Выбрать главу

“Агульнанямецкі” гештэх не прадугледжваў аховы ног вершніка. У каня скураной папонай пакрывалася толькі холка, затое для лепшай аховы конскіх грудзей выкарыстоўвалася падушка з грубага палатна, набітая саломай. Сядло было пазбаўлена задняй лукі, што рабіла пасадку ў ім даволі ненадзейнай. Таму галоўнай задачай падчас гэтага віда спаборніцтваў было збіць праціўніка з сядла, хаця на ўменне скрышыць кап’ё таксама звярталася ўвага.

Гештэх “апранутых у даспех” прадугледжваў два варыянты, якія адрозніваліся тыпам сядла – з высокімі заднімі лукамі ці без іх. У адпаведнасці з гэтым задачай удзельнікаў было скрышыць сваё кап’ё ці выбіць праціўніка з сядла. Асаблівасцю гешэхта “апранутых у даспех” было абавязковае выкарыстанне даспешнага пакрыцця ног рыцара.25

Турнірныя сутыкненні “рэнэн” ўзніклі ў Германіі ў першай палавіне ХV ст. Па ўсёй верагоднасці, яны выводзяцца з баявых гульняў не прадстаўнікоў цяжкаўзброенага рыцарства, а лёгкіх вершнікаў, называных часам “рэнерамі”. Іх засцерагальнае ўзбраенне абмяжоўвалася шлемам-саладай, кірасай, шчытом-тарчай, якія толькі раз-пораз дапаўняліся наручамі. Сутыкненні праводзіліся з поўным разгонам каня, прычым праціўнікі, якія выкарыстоўвалі баявыя вострыя коп’і, стараліся выбіць праціўніка з сядла. Калі сутыкненне не выяўляла пераможцу, супернікі не раз’язджаліся на зыходныя пазіцыя, як у гештэху, а скакалі на супрацілеглыя канцы рысталішча, разварочваліся, бралі новыя коп’і і зноў сутыкаліся. Такім чынам, паядынак мог уяўляць сабой цэлую серыю сутыкненняў, якія нагадвалі скачкі, што і гучыць па-нямецку як “Rennen”.26

Хутка рэнэнам зацікавіліся і прадстаўнікі знаці. Была распрацавана вялізарная колькасці варыянтаў падобных спаборніцтваў, часам, здавалася б, вельмі слаба звязаных паміж сабой. Адзінае, што іх аб’ядноўвала – выкарыстанне вострых коп’яў і сутыкненні ў выглядзе серыі атак з поўным разгонам каня. Як правіла, гэты від практыкаванняў вымагаў спецыяльнага даспеха – т.зв. “рэнцойг” (Rennzeug), аднак некаторыя варыянты рэнэна праводзіліся без выкарыстання асобных элементаў, ці ўвогуле без даспеха.

Вызначыць усе варыянты рэнэна, існаваўшыя ў ХV—ХVІ стст., не ўяўляецца магчымым, таму ёсць сэнс спыніцца толькі на некаторых з іх. Найбольш набліжаным да гештэха з’яўляліся т.зв. “жорсткі рэнэн” (ням. Anzogenrennen), “змяшаны рэнэн” (ням. Kronelrennen) “палявы рэнэн” (ням. Feldrennen) і “іншаземны рэнэн” (ням.Welschrennen). Задачай удзельнікаў “жорсткага рэнэна” было скрышыць сваё кап’ё аб тарчу праціўніка. У “змяшаным рэнэне” адзін з праціўнікаў быў апрануты ў “рэнцойг”, а другі – у “штэхцойг”, прычым ад удзельнікаў патрабавалася выбіць праціўніка з сядла ці зламаць сваё кап’ё. У “палявым рэнэне”, удзельнікі якога выкарыстоўвалі баявыя даспехі, патрабавалася скрышыць кап’ё. “Іншаземны рэнэн”, які патрабаваў ад удзельнікаў выбіць праціўніка з сядла ці зламаць сваё кап’ё, прадугледжваў выкарыстанне баявых даспехаў у камплекце з закрытым шлемам тыпа “армэ”.

Аналагічныя задачы ставіліся перад удзельнікамі “вульстрэнэна” (ням. Wulstrennen), хоць у гэтым відзе практыкаванняў не выкарыстоўваўся шлем. Падчас правядзення “пфаненрэнэна” (ням. Pfannenrennen) не выкарыстоўваўся не толькі шлем, але і даспех. Праціўнікаў бараніла толькі набліжаная да прастакутніка нагрудная пласціна. Гэты від турнірных сутыкненняў лічыўся такім небяспечным, што на рысталішчы загадзя змяшчалася труна для пераможанага рыцара.

Задачай удзельнікаў “механічнага рэнэна” (ням. Geschiftrennen) было нанесці трапны ўдар праціўніку і пры гэтым утрымацца ў сядле. Сваю назву гэты від сутыкненняў атрымаў з-за выкарыстання спецыяльных механізмаў, якія падпружыньвалі тарчу ці нагрудную мішэнь. У адпаведнасці з гэтым выдзеляліся “мехаічны рэнэн з тарчай” (ням. Geschifttartschenrennen) і “механічны рэнэн з нагруднай мішэнню” (Geschiftscheibenrennen). Пры ўдалым удары кап’я механізм прыводзіўся ў дзеянне і выкідаў высока ўверх тарчу альбо разкідаў у бакі клінні, якія падпружыньвалі мішэнь. Тым самым не толькі дакладна вызначалася трапнасць і сіла ўдара кап’ём, але і павышалася відовішчнасць спаборніцтваў.