Дан приказ: ему на запад…
Нічога асаблівага не было ў яе спеве — танклявы, слабы, «бясколерны», як сказаў адзін музыка, голас. Але батарэя раўла ад захаплення. Біс крычалі так гучна, што чуваць, напэўна, было далека. Бо раптам, бліснуўшы ў хмарах, на нас, як шабля, упаў прамень пражэктара. Дзіўна выглядала ўся гэтая карціна — слухачы i спявачка — у белым, яркім святле. Асабліва спявачка. Я апынуўся ў цені, па-за праменем, i лепш, чым іншыя, бачыў яе — у ботах, кароткім шынялі, без шапкі, шапку яна трымала ў руцэ… Дзівосныя былі яе валасы: ненатуральна белыя ўдзень, яны ў святле пражэктара сталі блакітныя i, здавалася, ззялі.
Свяціў ваенны карабель. Свяціў доўга — секунд сорак, відаць, i там пражэктарысты любаваліся ёй. I ўвесь тэты час не сціхалі апладысменты. Яна бянтэжылася, жмурылася, закрывала твар рукой, хацела збегчы з пляцоўкі, але камісар утрымаў яе за руку.
Калі пражэктар згас, яна спявала валагодскія прыпеўкі.
Колькі гарачых размоў было пасля канцэрта! Хлопцы мае ап'янелі: забыліся на стомленасць, вочы блішчалі, гаварылі голасна, перапынялі адзін аднаго, смяяліся.
— Адна жанчына, a колькі шуму! — сказаў Астахаў з усмешкай дарослага, які апынуўся сярод дзяцей, i пажартаваў: — Недарма Сталін гаворыць: жанчына — вялікая сіла.
— О жанчыны! — як бы ў роспачы прастагнаў Фрыд. У добрым настроі ён заўсёды крыху тэатральны.
— У мяне, хлопцы, пяць сясцёр, а я адзін, — раптам паведаміў Муха, пра гэта ён раней маўчаў. У любы іншы час Чарняк, востры на слова, не прамінуў бы, каб не пакпіць з Мухі, якога недалюбліваў. Але тут папаўся сам: раптам, без дай прычыны, прызнаўся:
— Скончыцца вайна, вярнуся дадому — адразу ж ажанюся.
З яго пасмяяліся.
Я маўчаў.
Байцы радаваліся, а мне рабілася чамусьці сумна.
Астахаў сказаў:
— Чаму, камандзір, нахмурыўся? Калі i ў такія хвіліны хмурыцца, цяжка будзе ваяваць…
Ужо многія гавораць так: замест жыць — ваяваць. Быццам нам наканавана ваяваць усё жыццё.
Вячэралі з большым, чым звычайна, апетытам, хоць меню тое ж — аўсяная каша i салёная траска, якая страшэнна абрыдла. А пасля вячэры ў зямлянку нечакана зайшла яна, ваенфельчар. Хто з хлопцаў прылёг — адразу ўсхапіліся; спім мы, не раздзеючыся, i нават разувацца мае права толькі палавіна разліку.
Яна крыху збянтэжылася i як бы пачала апраўдвацца:
— Ішла з кухні, вырашыла паглядзець, як у вас тут, на новым месцы. — Агледзелася навакол. — Што ж, прасторна, чыста. Можна жыць…
Фрыд прыбавіў агню ў «маланцы», зробленай са снарада МЗА[3].
Астахаў ветліва запрасіў, падставіўшы табурэцік, які сам змайстраваў:
— Сядайце, таварыш ваенфельчар!
Яна села i спытала, як спадабаўся канцэрт.
— О, о! Цуд!
— Вы нам падаравалі столькі прыемных хвілін… — надзіва красамоўна пачаў хваліць яе Муха — гэткі галантны кавалер.
— А вам, Шапятовіч, не спадабалася? — звярнулася яна да мяне.
— Мне? Я сам удзельнічаў у канцэрце i, як няўдалы акцёр, цяпер перажываю…
— Што вы, камандзір! Вы добра чыталі! — пачалі суцяшаць мяне хлопцы.
Яна засмяялася i раптам прапанавала:
— Давайце разам праспяваем што-небудзь. Я люблю спяваць.
Заспявалі «Там, вдали за рекой». Але большасці з нас, як кажуць, «мядзведзь наступіў на вуха». Выходзіла не надта складна, хоць словы ўсе ведалі. Я прапанаваў паклікаць Сеню Пясоцкага i Віктара Вальнова з гітарай. Яны прыйшлі, i ўсё пайшло на лад. Што-што, а весялосць гэтыя хлопцы ўмеюць арганізаваць. Сабралася дружная кампанія добрых сяброў, звязаных цяпер нечым большым, чым звычайная дружба, вясёлая дзяўчына прынесла з сабой тое, чаго не хапала нам многія месяцы, — паэзію ў спевах, высакародства ў жартах. Мы спявалі ўсе разам i па чарзе, хто што ўмеў. Разам — рускія песні; я, Сеня i Чарняк — беларускія, Фрыд праспяваў яўрэйскую — у яго тонкі слых i добры голас. Віктар зноў чытаў Ясеніна. Антаніне спадабалася; яна прызналася, што раней не любіла вершаў.
У зямлянцы зрабілася душна. Мы адчынілі дзверы.
I раптам у праёме ix, унізе, куды падала святло, з'явіліся наглянцаваныя хромавыя боты. Злосны бас з вышыні кінуў словы-загад:
— Што тут за вечарынка? Дэмаскіравалі ўсю пазіцыю! Спаць! Сяржант Шапятовіч!
— Слухаюся, таварыш малодшы лейтэнант!
Гэта Сцяпан Кідала, дзяжурны камандзір. Ён знік, не заглянуўшы, не паказаўшы твару.
Груба абарвалі нашу весялосць. Мне зрабілася да слёз крыўдна. Ды i ўсім іншым было няёмка перад дзяўчынай. Усе маўчалі.
Яна сказала, апранаючы шынель:
— Жыццё ваеннае…