Выбрать главу

КАТАРЫНА

                 Ад ляноты. Пайду.

ПЕТРУЧ’Ё

О, Кэт, застанься,— пачакай!

КАТАРЫНА

Іду. З табою тут адна сумота.

ПЕТРУЧ’Ё

А мне з табой, анёл мой,— божы рай. Казалі,— ты сварлівая і злая, Я ж бачу: гэта злосны нагавор. Ты любіш жартаваць, але ж не лаяць, I памаўчаць, як адспяваўшы хор. Прывабная фіялка, ты не ўмееш Ні хмурыцца, ні бліскаць назнарок, Злаваць і сыкаць, нібы злюкі-змеі, Не скажаш нават слоўца папярок. Ты кавалераў стрэнеш і прывеціш Шаноўна, сціпла, ласкава — як след. Адкуль той погалас паўзе па свеце, Што Кэт кульгае? О, зласлівы свет! Паклёп! Ты зграбная, нібы ляшчына, I смуглая, як вылузак-арэх. I калі б я сказаў пра густ мужчыны, Ніхто б з мужчын не палічыў за грэх Пасмакаваць зярнятка ў тым арэсе. Прайдзіся, Кэт, я збоку пазірну: Ты не кульгаеш?

КАТАРЫНА

                         Вон пайшоў, гарэза, Загадвай пакаёўкам.

ПЕТРУЧ’Ё

                         Ну і ну: Дыяна ў пушчах ці была б такою Царэўнаю, як ты ў сваім пакоі. О, стань Дыянай, Кэт, і будзеш павай, Паважнай, скромнай, а Дыяна — жвавай!

КАТАРЫНА

Вы дзе злізалі гэтыя прамовы?

ПЕТРУЧ’Ё

Прыродны дар; мне гэта ўсё не нова.

КАТАРЫНА

Ад мудрасцей прыроды ў вас — ні кроплі.

ПЕТРУЧ’Ё

Я недапёка?

КАТАРЫНА

Так, утрыце соплі.

ПЕТРУЧ’Ё

Ты намякаеш мне, што я прастуды Схапіў на скразняках, дык то ж не сплін. Сагрэемся. Я ўдакладняць не буду, дзе: Тут, на сафе, альбо ў цяпле пярын. Паслухай, Кэт, мы з бацькам вашым змоўцы: Ён абяцаў мне вас і ваш пасаг. Цяпер вам, як цялушцы на вяроўцы,— Не разгуляцца: вы ў маіх руках. Я буду вам пад нораў і да пары, Рахманы, дужы, муж у самы раз. Клянуся месячным святлом з-за хмары, Што я ў любві, як у дрыгве заграз. Ты пра другіх не думай, не журыся, Я буду твой. Паслухай мой сакрэт: Мне выпаў лёс цябе з шалёнай рысі Зрабіць рахманай кошачкаю, Кэт,— Звычайнаю, дамашняй мілай кошкай, Вось цесць ідзе, не гаварыце ж «не». Я мушу быць і буду ў вашым ложку...

Уваходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё і ТРАНЬЁ.

БАПТЫСТА

Ну, чым, Петруч’ё, стрэнеце мяне? Паладзілі з дачкой?

ПЕТРУЧ’Ё

                         Усё ў парадку: Раз-два — і мат. Я промаху не дам.

БАПТЫСТА

У вас, дачка, усё, здаецца, гладка?

КАТАРЫНА

«Дачка»? Мне верыць ці не верыць вам? Дачкой назвалі — дзіўна, вельмі дзіўна! Дык, можа, вы і добранькі такі, Што гэты хлюст нахабны і праціўны Вам у гульні хадзіў у паддаўкі, Каб лёстачкамі вырваць вашу згоду На шлюб са мной і налапам узяць.

ПЕТРУЧ’Ё

Шаноўны цесць, скажу вам мімаходам, Як трэцяя асоба, а не зяць: Дарэмшчыну ўзвялі на Катарыну I вы, і ўсе, што быццам бы яна Упартая, сварлівая дзяўчына I задзірастая, што барана. Яе упартасць для вачэй адводу, На справе ж — гэта мілы галубок; Увесь яе запал — жарок усходу, А паслушэнства — і Грызельда ўбок[15]. Нявіннасцю сваёй і чысцінёю Яна магла б Лукрэцыю[16] зацьміць. Хай будзе ясна ўсім: між мной і ёю — Лад, згода — і ў нядзелю будзем піць За шчасце маладых.

КАТАРЫНА

                          Каб да нядзелі Цябе з вяроўкай ажаніў сам бог!

ГРЭМ’Ё

Петруч’ё, чуеш? — Лад ваш свінні з’елі. Тут просяць бога, каб Петруч’ё здох.
вернуться

15

Грызельда — гераіня шырока вядомай у шэкспіраўскі час навелы; з'яўлялася ўвасабленнем жаночай пакорлівасці, вытрымкі і паслушэнства.

вернуться

16

Лукрэцыя — гераіня старажытнарымскай міфалогіі; прыклад дзявочай цнатлівасці і чысціні. Пасля таго як над ёй наглуміўся ветраны сын цара Тарквінія, яна пакончыла з сабой. На гэты сюжэт Шэкспірам напісана паэма «Зганьбаваная Лукрэцыя».