Выбрать главу

З мэтай зменшыць крывавыя наступствы рыцарскіх гульныў у сярэдзіне – канцы ХІІІ ст. былі прыняты пэўныя абмежаванні ўдзельнікаў. Уводзілася спецыяльная тупая турнірная зброя, вызначалася паслядоўнасць ужывання тых ці іншых яе відаў. Забаранялася наносіць удары ў пэўныя часткі цела – найперш у ногі і правую руку, неабароненую шчытом. Парушальнікам залічваліся штрафныя балы, а ўвыпадку ранення ў забароненыя зоны, перамога аўтаматычна прысуджалася параненаму. Не дазвалялася групе ўдзельнікаў атакаваць аднаго. Для прадухілення перарастання турнікаў у некантралюемае пабоішча гледачам і слугам супернікаў забаранялася прысутнічаць на спаборніцтвах у даспехах і са зброяй.

Далейшая рэгламентацыя турніраў назіралася ў ХІV ст. У гэты час удзельнікі сталі выстаўляць напярэдадні гульняў свае шчыты з гербамі, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да іх і тым самым выбраць сабе праціўніка. Шчыты маглі падзяляцца на “шчыты міра” і “шчыты вайны”. Выбар таго ці іншага віда абумоіліваў зброю, -- баявую ці затупленую, -- на якой змагаліся праціўнікі. Па-ранейшаму бой пачынаўся з сутычкі на коп’ях, якія адбываліся звычайна ў тры заезды. Паслупова колькасць заездаў павялічвалася і да канца ХІV ст. магла даходзіць да пяці. Пасля гэтага змаганне працягвалася на мячах, сякерах, булавах ці кінжалах. Першапачаткова яно адбывалася пеша, але ў далейшым дапускаліся і конныя баі. Гэтая фаза турніра вялася да нанясення пэўнай колькасці ўдараў (спачатку таксама трох, у далейшым – да пяці). Маглі залічвацца як любыя нанесеныя ўдары, так і толькі тыя, якія паразілі праціўніка.

Адначасова з увядзеннем усё большай колькасці абмежаванняў узрастала патрабаванне да відовішчнасці турніраў, якія набываюць рысы тэатралізаванасці. Удзельнікі баявых спаборніцтваў усё часцей звяратюць увагу не толькі на якасць зброі і даспехаў, але таксама на іх аздабленне. Яны не толькі выкарыстоўваюць звыклыя ўпрыгожанні ў выглядзе плюмажаў з пер’я ці геральдычных фігур, але апранаюць паверх даспеха касцюмы пэўных персанажаў (манахаў, герояў папулярных рыцарскіх раманаў і г.д.) Так, напрыклад, на турніры, арганізаваным у 1343 г. каля Лондана, з’явўліся ўдзельнікі, апранутыя ў касцюмы папы рымскага і яго кардыналаў. Часам нааварот, для інтрыгавання публікі байцы з’яўляліся ў вобразе “таямнічага рыцара”, у глухім шлеме, без гербаў ці якіх небудзь іншых указанняў на асобу незнаёмца. Турніры перамяжоўваліся з танцамі, пірамі, тэатралізаванымі сцэнкамі. На турнірах выступалі вандроўныя музыканты і менестрэлі, якія праслаўлялі подзвігі рыцараў на іншых турнірах, ствараючы тым самым своеасаблівую рэкламу як арганізатарам гульняў, так і іх удзельнікам.

Яшчэ адной характэрнай рысай турніраў у гэты час з’яўляецца іх выразны куртуазны характар. Яшчэ з ХІІІ ст. дамы разглядаліся як апякункі турніраў. У сувязі з гэтым сярод рыцарства распаўсюджваецца звычай насіць колеры сваёй дамы. Апошнія, у сваю чаргу, даравалі ўдзельнікам турніраў часткі свайго гардэроба як знак прыязні. У ХІV ст. папулярнасць набыло змаганне ў гонар якой небудзь пэўнай дамы, прычым пераможца забяспечваў ёй тытул “каралевы турніра”. У сваю чаргу і да дам часам скіроўваліся просьбы выбраць пераможцу турніра. Спаборніцтва за прыязнь дам параджала рэўнасць у асяроддзі рыцараў і варожасць паміж імі.14

Важным стымулам да ўдзелу ў турнірах было, асабліва на ранніх этапах развіцця турнірнай практыкі, імкненне паправіць сваё фінансавае становішча. Да пераможцы пераходзілі конь і даспехі пераможанага суперніка. Акрамя таго, практыкаваўся захоп праціўнікаў у палон і атрыманне за іх выкупа. Некаторыя, асабліва спрактыкаваныя і ўдачлівыя рыцары рабілі на гэтым вялікія грошы. Нехта Уільям Маршал з яшчэ адным рыцарам за 10 месяцаў 1177 г. здолеў узяць у палон 103 супернікі. Аднак у далейшым узнагарода пераможцы за кошт праціўнікаў стала насіць сімвалічны характар: ён атрымоўваў толькі частку баявога рыштунка, напрыклад шпору ці ўпрыгожанне са шлема суперніка. Галоўная ж узнагарода, таксама часам вельмі каштоўная – узбраенне, баявыя коні, кубкі, паляўнічыя сокалы і інш. – прадстаўлялася арганізатарам турніра. Часам, жадаючы павесяліць публіку, апошні мог вызначыць пацешны прыз. Так, на адным з англійскіх турніраў у 1215 г. узнагародай з’яўляўся мядзведзь.15