Выбрать главу

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Ну, дзякую за добрыя парады. Ды дзе ж Б’ёндэла? Калі б ён прыехаў, Мы ўсё уладкавалі б без адкладу: З кватэрай, рэчамі і ўсё без спеху. Маглі б наладжваць для сяброў прыёмы, З якімі ў Падуі мы ўжо знаёмы. Чакай: а гэта што там за магнаты?

ТРАНЬЁ

Магчыма, горад выслаў дэлегатаў Сустрэць нас урачыста, прывітаць[3].

Уваходзяць БАПТЫСТА, КАТАРЫНА, Б'ЯНКА, ГРЭМ'Ё і ГАРТЭНЗ'Ё.

Лючэнц'ё і Траньё адступаюць убок.

БАПТЫСТА

Сіньёры, досыць! Годзе дакучаць! Як і раней, цяпер кажу таксама: Я не аддам дачкі малодшай замуж, Пакуль старэйшай не прыдбаю мужа. Калі б хто-небудзь з вас у Катарыну Ўлюбіўся, я не бачыў бы прычыны Адваджваць. Не, любіце колькі ўлезе...

ГРЭМ’Ё

(сам сабе)

Няма дурных на ржавае жалеззе — Быць можа, вы, Гартэнзіё,— ахвотнік?

КАТАРЫНА

(злосна)

Мной набівацца? Бацька, вы як зводнік! Як вам не сорамна і як не гадка, Мяне на карасёў рабіць насадкай?

ГАРТЭНЗ’Ё

Што вы сказалі? Гэта я — карась? Карась не язь і сярод рыб не князь, I ўся зямля здаўна пра тое чула, Што не да пары карасю акула.

КАТАРЫНА

Сіньёр карась, вам нечага баяцца: Не з вашым носам з нашым родам знацца. Каб і пашчасціла вам нейкім чынам Утрэскацца ў зубастую дзяўчыну, Яна вам задала б такога чосу, Што засталіся б з носам ці без носу.

ГАРТЭНЗ’Ё

Ад гэткіх д’яблаў — божа барані!

ГРЭМ’Ё

Ратуй нас, неба, ад такой радні!

ТРАНЬЁ

Пацеха,— далажу я вам, сіньёр: — Вар’ятка, непакора з непакор.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Затое пад маўклівасцю другой, Здаецца мне, таіцца супакой, Самой пакорлівасцю сэрца б’ецца.

ТРАНЬЁ

Сіньёр, вам гэта ўсё толькі здаецца.

БАПТЫСТА

Усім вам мой адказ цяпер вядомы.

(Да Б'янкі)

А ты, дзяўчынка, лепш ідзі дадому I не крыўдуй. Не будзь к парадзе глуха: Я — бацька і люблю цябе, скакуха.

КАТАРЫНА

Скакуха, і пястуха, і няўдача: То скача, то, як скажаш слова,— плача.

Б’ЯНКА

Сястра, не джаль! I так — адны напасці... Будзь ты шчаслівая маім няшчасцем. Я адыходжу ў дом. Там, у зацішку, Каб сум развеяць, пачытаю кніжку Альбо забаўлюся на лютні граннем...

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Дальбог,— Мінервы мудрасць. Чуеш, Траньё?

ГАРТЭНЗ’Ё

Шкада, сіньёр Баптыста,— наша шчырасць Сіньёры Б’янцы прычыніла гора. Мы ўсе прасілі б вас адзіным хорам: Велікадушна гнеў змяніць на міласць.

ГРЭМ’Ё

Сіньёр, вялікі грэх невінаватых Караць за грэх другіх, якія ў сваты Ішлі з разлікамі.

БАПТЫСТА

Хто праў, нам невядома. Бог разбярэ.— Дачка, пайшла дадому!

Б'ЯНКА выходзіць.

Мне, бацьку, відавочна схільнасць Б’янкі Да музыкі, паэзіі і спеваў, То, каб не рупілі ёй пагулянкі I не разбэсцілі спакусы Евы,— Пара б у дом настаўнікаў наняць,— Хай вучаць маладосць і настаўляюць,— Даўно б пара! Ды дзе мне іх узяць? Такія ж бібікаў не абіваюць.— Мо вы, сіньёры, знаеце такіх? Прышліце іх ка мне: не паскуплюся, Прыму, дам стол, прывечу, як сваіх,— Дзеля дачкі апошнім падзялюся. Ну, мне ўжо час дамоў, да спраў вяртацца. Ты, Катарына, можаш аставацца. (Выходзіць.)
вернуться

3

Траньё гаворыць пра звычай тых часоў высылаць дэлегацыю знатных грамадзян горада для сустрэчы шаноўных гасцей.