэчы — бытавога ўжытку?

ПАЖ

О, не. Цікавы жарт.

СЛАЙ

                                      Ага, цікава. Паглядзім.— Ну, дык што ж, мая мадам, Сядайце побач. Так, бліжэй. Паселі. — Ану, музыкі — пачынай вяселле!

Садзяцца.

Музыка

Канец Пралога.

АКТ I

СЦЭНА I

Падуя. Гарадская плошча.

Уваходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і ТРАНЬЁ.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Дык вось, друг Траньё, даўні свой намер Пабачыць Падую, навук рассаднік, Я здзейсніў. Мы ў цудоўнейшым кутку Квітнеючай Ламбардыі, у садзе Італіі вялікай. Воляй бацькі Я тут заручаны і абвянчаны З тваім сяброўствам, дружа мой адданы. Ён так жадаў, і я магу сказаць, Што мы з табой падружым дружбай братняй I з боскай воляй станем вывучаць Азы навук — дакладных і абстрактных. Я родам з Пізы; там жа нарадзіўся I бацька мой таксама. Гэты горад Славуты легіёнам знатных сем’яў. Купецкі род багатых Бенцівольё I ёсць мой род па бацькавым калене; Мой старына, Вінчэц’ё Бенцівольё, Вядзе заморскі гандаль з цэлым светам, Адзіны сын бацькоў, я рос на волі Ў Фларэнцыі, калысцы ўсіх паэтаў, I я павінен бацькаву казну Ўвянчаць сваім стараннем дабрачынным. Пагэтаму, слуга мой, я й пачну З раздзелаў філасофіі, што чынна Трактуюць нам аб дасягненні шчасця Добрасумленнем, а не тым, каб красці. Ну, што ты скажаш: Пізу, свой кумір, Змяняць на Падую? Не даў я маху, Як той, што стрымгалоў ляціць у вір З адзінай мэтай — задаволіць смагу?

ТРАНЬЁ

Мі pardonato[1], сябра гаспадар, Хоць я ва ўсім і ўсякім з вамі згодзен I рад, што вы, зірнуўшы лёсу ў твар, Рашылі лёс паспрабаваць на мёдзе Салодкай філасофіі, я рады Вам караценька даць свае парады. Добрасумленнасць — гэта вельмі слушна Для стоікаў ды ідалаў бяздушных; Прад Арыстоцелем б’ючы паклоны, Авідзію не варта слаць праклёны[2]; Частуйце логікай сваіх знаёмых, Рыторыку ўжывайце на прыёмах; Паэзія і музыка — занятак Для незамужніх і для нежанатых, А матэматыка, як сыр гаркавы,— Патрэбная прыправа к важным справам. Што не да густу, тое бескарысна,— Вось і парады ўсе мае, прыблізна.
вернуться

1

«Даруйце мне» (італ.).

вернуться

2

Авідзій тут маецца на ўвазе як аўтар «Навукі аб каханні».