Выбрать главу

Б’ЁНДЭЛА

Здаецца,— не.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Служы аддана Траньё. На мяне Забудзься, я ўцяку. Слугуй і ведай: Ён гаспадар твой, ён — твой цар і бог!

Б’ЁНДЭЛА

Пірог у зубы чорту: еш, абедай — Няхай бы бог і мне так дапамог.

ТРАНЬЁ

(сам сабе)

Каб мне і сапраўды такая ўдача, Дык я тады запеў бы вам іначай; Як той казаў, і слугі часам ласы Паквапіцца на панскія прыпасы.— Ты, чмут, запомні нашы ўсе дакоры: Не для мяне старайся, для сіньёра; Не совай носа у чужое проса I не хварэй пляткарствам, як паносам. Калі мы ўдвух з табою, твар у твар, Я — Траньё, а пры людзях — гаспадар.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Пайшлі, Траньё. Цябе чакае яшчэ адна справа: сядзеш паміж вунь тымі маладажонамі. Не пытайся: навошта? Наперад скажу табе: так трэба.

Выходзяць.

Размова паміж гледачамі на галёрцы.

1-шы СЛУГА

Мілорд, вы носам дзюбаеце і не сочыце за п’есай.

СЛАЙ

Бажуся святой Аннай,— сачу. Дарма сабе відовішча, дальбог жа. Пакажуць яшчэ што-небудзь?

ПАЖ

Гэта толькі пачатак, мілорд.

СЛАЙ

А-а, выдатная штучка, мадам жонка. Хутчэй бы толькі скончылася!

Садзяцца і глядзяць.

СЦЭНА II

Падуя, вуліца. Перад домам Гартэнз'ё.

Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё і яго слуга ГРУМ'Ё.

ПЕТРУЧ’Ё

Я ў Падуі жыць доўга не змагу; З Вероны я прыехаў, каб з сябрамі Сустрэцца тут, і ў першую чаргу З Гартэнз’ё, мілым другам. Я па браме, Здаецца, пазнаю і дом Гартэнз’ё.— Гэй, Грум’ё, стукні! Чуеш, дурань,— трэсні!

ГРУМ’Ё

Стукнуць ці трэснуць, сіньёр? Каго? Няўжо хто-небудзь абразіў вашу міласць?

ПЕТРУЧ’Ё

Нягоднік, кажуць табе стукнуць вось тут, ды мацней!

ГРУМ’Ё

Стукнуць вам тут, сіньёр? Вот калі дзіва! Хто ж я такі, каб вам настукаць, сіньёр?

ПЕТРУЧ’Ё

У дзверы стукай, у вушак, дурыла, Бо вывядзеш з цярпення,— стукну ў рыла.

ГРУМ’Ё

Задзіра вы, сіньёр! Каб я пачаў, Дык і зубоў бы, мабыць, не сабраў.

ПЕТРУЧ’Ё

Лайдак, мяне задзірай абзываеш? Чакай жа, ты вось зараз атрымаеш Гасцінчыка, не гэтак заспяваеш!

(Круціць Грум'ё за вушы.)

ГРУМ’Ё

Ратуйце! З глузду з’ехаў мой сіньёр.

ПЕТРУЧ’Ё

Ага, запеў? Цяпер жа бі ў запор.

З дому выходзіць ГАРТЭНЗ’Ё.

ГАРТЭНЗ’Ё

Што тут за гвалт? У чым справа? А, дружа Грум’ё. Дарагі сябра Петруч’ё! Як вы там усе ў Вероне?

ПЕТРУЧ’Ё

Гартэнз’ё, вы прыйшлі суняць лупцоўку. «Con tutto il core bentro vato»[6]                                         хтосьці лоўка Сказаў, і сапраўды — я рад сустрэчы.

ГАРТЭНЗ’Ё

Цытаты дык цытаты. Вось, дарэчы: «Alla nostra cosa benvenuto, molto Honorato signor mio Petrucio»[7] Ну, Грум’ё, рушым з мірам, мы вас змірым.

ГРУМ’Ё

Не, сіньёр, не такая тут расхадзілася бура, каб суняць каламбурам. Ці ж гэта не законная падстава, каб сабрацца ціха — і не памінайце ліхам. Памяркуйце вы самі, сіньёр: ён загадваў мне ці то стукнуць, ці то трэснуць, сіньёр, і на ўсю сілу, сіньёр. Ці ж пасуе гэта слузе, сіньёр, так стукаць свайму гаспадару, якому, у добры час сказаць, а ў благі памаўчаць — ужо за трыццаць гадоў стукнула?

Ну што ж было б, каб я без доўгіх спраў Пачаў? Зубоў бы нават не сабраў.

ПЕТРУЧ’Ё

Абух! Вы толькі слухайце абуха: Я загадаў, каб стукнуў у вушак. Ён толькі й чуў. Упёрся, як ішак...

ГРУМ’Ё

Ну чулі? — «У вушак». Чаму ж не ў вуха? Хіба ж не вашы словы: «Ах, лайдак, Сюды вось бі, жабуцька ты, рапуха»? А зараз — «у вушак». Вушак — не вуха!
вернуться

6

«Ад усёй душы рады сустрэцца з вамі» (італ.).

вернуться

7

«Будзьце ласкавы ў наш дом, шаноўнейшы сіньёр Петруч'ё» (італ.).