Выбрать главу

ГРЭМ’Ё

Таму, сіньёр, што вашую мілашку Прымілаваў сабе слуга ваш Грэм’ё.

ГАРТЭНЗ’Ё

Вы не туды, сіньёр, не ў тое стрэмя: Я сам абраў яе сваім кумірам.

ТРАНЬЁ

Сіньёры, ціха! Скончым сварку мірам. Прашу паслухаць, калі вы дваране, Што скажа ваш слуга пакорны Траньё: Сіньёр Баптыста знатны, радавіты; Ён з бацькам маім знаўся ў лепшы час. Няхай цяпер прыкіне кожны з вас: Дапусцім, да ягонай Афрадыты — Чароўнай Б’янкі прывалілі ў сваты Сем жаніхоў адразу,— я, вядома, З іх буду першы і не выйду з дому, Не атрымаўшы згоды: «Я — твая». Царэўну Леду[12] тысячы кахалі, Хай будзе ў Б’янкі з тысячы адзін, I той адзін — Лючэнц’ё, ну а далей — Хоць не расці трава, хоць дзіва з дзіў, Хоць сам Парыс няхай прыскача з Троі[13].

ГРЭМ’Ё

Ён — скакунок. Хаця нас тут і трое, А зазяваемся,— усіх абскача.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Скакун на месцы, а прышпорыш — кляча.

ПЕТРУЧ’Ё

Гартэнз’ё, што вы гэткі ганарысты?

ГАРТЭНЗ’Ё

Асмелюся спытацца ў вас, сіньёр: Вы бачылі хоць раз дачку Баптысты?

ТРАНЬЁ

Не, але чулі шмат пра дзвюх сясцёр. Старэйшая сварлівая без меры. Малодшая — красою незямной.

ПЕТРУЧ’Ё

Старэйшай не лічыце, кавалеры: Я ўжо сказаў вам, што яна за мной.

ГРЭМ’Ё

Ды вы — герой. З такою непакорай I Геркулес пакаштаваў бы гора.

ПЕТРУЧ’Ё

Але ж паслухайце мяне, сіньёры, Што я скажу: Баптыста Мінала Яе сястру трымае на запоры; I хоць бы й маладосць яе прайшла, Датуль не быць ёй замужам за вамі, Пакуль яго старэйшая дачка Сядзіць у дзеўках. Самі вы з вусамі, Як той казаў, тут — самая рука: Адну сасватаць, волю даць другой.

ТРАНЬЁ

То калі вы той самы малайчына, Што дзеля нас гатовы і ў агонь, I ў воду, і гатовыя, магчыма, Жаніцца на старэйшай,— быў бы грэх Пярэчыць вам. Бярыце, вы з вачыма, Сабе на гора, а людзям на смех. Вы гэтым самым вызваліце Б’янку, I той шчаслівец з нас, каму яна Аддасць руку, збярэ ў ваш гонар п’янку Такую, што зальешся ад віна.

ГАРТЭНЗ’Ё

Балака вы, сіньёр. Пакінем кпіны. Красуня й вам засела пад рабро. Вы, як і мы, аддзякаваць павінны Таму, хто рады нам зрабіць дабро.

ТРАНЬЁ

Сябры, сіньёры, к- чорту нараканні! Умова — згода, а адклад — не ў лад, І я прашу сягоння ж на змярканні Ка мне на баль. Я вельмі буду рад Перакуліць за шчасце нашай любай Так кварты тры вінца альбо настойкі, Бо, як сказаў якісьці дыпламат: За справай — спрэчкі і рука да чуба, А за сталом — сяброўскія папойкі.

ГРУМ’Ё і Б’ЁНДЭЛА

Выдатна сказана, сябры. Засядзем Упобач — і адразу справу зладзім.

ГАРТЭНЗ’Ё

Пайшлі, Петруч’ё. Я на гэты раз У ролі benvenuto буду ў вас, Што значыць «госць жаданы» ў перакладзе.

Выходзяць.

АКТ II

СЦЭНА I

Падуя. Пакой у доме БАПТЫСТЫ.

Уваходзяць КАТАРЫНА і Б'ЯНКА са звязанымі рукамі.

Б’ЯНКА

Сястрыца, развяжы; табе ж няслава З мяне смяяцца, кпіць. Другая справа — Так здзекавацца з беднай пакаёўкі, А мне, сястры,— і крыўдна, і няёмка. А што да плаццяў і другіх пажыткаў, Дык ты не думай, прама мне скажы, I я аддам табе — усё да ніткі, Аддам, ты толькі рукі развяжы. Я ўмею быць паслушнай у старэйшых.

КАТАРЫНА

А ты скажы мне, хто табе мілейшы З усіх тваіх залётнікаў, лісіца?
вернуться

12

Леда — дачка эталійскага цара Фесція. У яе закахаўся Юпітэр і, прыняўшы вобраз лебедзя, спакусіў яе (рымская міфалогія).

вернуться

13

Парыс — траянскі царэвіч, які ажаніўся з дачкой Леды.