Выбрать главу

Адно з двух: альбо вы асцерагаецеся яго зменлівасці, альбо сумняваецеся ў маіх здольнасцях, калі ставіце пад сумненне пастаянства яго любові. Ён што — непастаянны ў сваіх сімпатыях?

ВАЛЯНЦІН

Паверце мне, пастаянны.

ВІЁЛА

Дзякую. Сюды ідзе сам герцаг.

Уваходзяць ГЕРЦАГ, КУРЫЁ і СЛУГІ.

ГЕРЦАГ

Цэзарыё не бачылі, сіньёры?

ВІЁЛА

Я тут, да вашае паслугі, герцаг.

ГЕРЦАГ

(да слуг)

Вы адыдзіце ўоок і пачакайце.— Цэзарыё, табе мне больш нічога Няма сказаць. Перад табой, мой хлопчык, Раскрыў я кнігу таямніц душэўных, Пагэтаму прашу цябе, мой мілы, Кіруйся проста да яе з пасольствам. Адмовы не прымай, стань пры варотах, Гразі, што ступакамі ўрос у камень I не скранешся з месца. Патрабуй: «Мне толькі да яе» — і ўсё.

ВІЁЛА

                                   Мой герцаг, Калі дзяўчына шчэ ў такой жалобе, Як кажуць, то яна ж мяне не прыме.

ГЕРЦАГ

Скандаль, пераступай усе граніцы Прыстойнасці — прыдатны сродкі ўсе Для дасягнення поспеху.

ВІЁЛА

                               Дапусцім,— Графіня прыме, ну, а што далей?

ГЕРЦАГ

О, самае ж галоўнае ў далейшым: Старайся ўвесь парыў майго кахання, Ўсю страсць яго раскрыць, каб гэтым самым Расчуліць, паланіць дзяўчыны сэрца. Кажы, што я адданым, і пяшчотным, I верным мужам буду ёй да смерці. Ты ж лёгка можаш зразумець пакуты I мой адчай: ты сам яшчэ юнак, Бо маладое ж маладому верыць Хутчэй, чым пасланцу ў гадах.

ВІЁЛА

                       Наўрад, Я сумняваюся.

ГЕРЦАГ

                              Павер мне, мілы. Ачэрніць той шчаслівы твой узрост, Хто скажа — ты мужчына. Свежасць шчочак, Румянасць вуснаў, шыйка — ты Дыяна, Багіня хараства, і сам твой голас, Пявучы і высокі, зграбнасць рухаў, Як у дзяўчыны,— ты самой прыродай, Здаецца, створаны іграць жанчыну. Я ўпэўнены, што гэтае сузор’е Тваіх задаткаў тут якраз да месца.

(Да слуг.)

Чацвёра з вас ці пяцера, ступайце Ўслед за паслом маім, а — хоць і ўсе! Мне лепш, калі нікога з вас няма тут: Зрабіў што, не зрабіў — ніхто не бачыць. Дык ты вярніся, юны друг, з удачай I зажывеш прывольна, як мы самі — Усім з табой падзелімся.

ВІЁЛА

                                       Зраблю Ўсё, што змагу, каб вам яе сасватаць.

(Убок.)

Быць сватам, значыць, быць і добрым хватам. А што, каб сват сабе яго сасватаў?

(Выходзіць.)

СЦЭНА V

Дом Алівіі.

Уваходзяць камерыстка МАРЫЯ і блазен ФЭСТА.

МАРЫЯ

Не, галубок, калі не скажаш мне, дзе ты валачыўся, дык я і языком не павярну, каб заступіцца. Гаспадыня павесіць цябе, валацугу, за адлучку.

БЛАЗЕН

Няхай вешае. Хто на гэтым свеце навісіцца, той на тым — і д’ябла не пабаіцца.

МАРЫЯ

Чаму гэта?

БЛАЗЕН

Таму, што там ён нічога не ўбачыць.

МАРЫЯ

Складна, але не зусім дакладна. Я магу сказаць, дзе ты падабраў сваю чартоўскую прымаўку.

БЛАЗЕН

Ну дзе, дабрэйшая міс Мэры?

МАРЫЯ

У разбоях, вось дзе, разбойнік. I не дзіва, што ты яе смела абкатваеш у сваіх дурыках.

БЛАЗЕН

Што ж зробіш? Дай бог мудрасці тым, у каго яна ёсць, а дурням — карыстацца сваім талентам.

МАРЫЯ

I ўсё-такі цябе павесяць — гэта ж так доўга недзе швэндаўся! А калі не павесяць, то патураць з двара. Ці гэта табе не ўсё роўна?

БЛАЗЕН

Многіх вісусаў добрая вісельня ратуе ад благой жаніцьбы; прагоняць — скажам: «Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому».

МАРЫЯ

Упарціся, упарціся, болей заробіш!

БЛАЗЕН

Я не ўпарчуся і не апраўдваюся; проста ў мяне — во памочніца з двух бакоў.