Выбрать главу

Судовыя паядынкі атрымалі шырокае распаўсюджанне ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў тых краях, дзе турніры ў сваёй класічнай форме не атрымалі прызнання. Так, напрыклад, яны былі добра вядомыя ў ХVІ ст. у Маскоўскай дзяржаве. Судовыя паядынкі тут звычайна пачыналіся, як у заходнееўрапейскіх турнірах, з сутычкі на коп’ях, пасля чаго праціўнікі пускалі ў ход іншую зброю. Відавочца падзей, пасол германскага імператара Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што “яны могуць выстаўляць замест сябе на паядынках якую заўгодна асобу, так сама і абодва могуць запасціся якой заўгодна зброяй, акрамя пішчалі і лука. Звычайна на іх бываюць падоўжаныя даспехі, часам двайныя, кальчуга, наручы, шлем, кап’ё і нейкае жалеза ў руцэ [накшталт кінжала, але] завостранае з абодвух канцоў, трымаючы яго ў руцэ, яны дзейнічаюць ім так спрытна, што пры любым сутыкненні яно не перашкаджае і не выпадае з рук. Але збольшага яго ўжываюць у пешым баі”.

Адметнасць правядзення судовых паядынкаў у Маскоўскай дзяржаве ў параўнанні з турнірнай практыкай складала і тое, што тут не забаранялася дапамога паядыншчыкам з боку іх паплечнікаў. Па словах Герберштэйна, “У кожнага ж з бакоў ёсць шмат сяброў і прыхільнікаў, гледачоў на полі бою, але ў іх няма ніякай зброі, акрамя калоў, якўя часам і пускаюцца ў справу. Бо калі высветліцца, што што аднаму з тых, што б’ецца, нанесена якая-небудзь крыўда, то абараніць яго збягаюцца ягоныя староннікі, а затым і староннікі яго праціўніка, і такім чынам паміж двума бакамі, да задавальнення гледачоў, завязваецца бой: яны цягаюць адзін аднаго за валасы, б’юцца кулакамі, палкамі і абпаленымі каламі”.33

Парадак правядзення турніраў

Для правядзення турніраў, як правіла, арганізоўвалася спецыяльнае месца – рысталішча (у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім яно называлася “шранкі”). Гэта магла быць плошча ў горадзе, замкавы дзядзінец ці агароджаны ўчастак прастакутнай формы ў адкрытым полі. З цягам часу бар’ер стаў рабіцца двайным, а паміж бар’ерамі змяшчаліся слугі, якія дапамагалі выбітым з сядла рыцарам і воіны, не дапускаўшыя на поле натоўп. Для змяншэння рызыкі траўматызма рысталішча пасыпалі пяском і саломай. Пры правядзенні групавых турніраў рысталішча падзялялася двума нацягнутымі канатамі, якія перасякаліся перад пачаткам спаборніцтваў.

Уздоўж аднаго з даўжэйшых бакоў рысталішча ўзводзіліся трыбуны для гледачоў. Калі турніры праводзіліся ў горадзе, гледачы маглі, за пэўную плату, назіраць за яго правядзеннем з вакон дамоў размешчаных на плошчы. Калі турніры арганізоўваліся спантанна, напрыклад падчас аблогі непрыяцельскіх замкаў і гарадоў, месца для іх магло спецыяльна не абсталёўвацца. Здараліся таксама выпадкі правядзення турнірных гульняў у вялікіх залах.

Да ўдзелу ў турнірах дапускаліся толькі асобы шляхецкага паходжання. Таму кожны ўдзельнік павшнен быў даказаць суддзям і герольду сваё высакароднае паходжанне ў двух пакаленнях па бацькоўскай і мацярынскай лініі. Сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляліся і да маральных якасцяў прэтэндэнтаў на ўдзел у турніры.

Вялікая ўвага звярталася на тое, каб зброя ўдзельнікаў, асабліва коп’і, былі аднолькавых памераў. Нават коней стараліся падбіраць аднаго роста, бо такім чынам для праціўнікаў ствараліся аднолькавыя ўмовы і вынік спаборніцтва залежаў толькі ад якасцяў кожнага канкрэтнага рыцара.

Існаваў шэраг агульных патрабаванняў пры правядзенні турніраў – забарона знарок калечыць каня праціўніка, ужываць барцоўскія прыёмы, наносіць удары ніжэй пояса, нападаць на рыцара, у якога быў збіты шлем, атакаваць праціўніка ззаду. Наадварот, узнагароджваліся прызамі такія дзеянні ўдзельнікаў, як выбіванне праціўніка з сядла ці збіванне яго на зямлю разам з канём, неаднаразовае траплянне ў наканечнік кап’я праціўніка ці візуру ягонага шлема, максімальная колькасць зламаных коп’яў, як мага большая працягласць знаходжання ў бітве.34

Нюансы арганізацыі турнірных гульняў маглі ў розных краінах вар’іравацца. Лічыцца, што найбольш строгімі і дэталёва распрацаванымі турнірныя правілы былі ў Германіі.35 Аднак у цэлым у часы позняга Сярэднявечча яны былі падобныя ва ўсёй Еўропе.