Выбрать главу

ТРАНЬЁ

Паспех — курам на смех. Дальбог,— пацеха: Ад цесцевых варот і — паварот.

ПЕТРУЧ’Ё

Дазвольце, што за смех? Тут не да смеху.— На мой кусок не разяўляйце рот. Мы з ёю згаварыліся сам-насам, Што пры старонніх к ёй не падыдзі. Сіньёры, калі б я прызнаўся часам, Што з ёю вытвараў тут я адзін, Як мілаваўся — не далі б вы веры. Яна бажылася ў каханні мне: То пацалуе, то, прымкнуўшы дзверы, Прыгорне, прыгалубіць, ушчыпне... Вы — навічкі. I не прайшлі навуку, Што робяць двое ў спальні без агню, Што нават суслік лютую гадзюку Гатоў утаймаваць, прыпёршы к пню.— Катуль,— руку! Я еду на куплянне Ў Венецыю. Прашу не сумаваць.— А вы, цясцёк, рыхтуйцеся к гулянню, Гасцей склікайце — будзем баляваць. Я веру: кіска будзе мілай, добрай.

ТРАНЬЁ

Так, так: кось-косю, косю — ды ў аглоблі.

БАПТЫСТА

Я так расчулены... Вы, маладыя, Злучыце рукі. Богам бласлаўлю.

ТРАНЬЁ і ГРЭМ’Ё

Дай бог! Мы тут у вас як панятыя.

ПЕТРУЧ’Ё

Бывайце, цесць.— Каток, не плач, люблю. Бывай, катулька, міленькая краля; Ўсё прывязу: пярсцёнкі і каралі, Уборы, вэлюмы — усё к вяселлю. Цалуй і знай: заручыны ў нядзелю.

ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА выходзяць у розныя бакі.

ГРЭМ’Ё

Ну бачылі: ні села і ні пала, Кляп-цяп — і шлюб, і выпіўка, і сала.

БАПТЫСТА

Заселі ў печань мне яе выборы, I я пайшоў на рызыку, сіньёры, Як той купец, збываючы тавар.

ТРАНЬЁ

Тавар з гнільцой, ды меў падробны твар. Цяпер гадай на два: ці зяця купіш, Ці, як разгледзіцца,— вялікі кукіш.

БАПТЫСТА

Адна падзяка трэба мне — іх шлюб.

ГРЭМ’Ё

Шлюб іхні будзе, абы цесць не скуп. Але ж давайце гутарку завершым Аб вашай меншай. Перашкод няма. Я ваш сусед, і сватаўся я першы.

ТРАНЬЁ

А я па ёй душу раняў дарма? I так раняў, што нават немагчыма Ні выказаць на словах, ні ўявіць.

ГРЭМ’Ё

Шчанё, ты шчэ не ўмееш чын па чыну Вусы завіць, не то што палюбіць.

ТРАНЬЁ

Сівабароды, а ў цябе каханне Прымёрзла пад лядком.

ГРЭМ’Ё

                           А ты з жарком, Глядзі не апячы. Гады — не ганьба: Стары-стары, як кажуць, ды з дурком.

ТРАНЬЁ

Юнак — прынада у вачах жанчыны.

БАПТЫСТА

Сіньёры, хопіць сваркі без прычыны. З вас кожны атрымае па заслугах. Мы спрэчку ўладзім так: каторы з вас Адкажа Б’янцы ў прадсмяротны час Палову спадчыны, таму, як другу, Скажу: яна твая, бяры, шануй. Вы чулі ўмову.— Грэм’ё, прапануй.

ГРЭМ’Ё

Па-першае, як вам усім вядома, Мой двор не тое, што ў другіх двары: Гаспадары і слугі ў нашым доме Ядуць і п’юць заўжды на серабры. Збаноў, тазоў, каб мыць ёй рукі, ногі — Хоць адбаўляй. I вам не навіна, Што сцены ў нас ад столі да падлогі У самых лепшых цірскіх дыванах[17]. Слановыя куфэркі, як належыць, Трашчаць ад крон, а кутыя куфры Пад века напакованы адзежай; Там полагі, куніцы і бабры, Цянюткая бялізна для пасцелей; Турэцкія падушкі ў жамчугах; Шыццё венецыянскай каніцеллю, Вязанне, розны посуд па кутках — Трывалы, толькі медны, алавяны. Усім, што ў доме трэба,— повен дом. На фермах, дзякуй богу, пастаянна Да ста кароў — заліся малаком. Ну, а валоў — дык тым няма і ліку, Авец, свіней, дальбог, хоць гаць гаці. Я сам, сказаць, асілак невялікі,— Задышка. Колькі там яшчэ ў жыцці... Дам заўтра дуба,— я ж у дамавіну Не забяру з сабой сваё дабро. Усё б да крошкі ёй адной пакінуў, Калі б яна зрабіла мне дабро, Згадзіўшыся пайсці і стаць маёю.
вернуться

17

Цір — горад у Сірыі; у старажытныя часы славіўся сваімі дыванамі.