Выбрать главу

Коп’і, якія выкарыстоўваліся для сутыкненняў рэнэн, мелі вострыя, часам злёгку прытупленыя наканечнікі. Маса такіх коп’яў была меншая, чым у экземпляраў, прызначаных для гештэха – каля 14 кг, даўжыня – да 380 см. Дыяметр дрэўка ў самай тоўстай частцы даходзіў да 7 см.96

Да асобай групы турнірнага рыштунку належаць элементы т.зв. гарнітураў, якія дазваляюць ператварыць звычайныя баявыя даспехі ў турнірныя. Пад даспешным гарнітурам у сучасным зброязнаўстве разумеюць комплекс , які складаецца з пэўнай колькасці частак, выкананых і дэкараваных у адным стылі, з якіх можна скласці розныя тыпы даспехаў.97 Першыя даспешныя гарнітуры з’явіліся ў Германіі ў канцы ХV ст. Іх вынаходніцтва звязваецца з імем аўгсбургскага платнера Лорэнса Гелмшміда, які ў 1485 г. вырабіў першы такі камплект. Неўзабаве даспешныя гарнітуры былі належным чынам ацэнены і распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе, дзе паўставалі іх шматлікія мадыфікацыі.98

Ужываліся даспешныя гарнітуры і ў Вялікім княстве Літоўскім, прынамсі прадстаўнікамі феадальнай эліты дзяржавы. У арсенале раздзівілаўскага замка ў Нясвіжы часткі турнірных даспехаў захоўваліся да 20-х гг. ХХ ст.99 Са 130 пазіцый засцерагальнага ўзбарення, пазначаных у ілюстраваным каталогу 1926 г. па распрадажы зброі нясвіжскага арсенала, які праводзіла лонданская фірма Christie, 31 пазіцыя належала 44 часткам даспешных гарнітураў. Сярод іх — узмацняльныя нагруднікі, налакотнікі, падбароднікі і г.д., прызначаныя для збірання турнірных даспехаў розных тыпаў. Большасць з іх датуецца першай паловай XVI ст. і мае клеймы Аўсбурга і Нюрнберга.100

Найбольшую ўвагу сярод элементаў радзівілаўскіх гарнітураў прыцягваюць часткі трох камплектаў. Першы быў выраблены каля 1530 г. аўгсбургскім платнерам Кольманам Гелмшмітам, сынам славутага Лорэнса Гелмшміда. Ён належаў да т.зв. “поўдаспехаў з часткамі да пешага бою”. Для трансфармацыі звычайнага баявога даспеха ў турнірны да кірасы дадаваліся новыя шлем і пакрыцці рук, а таксама ахова ног. Для пешага бою выкарыстоўваўся шлем тыпа “армэ” з заслонай, а наручы мелі выгляд рукавоў з буфамі. Гэта было не торлькі данінай вельмі папулярнай у той час т.зв. “ландскнехтаўскай” модзе, згодна якой па ўсёй паверхні была таксама зроблена імітацыя характэрных разрэзаў. Такая канструкцыя “рукавоў” дазваляла засягнуць такога злучэння пласцін, якое не пакідала ніякіх шчылін і лакун, куды магла б патрапіць наступальная зброя праціўніка. Тое ж самае можна сказаць і пра ахову ног разам з тазам, якая нагадвала абціслае трыко. Дзякуючы гэтаму такія зброі атрымалі назву “трыковых”.101 Праўда такія даспехі абмяжохвалі свабоду рухаў, а сядзець у іх было зусім немагчыма, аднак гэта і не патрабавалася ў турнірнай сутычцы.102

Па ўсёй верагоднасці, згаданы даспешны гарнітур належаў вялікаму гетману літоўскаму Юрыю Радзівілу Геркулесу. Да сённяшняга дня захаваўся ўсяго адзін аналагічны даспех, выраблены тым самым майстрам для імперскага капітана Вільгельма фон Рогендорфа. Абодва гарнітуры залічваюцца даследчыкамі ўзбраення да лепшых узораў еўрапейскай платнерскай справы ХVІ ст. На сёняшні дзень наспіннік кірасы радзівілаўскага гарнітура разам з буфастымі рукавамі захоўваецца ў Музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку.

Найбольш вядомым гарнітурам, які неаднаразова прыцягваў увагу еўрапейскіх гісторыкаў сярэднявечнай зброі, з’яўляецца даспешны гарнітур Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён быў выраблены знакамітым нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам каля 1555 г. Розныя яго часткі зараз захоўваюцца ў розных вядомых музеях свету. Найбольшы фрагмент – поўдаспех, разам з адкрытым штурмгабам і поўнымі аховамі рук, знаходзіцца ў Музеі ўзбраення ў Вене. Туды ён трапіў з т.зв. “пантэона славы”, заснаванага ў замку Амбраз яшчэ ў канцы ХVІ ст. эрцгерцагам Фердынандам. Апошняму гэты фрагмент быў высланы сынам Мікалая Радзівіла Чорнага – Мікалаем Радзівілам Сіроткам 23.6.1581 г.103

Венскаму даследчыку Орвіну Гамберу ўдалося рэканструяваць канструкцыю гарнітура. Пры гэтым ён абапіраўся і на іншыя захаваныя элементы. Перш за ўсё, характар даспеха, што захоўваецца ў Вене, указвае на яго прыналежнасць да цяжкіх палявых даспехаў (ням. Stechküriss). У камплекце з імі выкарыстоўваліся не штурмгабы, а прылбіца армэ. У той жа час наяўнасць штурмгаба дазволіла О.Гамберу высветліць, што гарнітур прадугледжваў магчымасць збірання яшчэ і лёгкага палявога даспеха (ням. Feldküriss). Для гэтага звыклыя наплечнікі з крыллямі замяняліся на больш лёгкія, з акруглымі шчыткамі, ужывалася аблегчаная ахова ног, а таксама адзін з трох шлемаў – армэ, адкрыты ці закрыты штурмгаб. Камплект мог уключаць таксама круглы шчыт.