Выбрать главу

- Ты ідзі, я з імі пабуду, - сказала яна сыну і пайшла наўздагон унукам.

Ноччу яна прыйшла пасядзець каля іх - хацелася ёй зведаць і такую радасць. Салодкім моцным сном спалі Ўсяслаў і Брачыслаў. Маці Анастасся пацалавала ўнукаў, паслухала ціхае дыханне, паправіла коўдру... Ці даўно вось гэтак жа плячо ў плячо засыналі яе браты? Што чакае гэтых Усяслава і Брачыслава? Што накавана ім ў наступаючых гадах? Так, ідуць наперад пакаленні, і таму слабне мінулае перад наступным, як нядужыя старыя супроць маладых; кароткія правы мае мінулае, не трывожаць жывых незнаёмыя цені даўніх пакутнікаў. Спяць гэтыя малечы, сняцца ім свае сны, няма і не будзе ім спагады да яе няшчасцяў. Нашто ім няшчасная бабка? Як ганарыцца дзедам, які сам упусціў удачу? Чаго сам не зрабіў, наступнікі за цябе не зробяць - у іх свая мэта. Вось і гэтыя дзеткі абяруць сабе мэту, яны будуць імкнуцца да яе, цярпець, радавацца, біцца - магчыма, ім пашчасціць... А зараз у іх няма мэты, зараз яны жывуць самае лепшае жыццё - сваё, і калі глядзіш на іх, калі кранаеш іх, здаецца, што кранаеш далёкі будучы час, у які прыйдзеш гэтым пяшчотным датыкненнем... А мая маці, падумала Анастасся, такой радасці не пазнала. Не пабачыла яна сваіх унукаў, няма на іх следу яе вуснаў. Я шчаслівейшая, я зведала, вось сяджу каля ўнукаў...

Удзень яна пайшла з імі ў лес, на запаветныя паляны. А праз дзень павезла іх на луг, дзе гуляла з бабкай Прадславай у забыты ўсімі час... І ніякай іншай справы, апроч прагулянак з дзецьмі, у яе не было; пра іншае з ёй размову не заводзілі; маці Анастасся зразумела, што яна для ўсіх часовая госця. Вось пацешыцца ўспамінамі, пагасцюе і збярэцца ў зваротны шлях. Кожны вечар Анастасся чакала, што сын скажа: «Маці, здымі расу. Ты нарадзілася тут, жыві годна!» Але ён, сустракаючы яе, памоўчваў.

Вычакаўшы два тыдні, ён усё ж прыйшоў да яе з прапановай. Яна адчула, што ён прыняў рашэнне. Гледзячы неяк ўбок, сын спытаў:

- Дзе зрубіць табе келлю, маці?

- Келля ў мяне ёсць, - адказала яна. - У Заслаўі. А тут нашто мне келля?

- Хто ж вызваліць цябе ад зароку служыць Хрысту? - спытаў ён, надаючы пытанню значнасць.

- Хіба я сама пастрыглася? - спытала яна. - Калі раздзенуць чалавека злодзеі, ды што, яму ўсё жыццё голым хадзіць? Зарок за мяне грэк Кірыла даваў, я новаму богу не служу. Вось і мне ад цябе не келля патрэбна.

Сын уздыхнуў.

- Я падумаю, - сказала яна, каб не цягнуць дарэмную размову. - Падумаю і адкажу.

Ды пра што думаць пасля такога зняважлівага пытання? Што рабіць у Полацку чарніцы Анастассі? Хадзіць на бацькоўскі курган? Дык усе яны, што ляжаць там, жывыя ў яе памяці. Хадзіць перад унукамі прыкладам пакоры - не дадасць ім гордасці такі прыклад. Хадзіць перад палачанамі сведчаннем перамогі новага бога над старымі - новая пакута. Келля ў Полацку - гэта і будзе адварот ад сябе, ад сваіх жыццяў. «Час мне ісці!» - вырашыла маці Анастасся.

Ранкам яна зайшла развітацца да Руты. Не вернецца яна ў Полацак, і Рута не вернецца ў Заслаўе; апошні раз бачыліся яны ў гэтым жыцці.

- Вяртаюся, - сказала Анастасся, углядаючыся ў твар даўняй сяброўкі. - Больш нам не сустрэцца.

- Так, княгіня, вяртайся, - кіўнула Рута. - Нашто табе тут? Бяда за табой ходзіць. Два мае мужы праз цябе загінулі. Я ведаю - ты Рудога пасылала. Не вінавачу цябе, - яна ўздыхнула, перамогшы, можа, сваю крыўду. - Але баюся... Бывай!

Вось і яшчэ адзін чалавек - некалі самы блізкі і любімы - адарваўся ад яе назаўсёды.

- Бывай! - сказала маці Анастасся.

Потым зайшла яна ў камору да сляпцоў.

- Бывайце, людзі! - развіталася Анастасся. - Адыходжу сёння.