Выбрать главу

ГАРТЭНЗ’Ё

Хлапчук, я не сцярплю твайго нахабства!

Б’ЯНКА

Сіньёры, ваша спрэчка крыўдна мне Тым больш, што я не запрадана ў рабства Нікому з вас, і мне самой відней, З чаго пачаць, чым кончыць. Я не школьнік, Якому трэба пернік і дубец. Я вольны ваш слухач, а не нявольнік, Вось лаўка.— Вы сядайце на канец, Вазьміце лютню, падкруціце струны; Адольвайце святыню са святынь — Навуку. Сядзьце тут, філосаф юны, I мы з гадзінку пагрызём латынь.

ГАРТЭНЗ’Ё

Мне — што? Брынь-брынь, і ўсё, а вы ці скора?

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Пацерпіць, не гарыць. Ты знай — круці.

Б’ЯНКА

Ну, дзе ж мы скончылі?

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Вось тут, сіньёра. «Hic ibat Simois, hic est Sigeia tellus; Hic stelerat Priami regia celsa senis»[18].

Б’ЯНКА

Перакладзіце.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

«Hic ibat» — як я ўжо гаварыў вам раней: «Simois» — я, Лючэнц’ё, «hic est» — сын Вінчэнц’ё з Пізы; «Sigeia tellus» — пераадзеты, каб дабіцца вашай любові; «hic stelerat» — а той Лючэнц’ё, каторы сватаецца да вас, «Priami» — мой слуга Траньё; «regia» — выдае сябе пад маім імем; «celsa senis» — каб мы змаглі абдурыць старога Панталоне[19].

ГАРТЭНЗ’Ё

Сіньёра, інструмент ужо ў парадку.

Б’ЯНКА

Сыграйце.

ГАРТЭНЗ'Ё іграе.

Ой, рыпіць, як панарад!

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Паплюй на смык ды пачынай спачатку.

Б’ЯНКА

Чарга за мной. Чытаю пераклад: «Hic ibat Simois» — я вас не знаю; «Hic est Sigeia» — я вам не давяраю; «hic steteraf Priami» — асцерагайцеся, каб ён нас не падслухаў; «regia» — не забывайцеся: «celsa senid» — не адчайвайцеся.

ГАРТЭНЗ’Ё

Сіньёра, накруціў.

(Іграе.)

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Што ж, дармавата, Але нізы гугнявяць.

ГАРТЭНЗ’Ё

                                Не нізы, А нізкі чмут махлюе зухавата.

(Сам сабе.)

Ён не шкаляр, а лысы чорт з лазы. Шальмоўнік хоча мне наставіць рогі. Знай, іжыца, вучоны кавалер,— Падгледжу, падцікую — бачаць богі,— Заб’ю, скалечу д’ябла!

Б’ЯНКА

(гадае на пальцах)

                                   Вер не вер, А ўсё ж не верыцца.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

                              Аякс таксама Па дзеду называўся Эакід[20]. Не сумнявайцеся.

Б’ЯНКА

                            Скажу вам прама, Паколькі ў вас такі вучоны від I вы настаўнік мой,— я мушу верыць. Даволі жартаў.— Ліч’ё, ваш урок. Прашу вас жарты жартамі і мерыць, Вам не сакрэт: дзяўчына — вецярок.

ГАРТЭНЗ’Ё

(да Лючэнц'ё)

Вы можаце ісці. Так, так, да стрэчы! Гармонія — не трохгалосы хор.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Не будзем педантычныя, сіньёр. Я пачакаю збоку і, дарэчы, Панаглядаю.

(Сам сабе.)

Мілы музыкант, Здаецца мне, таксама закаханы.

ГАРТЭНЗ’Ё

Сіньёра, прызнаюся: я — педант; Педант у поўным сэнсе — не загана. Вы мусіце дакладна пераняць Маю ігру, мой метад браць акорды, I да таго, як струны зазвіняць Пад пальчыкамі, вы павінны цвёрда Азы мастацтва знаць, запомніць гаму. I я вас запэўняю: метад мой — Дакладная і поўная праграма Майстэрства, віртуознасці самой. Ён не раўня шаблону ў гэтай сферы — Па ім вучыцца, нібы піць віно. Вось тут ён выпісаны на паперы.

Б’ЯНКА

Але ж я гаму ведаю даўно.

ГАРТЭНЗ’Ё

Вы не знаёмы з гамаю Гартэнз’ё.
вернуться

18

«Тут працякала рака Сімоіс; тут Сігейская зямля; тут стаяў высокі палац старога Прыама».

(Радкі з паэмы Авідзія «Гераіды»)

вернуться

19

Панталоне — тыпаж з італьянскай камедыі, праставаты, пацешны стары.

вернуться

20

Эакід (грэч. міфалогія) — герой, удзельнік Траянскай вайны; праславіўся сваёй сілай і храбрасцю. У міфалогіі вядомы таксама пад імем Аякса.