Выбрать главу

Да пешага турніру набліжаўся пешы паядынак, які сягае сваімі каранямі яшчэ ранняга сярэднявечча з звязваецца, верагодна, з т.зв. “Божым судом”. У ХV ст. гэты від практыкаванняў атрымаў назву “пешы бой”, ці “старадаўні нямецкі пешы бой”. У адрозненне ад турніраў, ён праводзіўся паміж двума праціўнікамі на чатырохкутным рысталішчы, агароджаных канатамі (прататып сучаснага баксёрскага рынга). Пры двары германскага імператара Максімільяна І гэты від баявых практыкаванняў атрымаў вялікую папулярнасць, быў значна рэгламентаваны і ўжо ў такой форме шырока разышоўся па ўсёй Еўропе. Ён праводзіўся першапачаткова на мячах, але ўжо ў часы Максімільяна І – на самых розных відах клінковай, абуховай і дрэўкавай зброі – мячах, у тым ліку двуручных, цясаках, кінжалах, сякерах, булавах, баявыях цапах, піках, альшпісах, алебардах і г.д. Задачай удзельнікаў пешага бою было нанясенне праціўніку як мага большай колькасці ўдараў. Падобныя баі, якія вельмі спрыялі развіццю фехтавальнага мастацтва, былі адным з найбольш небяспечных відаў турнірных спаборніцтваў. Таму ў ХV ст., калі яны набылі характар не крывавых “Божых судоў”, а спартыўных спаборніцтваў, іх правядзенне патрабавала шматлікіх мераў перасцярогі. Перш за ўсё, на рысталішчы прысутнічала некалькі (да 8) памочнікаў суддзяў, апранутых ў даспехі і ўзброеных палкамі. Яны ўважліва сачылі за ходам бою і ў выпадку неабходнасці разводзілі ў бакі раз’юшаных праціўнікаў. Акрамя таго, з канца ХV ст. для пешых баёў канструяваліся спецыяльныя даспехі, у якіх не толькі ўлічваліся засцерагальныя якасці, але таксама прадугледжвалася пэўнае абмежаванне свабоды рухаў, каб прадухіліць нанясенне суперніку занадта моцных ўдараў.24

Важным відам баявых практыкаванняў з’яўляліся конныя сутычкі капійнікаў, якія ў свядомасці сучаснага чалавека часта, але не зусім слушна, асацыююцца з турнірамі ў сціслым разуменні гэтага слова. Яшчэ ў ХІІ—ХІІІ стст. сутычкі капійнікаў праводзіліся рэдка, аднак у далейшым іх папулярнасць узрастала і дасягнула свайго апагея ў ХV—ХVІ стст. Першапачаткова тут, як і на ўласна турнірах (групавых сутыкненнях), прадугледжвалася змаганне на мячах у тых выпадках, калі бой на коп’ях не выяўляў пераможцу. Аднак у далейшым ад другой фазы сутыкнення адмовіліся, колькасць капійных заездаў павялічылі да некалькіх і цяпер перамога прызнавалася за тым, што выбіў праціўніка з сядла ці скрышыў большую колькасць коп’яў. Як правіла, сутычкі на коп’ях папярэднічалі ўласна турнірам.

У ХV ст. з’явілася некалькі дзесяткаў варыянтаў сутыкненняў на коп’ях, аднак усе яны могуць быць падзелены на дзве групы – сутыкненні на тупых коп’ях (ням. Gestech) і сутыкненні на вострых коп’ях (ням. Rennen). Адрозненні паміж гэтымі варыянтамі заключаліся не толькі ў выкарыстоўваемых коп’ях, але таксама ў канструкцыі даспехаў, манеры вядзення боя, задачах удзельнікаў.

Асаблівасцю сутыкненняў на тупых коп’ях (гештэх) было тое, што пасля кожнага заезда, калі пераможца не быў выяўлены, праціўнікі зноў раз’язджаліся на зыходныя пазіцыі, адкуль паўторна атакавалі адзін аднаго. Выдзяліліся італьянскі гештэх, які праводзіўся праз плот, і некалькі варыянтаў нямецкага гештэха, асноўнымі з якіх былі гештэх “высокіх сёдлаў” (Gestech im hohen Zeug), “агульнанямецкі” (gemeideutsche Gestech) і “апранутых у даспех” (Gestech im Beinharnisch). Для ўсіх гэтых відаў сутыкненняў было характэрна выкарыстанне спецыяльнага даспеха (ням. Stechzeug). Галоўнай асаблівасцю гештэха “высокіх сёдлаў” было, як вынікае з назвы, выкарыстанне сядла, якое забяспечвала вершніку больш высокую пасадку. Высокія пярэднія лукі, абітыя жалезам, даходзілі да грудзей рыцара і закрывалі ногі. Да пярэдніх лук мацаваўся жалезны пояс, які ахопліваў тулава вершніка і цалкам выключаў яго падзенне з каня. Таму задачай удзельнікаў такога спаборніцтва было не выбіць праціўніка з сядла, а толькі скрышыць уласнае кап’ё і тым самым прадэманстраваць сілу ўдара. Падчас правядзення гештэха “высокіх сёдлаў” прадугледжвалася выкарыстанне металічнага пакрыцця ног рыцара, скураной конскай папоны і глухога металічнага налобніка.