Выбрать главу

13 снежня

— Камандзір! Да камісара! — крыкнуў дзяжурны, адчыніўшы дзверы зямлянкі. Быў позні вечар, i я ўжо спаў. Падхапіўся. Апранаў кажушок, зашпільваўся i падпяразваўся на хаду. На сцежцы да афіцэрскай зямлянкі дагнаў амаль усіх сваіх калег — камандзіраў аддзяленняў.

— Што здарылася, хлопцы?

— Можа, зноў перадыслакацыя?

— Хопім гора ў такую сцюжу, калі так. Да металу дакрануцца нельга.

Мароз трашчаў. Але з заліва ўзнімаўся густы туман i ахутваў усё наваколле. Гэты туманны мароз — самы зябкі i непрыемны. Вартавы ў двух кажухах, ватніках i валёнках не можа пастаяць больш за паўгадзіны.

— Выклікае камісар, значыцца, нейкая палітыка.

На здзіўленне ўсім нам, дзверы зямлянкі адчыніў сам Сеўчанка i весела закамандаваў:

— Залятайце куляй! А то холаду напусціце.

Ускочыўшы разам з клубамі марознай пары ў зямлянку,

нехта пачаў дакладваць:

— Таварыш палітрук! Па вашаму загаду…

— Ша, — адказаў аднекуль з цёмнага кутка камісар. — Слухайце!

Ціха гаварыла радыё. Але голас дыктара, незвычайны, урачысты, прымусіў усіх нас адразу застыць на месцы, стаіць дыханне.

«…у папярэдніх баях, перайшлі ў наступление супроць яго ўдарных флангавых групіровак. У выніку пачатку наступления абедзве гэтыя групіроўкі разбіты i хутка адыходзяць, кідаючы тэхніку, узбраенне i несучы вялізныя страты…»

«Перамога! Перамога!» — застукала маё сэрца так моцна, што ажно балюча аддало ў скроні. Хацелася крыкнуць гэтае найлепшае слова ў свеце.

Дыктар скончыў.

Камісар дрыжачым ад хвалявання голасам спытаў:

— Зразумелі ўсё, таварышы камандзіры?

Я выгукнуў у адказ:

— Перамога! Таварышы! Сябры мае дарагія! Перамога!

I абняў Сеню, які стаяў побач, пацалаваў у шчаку. Ніхто не засмяяўся з такога выяўлення пачуццяў.

Камісар абышоў нас i кожнаму паціснуў руку:

— Віншую вас! З поўным разгромам гітлераўскіх армій пад Масквой!

A Сеўчанка сядзеў на ложку, расчырванелы, у расшпіленай гімнасцёрцы, i выказваў сваё захапленне з большым, чым звычайна, украінскім акцэнтам:

— О цэ показалы Гітлеру Маскву! А шчо, з'іў, гад паўзучы? Маскву захацеў? Не на тых напаў, смярдзючы пёс! Мы табе не таку шчэ кузькіну маты пакажэмо! Нэба табе здасца ў аўчынку. А нашы якія малайцы! А? Ей жа богу, шкадую, шчо я не там сьогодні!..

— Кожны на сваім месцы памог гэтай перамозе!..

Потым па радыё заспявалі «Свяшчэнную вайну». Віктар

Вальноў падхапіў песню, i мы ўсе разам праспявалі яе, як гімн.

— А цяпер ідзіце i раскажыце байцам!..

Ужо з парогa сваёй зямлянкі я весела закрычаў:

— Пад'ём!

Ад каманды такой адвыклі, бо паўгода нас падымае слова «Трывога!».

Муха, самы нервовы i чулы ў сне, узняў галаву i незадаволена прабурчаў:

— Што там такое?

— Перамога, хлопцы!

Адразу ўзляцелі пад столь зямлянкі кажухі, падхапіліся ўсе, нават Габаў, якога часта па трывозе мы выносілі i кідалі ў снег, каб прачнуўся.

— Якая? Дзе?..

Да позняй ночы не маглі ўціхамірыцца байцы. Выслухаўшы гэтую радасную навіну ад мяне, расказвалі яе адзін аднаму. Прыйшоў з паста Астахаў — усе разам расказвалі яму. Змяніўся Чарняк — зноў пачалі спачатку, уважліва разглядалі карту, хоць на ёй, акрамя Кліна, не было ніводнага з вызваленых гарадоў.

Пачаўся новы дзень. I хоць ён палярны, вельмі кароткі, сонца, ведаем, не пакажацца да студзеня, усё роўна здаваўся святлей за ўсе папярэднія: яго асвятляла перамога пад Масквой. Мы віталі яго…

I ў такі дзень было горка i балюча бачыць, як прыляцелі «месеры» i ў паветраным баі збілі два нашыя самалёты. Праўда, самалёты не нашы — англійскія «харыкейны», але лётчыкі на ix нашы. Адзін выскачыў з парашутам, але — перадалі нам з НП — прызямліўся мёртвы: фашысцкі звяруга застрэліў яго ў паветры. Ух, каты! Мы радаваліся, калі паўмесяца назад над горадам пачалі баражыраваць «харыкейны» — падмога! Але радасць наша тухне. Часта ix збіваюць. Хто-ніхто спрабуе гэта вытлумачыць тым, што нашы лётчыкі не ўправіліся асвоіць чужую тэхніку. А па-мойму, глупства! Не падабаюцца ўсім нам гэтыя машыны з доўгімі i чорнымі, як дамавіны, фюзеляжамі. Вельмі ж яны нейкія нязграбныя, непаваротлівыя i цяжкія, асабліва калі бачыш ix побач з нашымі срэбракрылымі «мігамі», з якімі фашысты нават баяцца ўступаць у бой.

Сёння ўзнялася тройка ix на дапамогу «харыкейнам», i адразу нашы сувязісты пачулі па радыё:

— Ахтунг! Ахтунг! Сафоноф ін дэр люфт!..[8]

I «месеры» зніклі. Вось нагнаў ім страху Сафонаў!

вернуться

8

Увага! Увага! У паветры Сафонаў!.. (ням.).