Выбрать главу

- У цябе планы? - спытаў ён.

- Не.

Ён зiрнуў на мяне.

- Пайду дадому, - сказаў я. - Напiшу пiсьмы, i яшчэ тое-сёе... Таксама трэба.

- Ты захварэў? - спытаў ён занепакоена.

- Ты што, анi блiзка. Магчыма, таксама вясна затлумiла галаву.

- Ну добра. Як хочаш.

Я паплёўся дадому. Але i седзячы ў пакоi, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзiў узад-уперад. Я ўжо не мог уцямiць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калiдор да Георгi. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскi.

- Вось табе i на, - сказала яна. - Вы тут?

- Цяжка не пагадзiцца, - адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.

Яна пахiтала сiвой галавой.

- Нiкуды не пайшлi? Дзiва, ды i ўсё тут!

Я не доўга затрымаўся ў Георгi. Праз пятнаццаць хвiлiн я вярнуўся. Падумалася, цi не выпiць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна i пачаў пазiраць на вулiцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могiлкамi. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загаралiся лiхтары, але яшчэ было не зусiм цёмна - здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнiгамi паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны i дома няма.

Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку i назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкi наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькi ў прыхожай фраў Залеўскi, памiж галовамi дзiкоў, пахам тлушчу i кухонным бразгатаннем, раптам цiха i павольна, нiбы ў задуменнi, разважаючы над кожным словам, загучаў нiзкi хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знiкла. Я павесiў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такiм змрочным. "Вар'яцтва", - падумаў я i патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку i патэлефанаваў Кёстэру.

- Бiлеты яшчэ ў цябе, Ота?

- У мяне.

- Добра. Я iду на бокс.

Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзiлi па начным горадзе. Вулiцы былi свежыя i пустыя. Зiхацелi шыльды. У вiтрынах гарэла святло. У адной з iх стаялi голыя васковыя манекены з размаляванымi тварамi. У iх быў выгляд распусных прывiдаў. Побач мiгцелi ўпрыгожаннi.

Потым мы падышлi да ўнiвермага, якi быў асветлены ярка, як сабор. Вiтрыны пенiлiся стракатым блiскучым шоўкам. Каля кiнатэатра на прыступках сядзелi бледныя, схуднелыя постацi. Побач агнямi пералiвалiся вiтрыны прадуктовай крамы. Металiчнымi вежамi ўзвышалiся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцiлцы ляжалi прывялыя яблыкi, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалi памiж палак сухой каўбасы. Вабiлi жоўтыя i ружовыя букеты вяндлiны i паштэтаў.

Мы селi на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нiбы электрычная лямпачка, вiсеў над дамамi. Ужо даўно перавалiла за поўнач. Непадалёк на вулiцы рабочыя паставiлi палатку. Яны працавалi на трамвайнай лiнii. Шыпелi зварачныя апараты, россыпы iскраў пырскалi над сагнутымi цёмнымi постацямi. Побач з iмi, як палявыя кухнi, дымiлiся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалi кожны пра сваё.

- Дзiўная нядзеля, цi не праўда, Ота?

Кёстэр згодна кiўнуў.

- Шчыра кажучы, радуешся, калi яна канчаецца, - сказаў я задумлiва.

Кёстэр пацiснуў плячыма.

- Мусiць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае.

Я наставiў каўнер.

- Ёсць штосьцi няправiльнае ў нашым жыццi, Ота?

Ён глянуў на мяне i ўсмiхнуўся.

- Было нешта iншае, Робi.

- Праўда, - пагадзiўся я. - Але...

Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.

Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзiне, здавалася цёплым маленькiм домам.

- Як ты думаеш - закончым "кадзiлак" да аўторка? - спытаў я.

- Павiнны, - сказаў Кёстэр. - А чаму?

- Ды не, проста так...

Мы ўсталi i пайшлi дадому.

- Сёння са мной нешта не так, Ота, - сказаў я.

- З кожным бывае... Дабранач, Робi.

- Дабранач, Ота.

У пакоi я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агiдная, свяцiла занадта ярка, крэслы - пацёртыя, лiнолеум жахлiва бляклы, умывальнiк, ложак, над iм карцiна пра бiтву пад Ватэрлоа - сюды ж нельга запрасiць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросiш. У лепшым разе - прастытутку з "Iнтэрнацыяналя".

