Выбрать главу

Б’ЯНКА

Залётнікаў? — Ніхто; павер, сястрыца; Гатова пабажыцца імем бога,— Я з іх яшчэ не выбрала нікога.

КАТАРЫНА

Ілжэш, дзяўчо! А гэта — не Гартэнз’ё?

Б’ЯНКА

Клянуся,— не! Каб не было прэтэнзій, Я гэтага Гартэнз’ё саступаю...

КАТАРЫНА

Як? Не шкадуеш? Бачу,— не скупая. Дык мо на Грэм’ё сквапішся, на грошы?

Б’ЯНКА

А ты раўнуеш? Ён жа непрыгожы. Ды ты жартуеш, Кэт, я гэта бачу. Жартуеш? Кошцы — смешкі, мышцы — плач. Сястрыца, развяжы, а то заплачу.

КАТАРЫНА

Так, я жартую жорстка ад няўдач.

(Б’е Б’янку.)

Уваходзіць БАПТЫСТА.

БАПТЫСТА

Што тут за гвалт? Чаго не падзялілі? — Ты плачаш, Б’янка? Бедненькую білі. Ідзі і вышывай наверсе, крошка, I не займайся з гэтай злоснай кошкай.— А як табе не сорамна, вар’ятка, Да слёз даводзіць гэтае ягнятка, Што нават слова ўпоперак не скажа?

КАТАРЫНА

Яна з прыбыткам, а ў мяне пакража. Яна маўчыць, а я крычу і помшчу.

(Кідаецца на Б'янку.)

БАПТЫСТА

Разбой пры бацьку? — Адступіся, змоўчы! — Ты ж, Б’янка, у пакой хутчэй схініся.

Б'ЯНКА выходзіць.

КАТАРЫНА

Мне злосць — хоць галавой аб сцены біся. Я вам абрыдла. Што ж вы макам селі? I дурань скажа, што такое зелле, Як я, вы не рашыліся б прыняць; Яна — ваш скарб, і на яе вяселлі Хацелі б вы і будучы ваш зяць Пацешыцца з таго, як басанож Я ўпрытупкі пайду; а на тым свеце Наймуся ў малпаў нянькай ні за грош I буду забаўляць чужыя дзеці[14]. Дык знайце ж: слёзы дзеўкі-векавухі Вам дапякуць, як жнівеньскія мухі.

(Выходзіць.)

БАПТЫСТА

Ну, хто на свеце быў такі няшчасны! Хто? Хто шчэ там сюды ідзе?..

Уваходзяць ГРЭМ'Ё з бедна апранутым ЛЮЧЭНЦ'Ё, ПЕТРУЧ'Ё з ГАРТЭНЗ'Ё — пад музыканта, ТРАНЬЁ з Б'ЁНДЭЛА, які трымае лютню і пакунак з кнігамі.

ГРЭМ’Ё

Сусед Баптыста,— можна? Добры дзень!

БАПТЫСТА

Дзень добры, Грэм’ё! Праўда, добры дзень. Прашу, сіньёры,— у залу крочце з богам.

ПЕТРУЧ’Ё

Зайшлі без просьбы, не судзіце строга. Скажыце, гэта ў вас тут Катарына, Прыгожая і скромная дзяўчына?

БАПТЫСТА

У нас, сіньёр. Яна — мая дачка.

ГРЭМ’Ё

(да Петруч'ё)

Вы надта порстка. Нельга з кандачка.

ПЕТРУЧ’Ё

Не замінайце, Грэм’ё,— без суфлёра! — Я — дваранін, сын знатнага сіньёра З Вероны. У нас былі аднойчы госці I так расказвалі аб прыгажосці, Ласкавасці і скромнасці дзяўчыны, Што я, наслухаўшыся іхніх казак, Сказаў сабе: мой лёс і абавязак Праверыць чуткі ўсе пра Катарыну. I вось — без запрашэння, ў вольны час З’явіўся са слугой маім да вас.

(Знаёміць Баптыста са сваім «слугой» Гартэнз'ё.)

Музыка і дасціпны матэматык, Ён, мне здаецца, як ніхто другі, Настаўнікам для меншае дачкі Прыйшоўся б да двара вам на пачатак I змог бы навучаць яе старанна Навукам, што па густу ёй самой; Я спадзяюся,— будзе ён абраны, А з тым ацэнены і выбар мой. Ён родам з Мантуі, завуць — Лючыа.

БАПТЫСТА

Ну за каго мяне вы палічылі? — Ды вы, сіньёр,— жаданы госць. Я рады Прыняць і вас, і вашага слугу, А што да Катарыны — дайце рады, Сказаць нічога пэўна не магу: На жаль, яна вам будзе не да пары.

ПЕТРУЧ’Ё

Я бачу, вам расстацца з ёй шкада, Ці, можа, я і скромны мой таварыш Вам не да густу?
вернуться

14

Старадаўняя англійская прыказка сцвярджае, што жанчынам, якія звекавалі ў дзеўках, суджана пасля смерці трапіць у пекла і вадзіць там «да ветру» чужых дзяцей у пакаранне за тое, што пры жыцці яны не мелі сваіх.