Выбрать главу

«Трывожным» было шчасце знаёмых нам ужо герояў i ў аповесці «Пошукі сустрэчы» (1959). «Сэрца маё! Каханве маё! Вядзі ж мяне правільна!» — такое жаданне поўніць Сашу, якая жыве надзеяй на сустрэчу з каханым. «I рантам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом». Вяртанне да сям'і становіцца для Шапятовіча складаным унутраным выпрабаваннем. Яму балючадумаць, што «чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуюцца любоў i вернасць…» A ўсё гэта адбываецца праз недавер да Сашы, маўляў, тая «магла здрадзіць яму — Пятру». «I пра Лялькевіча думаў, раўнаваў, пакутаваў». Адносіны некалі так моцна закаханых людзей далі расколіну, аднак Пятро i Саша прайшлі цяжкую дарогу да прымірэння, сямейнай згоды i яднання, здолелі захаваць вернасць сабе, не далі абставінам зруйнаваць ix пачуцці.

У заключнай аповесці «Мост» (1963) героі ўступаюць у новую паласу жыцця. Пісьменнік паказвае, як пасля вайны людзі вярталіся да працы, уключаліся ў адбудову вёскі, наладжвалі побыт. I. Шамякін не прыхарошваў рэчаіснасць, імкнуўся праўдзіва паказаць жыццёвыя цяжкасці i праблемы, нават завастраў ix. Тагачасная крытыка аддавала пісьменніку належнае за творчую смеласць. «Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі i пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту…» — пісаў В. Быкаў у рэцэнзіі пад красамоўнай назвай «Улада праўды» (1965).

Рэальныя складанасці часу i жыцця, ix драматызм востра бачыць старшыня калгаса Панас Грамыка, які спрабуе зразумець прычыны такога стану рэчаў, калі «і ворага няма перад табою, хіба пагода адна ды вось запусценне ваеннае, a ідзем мы — не ідзем, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа дадь…» Шапятовіч хоць i не здольны гэтак жа крытычна ўспрымаць рэчаіснасць, але ён пагаджаецца з меркаваннямі Грамыкі. Не заўсёды, аднак, ён намагаецца праверыць словы жыццём, як бы ўнікае вострых «вуглоў», канфліктаў. Шапятовіч усё ж асоба іншага складу: у душы гэты герой застаецца летуценным i шчырым ідэалістам, чалавекам мэтаімкнёным, ён жыве верай «у заўтрашні дзень, у шчасце», у тое, што на зямлі перамагае дабро. Гэтае шчасце для Пятра сімвалізуе мост, пра пабудову якога ён марыць як пра штосьці найпрыгажэйшае ў свеце. Пісьменнік стварыў два адрозныя тыпы характараў: рэаліст, прагматык Грамыка i рамантычная натура Шапятовіч, якія то кантрастуюць між сабой, то дапаўняюць адзін аднаго.

У абставінах пасляваеннага жыцця яшчэ глыбей раскрываецца асоба Сашы. Яна пастаянна «на візітах», г. зн. наведвае хворых, з сардэчнай чуласцю ставіцца да людзей, i тыя таксама шануюць сваю фельчарку. A галоўнае — Саша поруч з мужам, клапоціцца пра сваю сям'ю як штосьці самае дарагое i незаменнае ў свеце.

А. Адамовіч адзначаў, што «аповесць у цэлым настройвае чытача на роздум куды больш глыбокі i сур'ёзны». Роздум гэты датычыць пакалення, якое мужна перанесла «агонь i снег» вайны i не страціла сваёй чалавечнасці, якое прасвятлілася радасцю перамогі i ўсклала на свае плечы цяжар пасляваеннага жыцця, якое не спасавала перад нягодамі, выстаяла, вытрымала ўсе выпрабаванні i засталося адданым высокім ідэалам свайго юнацтва i маладосці. Роздум выводзіць нас да важных філасофскіх з'яў i паняццяў — сям'я, народ, радзіма, шчасце, каханне, абавязак, вернасць… «Народ — такая сіла, што ўсё адужае», — адна з жыццёва значных думак, па-мастацку сцверджаных у творы.

Стыль пісьменніка ў «Трывожным шчасці» ўражвае шырынёй дыяпазону, ён спалучыў вытанчаны лірызм i рэалістычна-аналітычнае даследаванне жыцця, псіхалогіі чалавека. Асаблівую адметнасць кнізе аповесцей надаюць пейзажныя малюнкі — паэтычныя, вобразныя, жывапісныя. Краявіды i чалавек у Шамякіна — гэта адзінае арганічнае цэлае, таму прырода дапамагае выявіць настрой герояў, ix характар, думкі i адчуванні, глыбока духоўныя адносіны аўтара да свету.

«Трывожнае шчасце» — першая пенталогія ў нацыянальнай мастацкай прозе — стала адным з самых значных творчых дасягненняў I. Шамякіна i ўсяго беларускага слоўнага масгацтва XX стагоддзя. Аўтар называў яе сваім любімым творам. Гэтаё пяцікніжжа — своеасаблівае літаратурнае Евангелле ад беларускага пісьменніка-гуманіста пра духоўную годнасць i трываласць сапраўдных людзей, ix глыбокую адданасць вечным каштоўнасцям жыцця.

Алесь Бельскі,

доктар філалагічных навук, прафесар

Непаўторная вясна