Выбрать главу

Суровыя кары свецкіх уладароў знаходзілі разуменне ў прадстаўнікоў духавенства. Клермонскі сабор 1130 г. і латэранскія саборы 1139, 1179, 1193 г. пагражалі аматарам турніраў адлучэннем. Надзвычай непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да баявых забаў займаў Св. Бернард. Гэты прызнаны духоўны аўтарытэт сярэднявечнай Еўропы смерць на турнірах лічыў самагубствам – адным з самых страшных грахоў, за якое не толькі было прыгатавана гарантаванае месца ў пекле, але і забаранялася быць пахаваным на хрысціянскіх могілках. Яскравым прыкладам кардынацыі дзейнасці духоўных і свецкіх улад можа служыць забарона ў 1175 г. турнірнай практыкі арцыбіскупам Магдэбурга Вільгельмам, які да таго ж патрабаваў выдачы аналагічнай забароны ад свецкіх князёў.

Супраць правядзення турніраў уздымалі голас і славутыя гуманісты. Так, Петрарка сцвярджаў, што нідзе не знаходзіў згадак пра тое, што ў такіх практыкаваннях бралі ўдзел Цыцэрон альбо Сцыпіён.

Аднак папулярнасць турніраў была такая вялікая, што стрымаць іх распаўсюджанне было немагчыма. Пра шматлікасць удзельнікаў такіх мерапрыемстваў сведчыць тое, што на турніры, арганізаваным у 1311 г. у Растоку, прымала ўдзел 6400 рыцараў.9 Таму папа (антыпапа) Інакентый ІІІ (1179-1180) які сам жа перад гэтым праклінаў турніры, мусіў пад націскам грамадскай думкі абмежаваць праклён трохгадовым тэрмінам. А ў 1316 г. Ян ХІІ (1316-1334), папства якога прыпала на перыяд т.зв. “авіньёнскага палону”, відавочна не без уціску з боку французаў, цалкам зняў праклён з гэтай любімай рыцарскай забавы. З гэтага часу яна стала звыклай часткай пышных урачыстасцяў, такіх як каранацыі, вяселлі, хрэсьбіны і іншыя падзеі, вартыя таго, каб застацца, на думку арганізатараў, у памяці сучаснікаў і патомкаў.10

У сярэдзіне ХІІ ст. у нямецкіх хроніках з’яўляецца тэрмін “буругт” (Buhurt), значэнне якога высветлена не да канца. Магчыма, што першапачаткова ён ужываўся для агульнага абазначэння ўсіх баявых забаў, якія ў канцы ХІІ ст. сталі абазначацца французскім словам “турнір”. З гэтага часу назва “бугурт” стала, па ўсёй верагоднасці, ужывацца ў дачыненні да спаборніцтваў у лёгкіх даспехах ці ўвогуле без іх і на якіх маглі выступаць не толькі феадалы, але і мяшчане. Наступальнай зброяй служылі тупыя мячы ці спецыяльныя турнірныя дубіны. У ХІІ-ХІІІ стст. у Францыі і Англіі для абазначэння турнірных сутычак на коп’ях, адзіночных і групавых, ужываўся яшчэ адзін тэрмін – “хейстильюд” (hastilude, ад лат. hastiludium), што перакладаецца як “гульня з кап’ём”.11

Прынцыпы правядзення турніраў у цэлым аформіліся ў ХІІ-ХІІІ стст. Асноўнай формай правядзення баявых гульняў з’яўляліся групавыя баі (“меле”). Яны пачыналіся з сутычкі на коп’ях, асноўнай мэтай якой было выбіванне праціўніка з сядла ці “пераламанне” уласнага кап’я. У першым выпадку выбіралася максімальна вялікая дыстанцыя для разгона каня, тады як у другім выпадку было дастаткова кароткай дыстанцыі і не вельмі значнага разгона.12 У абодвух выпадках дэманстравалася сіла ўдару і ўменне трымацца ў сядле. Менавіта на гэты час прыпадае шпаркае распаўсюджанне новага спосаба валодання кап’ём. Калі каней яго свабодна трымалі ў руцэ ці прыціскалі да бядра, то з ХІІ ст. дрэўка сталі заціскаць пад пахай і сіла ўдара залежала не столькі ад фізічнай сілы вершніка, колькі ад яго ўстойлівасці ў сядле і разгона каня.

Падзенне кавалерыста, часам параненага, з каня на поўным скаку магло скончыцца для яго вельмі трагічна. Таму існавала практыка, калі ўдзельнікаў турніра суправаджалі спецыяльныя слугі, якія духаліся за імі пеша ці конна і павінны былі страхаваць рыцараў ад няўдалага падзення. Такія асобы называліся “турнірнымі стражнікамі”. У той жа час на турнірах дапускаліся такія “нешляхетныя” з пункту гледжання сучаснага чалавека прыёмы, як нападзенне коннага на пешага альбо нападзенне на аднаго ўдзельніка некалькіх праціўнікаў. Таму некаторыя ўдзельнікі для суправаджэння і прыкрыцця бралі з сабой цэлыя атрады пяхоты. Тым не менш, пры жаданні, ўзельнікі турніраў мелі выдатную магчымасць цішком паквітацца тут са сваімі праціўнікамі, хоць яны і давалі клятву, што ўдзельнічаюць у турнірах выключна для ўдасканалення баявых навыкаў. Да таго ж супрацьлеглыя каманды фарміраваліся часта па тэрытарыяльнаму ці нацыянальнаму прызнаку. Тады турніры ператвараліся ў практычна сапраўдныя маленькія бітвы, дзе непрыяцелі змагаліся адзін супраць аднаго так жа зацята, як на полі бою.13