Выбрать главу

Накладны левы наплечнік (знаходзіцца ў нью-йоркскім Музеі мастацтва Метраполітэн) сведчыць, што звычайны палявы даспех можна было прыстасаваць для вольнага турніру. Для гэтага служылі таксама незахаваныя на сёняшні дзень накладныя ўзмацняльныя кіраса, левыя налакотнік і рукавіца, заменная рукавіца для правай рукі, накладкі на лобную і падбародачную часткі шлема.

Да гарнітура належалі таксама турнірная салада спецыфічнай канструкцыі (ням. Rennhut), з моцна высунутай наперад ніжняй часткай, забяспечанай шурупам (Артылерыйскі музей у Парыжы) і асіметрычныя ташкі (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн). Гэтыя дэталі прызначаліся для прыстасавання даспеха да т.зв. “саксонскага” турніра праз бар’ер. Апроч салады і ташак, для гэтага служылі не дайшоўшыя да нашых дзён яшчэ адна накладная кіраса, яшчэ адны ўзмацняльныя левыя налакотнік і рукавіца, масіўны падбароднік, які прыкручваўся да салады пры дапамозе шурупа, пара вузкіх наплечнікаў і грамоздкі наплечнік-тарча, што пакрываў ўсю левую палову тулава.

Акрамя чатырох відаў даспеха, гарнітур прадугледжваў поўнае пакрыцце каня, ад якога да нашых дзён захаваліся нагалоўнік (рашкоф) і адна з шыйных пласцін (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн).

У Музеі Метраполітэн захоўваецца яшчэ адзін амаль што цалкам камплектны турнірны даспех з нясвіжскай збраёўні, прызначаны для італьянскага сутыкнення праз бар’ер. Ён складаецца з накладной кірасы, пары вузкіх наплечнікаў, асіметрычнай ташкі, накладной тарчы і левага накладнога налакотніка. З элемнтаў, неабходных для стварэння адпаведнага варыянта даспехаў, адсутнічае толькі ўзмацняльная левая рукавіца і спецыяльная прылбіца армэ, замест якой маецца ў наяўнасці армэ ад цяжкога палявога даспеха. Даспех укамплектаваны таксама поўнымі пакрыццямі рук і аблегчанымі пакрыццямі ног. На падставе гэтага можна зрабіць выснову, што згаданы даспех належаў да гарнітура і прадугледжваў стварэнне лёгкага і цяжкога палявых даспехаў, а таксама двух турнірных даспехаў – для італьянскага сутыкнення праз бар’ер і для вольнага турніра. Для апошняга прызначаўся спецыяльны накладны падбароднік, таксама захаваны ў зборах Музея Метраполітэн, накладныя левыя наплечнік і налакотнік. На думку польскага даследчыка З.Фуіньскага, гарнітур мог быць выраблены ў другой палове ХVІ ст. у Італіі.104

На сённяшні дзень сказаць, наколькі распаўсюджанымі былі спецыялізаваныя турнірныя даспехі нават сярод заможных феадалаў Вялікага княства Літоўскага, не ўяўляецца магчымым. Спарадычныя, выключна скупыя і фрагментарныя звесткі дазваляюць меркаваць, што яны трапляліся не толькі ў арсеналах вялікага князя і Радзівілаў. Так, у сярэдзіне ХVІ ст. гетман Вялікага Княства Рыгор Хадкевіч набываў турнірны рыштунак для сваіх сыноў у прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна, прапануючы ўзамен некалькі літоўскіх коней, якія, відаць, даволі высока цаніліся ў Еўропе.105 Аднак несумненна, што дазволіць сабе такую раскошу, як пакупку каштоўнай, але не жыццёва важнай турнірнай зброі, маглі толькі прадстаўнікі абмежаванага кола феадальнай эліты дзяржавы. Астатнія, у выпадку патрэбы, мелі магчымасць прыняць удзел у тых відах турнірных практыкаванняў, дзе дазвалялася выкарыстанне звычайнай баявой амуніцыі – палявых, гусарскіх ці пешых турнірах, скачках за колцам і г.д., альбо скарыстацца з багатых арсенальных запасаў караля і багацейшых магнатаў, якія адны толькі і маглі выдаткаваць сродкі арганізацыю падобных гульняў.

Заключэнне

ХV – ХVІ стст. былі ў Вялікім княстве Літоўскім перыядам росквіту т.зв. “рыцарскай культуры”, якая была характэрна для ўсёй сярэднявечнай Еўропы, але ў найбольш развітых еўрапейскіх краінах перажывала тады свае апошнія “Залатыя часы”. У адрозненне ад зямель, дзе рыцарства як з’ява фарміравалася стагоддзямі, традыцыйна абрастаючы спецыфічнымі традыцыямі і рытуаламі, Літва і землі т.зв. “літоўскай Русі”, якія, дзякуючы свайму статусу паганскай ці “не зусім хрысціянскай” дзяржавы, разглядаліся рыцарамі Еўропы пераважна як аб’ект крыжацкага націску, заставаліся трохі ўбаку ад гэтага працэса.

Крэўская унія 1385 г. і дынастычная унія з Польшчай, а ў далейшым і з шэрагам іншых еўрапейскіх дзяржаў (Чэхія, Венгрыя), зрабіў магчымым для феадалаў Вялікага княства Літоўскага рэзкае і імклівае далучэнне да шматвекавых рыцарскіх традыцый сваіх заходніх суседзяў. Гэта ў больш ці менш поўнай меры адбылося на працягу жыцця некалькіх пакаленняў феадалаў. Цалкам характэрна гэта і ў плане іх далучэння да еўрапейскай турнірнай практыкі.