III

У аўторак ранiцай мы сядзелi ў двары нашай майстэрнi i снедалi. "Кадзiлак" быў гатовы. Ленц з лiстком паперы ў руцэ пераможна пазiраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу i толькi што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькi што напiсаў. Яна пачынался са слоў: "Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!" Гэта было нешта сярэдняе памiж вершам i гiмнам.

Мы з Кёстэрам хвiлiнку памаўчалi. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлiвай плынi шматфарбнай фантазii. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.

- Ёсць i паэзiя, i бляск, праўда? - з гонарам спытаў ён. - У век дзелавiтасцi трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процiлегласцi прыцягваюцца.

- Толькi не ў грашовых справах, - запярэчыў я.

- Аўтамабiлi купляюць не на тое, каб укласцi грошы, хлопчык, - заявiў Готфрыд, не пагаджаючыся. - Iх купляюць, каб пазбавiцца грошай. I вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякiм разе для камерсанта. У большасцi з iх яна нават на тым i канчаецца. Як думаеш, Ота?

- Ты ведаеш... - асцярожна пачаў Кёстэр.

- Што тут доўга гаварыць, - перабiў я яго. - Гэта - рэклама курорта альбо элiксiру прыгажосцi, але не аўтамабiля.

Ленц хацеў нешта сказаць.

- Хвiлiнку. Ты лiчыш, што мы прыдзiраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!

Юп быў наш адзiны падсобнiк. Гэта быў падлетак пятнаццацi год - накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносiў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацiнневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калi б Юп упаў з самалёта, з iм нiчога не здарылася б. Ён лёгка спусцiўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклiкалi яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.

- Ты зацiкавiўся б такой машынай, Юп? - спытаў Кёстэр.

- Машынай? - перапытаў Юп.

Я засмяяўся.

- Вядома, машынай, - буркнуў Готфрыд. - А ты думаў, што конiкам-дзёгцiкам?

- А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кiравання i гiдраўлiчны тормаз? - спытаўся Юп спакойна.

- Авечая галава, гэта ж наш "кадзiлак", - гыркнуў Ленц.

- Не можа быць, - усумнiўся Юп i вышчарыўся на ўвесь рот.

- Бачыш, Готфрыд, - сказаў Кёстэр. - Вось яна - сённяшняя рамантыка.

- Кацiся зноў да сваёй калонкi, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.

Ленц у сапсаваным настроi знiк у майстэрнi, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласцi, надаць аб'яве крыху тэхнiчнай канкрэтыкi.

Праз некалькi хвiлiн у дзвярах раптам з'явiўся старшы iнспектар Барзiг. Мы сустрэлi яго вельмi пачцiва. Ён быў iнжынер i эксперт страховачнага таварыства "Фенiкс", вельмi ўплывовы чалавек пры атрыманнi заказаў на рамонт. У нас з iм былi выдатныя адносiны. Праўда, як iнжынер ён быў сапраўдны д'ябал, якi нiчога не прапусцiць, але як збiральнiк матылькоў - хоць да раны прыкладай. У яго была вялiкая калекцыя, i мы падаравалi яму аднойчы тоўстага матыля, якi ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калi мы ўручылi яму гэтую жывёлiну, Барзiг збялеў i набыў урачыстасць. Гэта быў матыль "мёртвая галава" - незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыi. Ён нам гэтага нiколi не забываў i забяспечваў нас з той пары рамонтнымi работамi пры першай жа магчымасцi. А мы яму лавiлi ўсялякiх матылёў.

- Чарачку вермуту, пан Барзiг? - спытаў Ленц, якi зноў аказаўся каля нас.

- Днём не п'ю. Жалезны прынцып.

- Прынцыпы трэба парушаць, iнакш ад iх нiякай радасцi, - заявiў Готфрыд i налiў. - За шчаслiвую будучыню "паўлiнавага вока" i "жамчужнiцы"!

Барзiг нейкi час вагаўся.

- Калi вы так просiце, не магу адмовiцца, - сказаў ён i падняў чарку. Але тады вып'ем i за маленькiя "бычыныя вочкi".

Ён сарамлiва заўсмiхаўся, быццам выказаў штосьцi непрыстойнае пра жанчыну.