Выбрать главу

Калі ж гаварыць пра еўрапейскае сярэднявечча, то і тут правобразы турніраў мажна напаткаць задоўга да ХІ ст. Прынамсі баі, рэгламентаваныя пэўнымі правіламі, праводзіліся ўжо ў ІХ ст. Менавіта сярэдзінай гэтага стагоддзя, а менавіта 844 г. датуюцца зафіксаваныя ў хроніцы пляменніка Карла Вялікага Нейтхарта паказальныя спаборніцтвы воінаў Людовіка Нямецкага і яго брата Карла Лысага, падзеленых на роўныя па колькасці атрады. Яны “сыходзіліся на спецыяльна выбраным з гэтай мэтай месцы і ў прысутнасці народа, які цясніўся з усіх бакоў, вялікія атрады саксаў, гасконцаў, аўстразіеў і брэтонцаў кідаліся хутка адзін на аднаго з абодвух бакоў; затым адны з іх паварочвалі сваіх коней і, прыкрыўшыся шчытамі, шукалі паратунку ва ўцёках ад напору ворага, які пераследваў уцекачоў; нарэшце, абодва каралі, акружаныя выбранай моладдзю, кідаліся адзін на аднаго, выставіўшы коп’і наперад, і, імітуючы хістанні сапраіднай бітвы, то той, то іншы бок кідаўся на ўцёкі”. Верагодна, што такія спаборніцтвы мелі працяг і ў Х ст.

Самая ранняя ўзгадка пра турніры ХI ст. датуецца 1062 г., калі падчас аблогі два рыцары змагаліся паміж сабой на вачах у варагуючых армій. Адзін з удзельнікаў загінуў. Прыз чатыры гады, у 1066 г. загінуў на турніры і згаданы Готфрэй дэ Прэйі, які ўнёс у парадак правядзення такіх мерапрыемстваў пэўную сістэму.У гэты час турніры мала чым адрозніваліся ад сапраўднага бою. На іх можна было выкарыстоўваць любую зброю, у тым ліку далёкага бою, менш, чым у пазнейшыя часы, звярталася ўвагі на сацыяльную прыналежнасць удзельнікаў, рытуал і ўрачыстую атмасферу правядзення. Мэтай такіх сутыкненняў было не знішчэнне праціўніка, а захоп яго ў палон з далейшым атрыманнем выкупа.3 Аднак выпадкі гібелі ўдзельнікаў былі на ранніх турнірах звычайнай справай. Гэтаму спрыяла адсутнасць спецыяльных ахоўных правілаў, адпаведных прыстасаванняў, а таксама выкарыстанне звычайнага баявога рыштунка і зброі. У 1175 г. у Германіі на турнірах загінула 17 рыцараў, а толькі на адным турніры, арганізаваным у 1240 г. у Нойсе каля Кёльна пазбавілася жыцця ажно 60 чалавек.4

Радзімай сярэднявечных турніраў у поўным сэнсе гэтага слова былі Германія і Францыя. Толькі пачынаючы з ХІІ ст. турніры пранікаюць у Англію, дзе турніры яшчэ ў 1194 г. называліся “французскімі баямі”, Італію і іншыя краіны Еўропы. Неўзабаве яны дасягаюць краёў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У 1220 г. такія формы баявых практыкаванняў з’яўляюцца ў Венгрыі, у 1243 г. – на Шлёнзку (у Сілезіі), у 1250 г. – у Чэхіі і г.д.5 У Польшчы росквіт турніраў прыпаў на перыяд канца ХІV – ХVІ ст., які ў цэлым супаў з панаваннем дынастыі Ягелонаў. У гэты ж час да турнірнай практыкі далучаюцца феадалы саюзнага з Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ на пачатку ХV ст. на турнірах, што адбываліся пры дварах еўрапейскіх манархаў, можна было сустрэць прадстаўнікоў балканскіх народаў – баснійцаў, сербаў, балгараў, албанцаў і г.д., захопленых пазней туркамі-асманамі.6 Баявыя гульні, якія набліжаліся да заходнееўрапейскіх турніраў, былі распаўсюджаны таксама на землях Русі.7

Тым не менш, распаўсюджанне турніраў сутыкалася з сур’ёзнымі абмежаваннямі з боку як свецкіх, так і духоўных улад. Каралі і іерархі каталіцкага касцёлу небезпадстаўна разглядалі баявыя гульні не толькі як эфектыўны сродак падрыхтоўкі да вайны, але і як не менш “эфектыўны” сродак вынішчэння найбольш баяздольнага рыцарства ў мірны час. У Англіі, напрыклад, турніры былі забаронены ажно да 1194 г. і толькі Рачард І Львінае Сэрца дазволіў іх правядзенне. Прычым праводзіцца яны маглі толькі ў спецыяльна вызначаных пяці месцах, а ўдзельнікі павінны былі ўносіць у каралеўскі скарб плату, памеры якой залежала ад іх сацыяльнага статуса. Іншаземным рыцарам удзел у турнірах, праводзімых на тэрыторыі Англіі, забараняўся. Асобы, якія б прымалі ўдзел у турніры без спецыяльнага дазволу, разглядаліся як злачынцы супраць Кароны і Касцёлу з прымяненнем супраць іх адпаведных санкцый, ажно да пазбаўлення маёнткаў і праклёну. Аднак забаронныя меры не заўсёды прыносілі чаканыя вынікі. Вільям з Невоны пісаў, што англійская рыцарская моладзь, пазбаўленая магчымасці змагацца на турніры і Англіі, рабіла гэта на кантыненце.

Аднак там аматары рыцарскіх прыгод таксама не заўсёды маглі адчуваць сябе вальготна. У Францыі турніры забараняліся каралямі Людовікам ІХ Святым (1214—1270) і Філіпам ІV Прыгожым (1268—1314), якія гразілі апалай тым, хто прымаў у іх удзел пад час праводзімых сеньёрам войнаў. Гэтая апошняя пагроза тлумачылася цалкам рэальнай небяспекай, якая ўзнікала ў выпадку ад’езду рыцарства з войска для ўдзелу ў турніраў, якія маглі цягнуцца досыць доўга. Аднак нават такія меры ўяўлялўся недастатковымі. У 1312 г. Філіп Прыгожы наогул забараніў сваім васалам удзельнічаць у турнірах як у самой Францыі, так і за яе межамі. Парушальнікам пагражалі турма, канфіскацыя гадавога ўраджая, баявых коней і ўзбраення.8