Выбрать главу

БАПТЫСТА

А хто яшчэ з ім едзе?

Б’ЁНДЭЛА

О, сіньёр,— вельмі важная персона: яго лёкай, прыбраны не з меншым густам, як і тая кульгавая кабыла. На адной назе панчоха з суровых нітак, на другой — суконны шчыблецік; адна падвязка ружовая, другая — зялёная. Капялюш — не тое што не дуж, а так ледзьве дыша, і замест пяра ўваткнута нейкае пудзіла з «Сарака выдумак»[21]. Страшыдла, скажу я вам, сіньёр, дальбог, страшыдла. I блізка не быў ні каля слугі хрысціянскага, ні каля лёкая панскага.

ТРАНЬЁ

Навошта ж ён задумаў гэты жарт? Звычайна апранаецца ён скромна.

БАПТЫСТА

Няхай хоць д’яблу на пацеху, абы толькі прыехаў.

Б’ЁНДЭЛА

О не, сіньёр, ён не прыедзе.

БАПТЫСТА

А ці ж не ты гаварыў, што ён едзе?

Б’ЁНДЭЛА

Я? Што Петруч’ё едзе?

БАПТЫСТА

А як жа.

Б’ЁНДЭЛА

Не, сіньёр, я гаварыў, што каняка яго ідзе, а ён на ёй едзе.

БАПТЫСТА

Ну, гэта ўсё адно і тое ж.

Б’ЁНДЭЛА

Клянуся ўсімі Багамі святымі — Не адно і тое. Колькі ж ценяў Прэцца праз цемень?— Двое.

Уваходзяць ПЕТРУЧ'Ё і ГРУМЁ.

ПЕТРУЧ’Ё

Дзе ж шаферы і сват? Ці ёсць хто дома?

БАПТЫСТА

З дабром, зяцёк!

ПЕТРУЧ’Ё

Якое там дабро!

БАПТЫСТА

А вы ўпару, мы рады маладому.

ТРАНЬЁ

Убор ваш, як рагаціна ў рабро.

ПЕТРУЧ’Ё

Каб нават лепшы быў, я ў заварусе Надзеў бы толькі гэты ў цесцеў дом. Як жывы, цесць? А дзе ж мая Катуся? Чаго вы ўсе так здзіўлены кругом, Як быццам я статуй з манашскай келлі Альбо камета?

БАПТЫСТА

                            О, шаноўны зяць, Як вам вядома, сёння ў нас вяселле, I мы тут пачыналі бедаваць, Што вас няма. Ды вось і вы знаскоку — Мы зноў бядуем: што на вас за ўбор? Ды гэта ж ганьба нам, бяльмо на воку Вясельнае бяседы ўсёй, сіньёр! Скідайце лахманы.

ТРАНЬЁ

                           Што за прычына Так доўга разлучала вас з дзяўчынай? Чаму, адкуль, з якога сутарэння Вы прыляцелі ў гэтым апярэнні?

ПЕТРУЧ’Ё

Расказваць — доўга, слухаць — сумната: Я абяцаў прыбыць — прыбыў, чаго вам болей? Спазніўся — на дарозе слізгата, Вы ж разумееце,— адзін у полі, Дарога невядомая. Пасля Дакладна апішу ўсё, дружа любы. Ну дзе ж Катулька? — Пчолка,— да вулля! Ужо нярана; нам пара да шлюбу.

ТРАНЬЁ

У гэткіх трантах, барані вас божа, З’явіцца да нявесты? Вы — вар’ят! Хадзем ка мне; я дам убор прыгожы, Паспагадаю вам, як брату — брат.
вернуться

21

«Сорак выдумак» — няяснае месца ў арыгінале. Некаторыя каментатары лічаць, што гэта, магчыма, назва зборніка жартаў і гумарэсак шэкспіраўскіх часоў.