Выбрать главу

ЯНКА (чуўшы гэту гутарку). У чым справа?

МІКІТА. Оей! Оей! Мусье немец зрабіў мяне, меджду протчым, генэралам і хоча ў палон цягнуць, а я не хачу быць генэралам і не хачу ў палон цягнуцца. Оей! Оей! Пане настаўнік, бацька беларус! выбаўляй з ягіпецкай няволі!

ЯНКА (адвёўшы набок Мікіту). Дайце яму тры рублі, і адчэпіцца.

МІКІТА. Дам дзесяць, а толькі ратуйце, меджду протчым! (Мацае па кішэні.) Ой, грошы засталіся ў рэгістратарскіх «меджду протчым». Пазычце мне да заўтра.

Янка дае яму грошы, Мікіта падыходзіць да Немца, становіцца на адно калена і падае грошы.

Вось вам, ясне мусье немец, гэр гэрманіш, пакуль што контрыбуцыя, заўтра дам энэксыю, а там, калі не хопіць, жонак, дзяцей залажу, меджду протчым, мамашу, толькі дайце перадышку, не цягнеце ў палон!

Немец (хаваючы грошы). Загаварылі б адразу гэткім языком, ваша прэвасхадзіцельства... (Бярэ «пад казырок» і выходзіць.)

З'ява XX

Тыя ж без Немца.

МІКІТА (зрываючы з сябе і кідаючы па чарзе аб зямлю часткі пажарніцкага ўбору). К чорту пажарніцкую каманду! К чорту пажарніцкую кар'еру! (Пускаючы аб зямлю кнігамі.) I нямецкае шпрэхэн к чорту! I нямецкая губарнатарская канцэлярыя к чорту! Ад заўтрашняга дня займуся свабоднай профэсыяй — буду на Койданаўскай вуліцы гандляваць нямецкімі рублямі.

Гануля падбірае параскіданае, Аленка штохвіля пырскае смехам, Янка насмешліва ківае галавой, Гарошка пыхкае мацней люлькай і плюе.

3аслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Позняя восень. Сцюдзёна. Пад вечар. Месца дзеі — кусок Катэдральнага пляца, называнага іначай мянчанамі «Брахалка», — бліжэй ад Койданаўскай вуліцы, з відам насупроць — вежа з гадзіннікам. Па пляцы колькі дрэў без лісцяў, некалькі садовых лавак. Праз усю дзею праходзяць то сюды, то туды рознага калібру ГРАМАДЗЯНЕ, ГРАМАДЗЯНКІ і йграе напераменку лера і шарманка. Пры падняцці заслоны першым праходзіць справа ўлева ЛЕРНІК з лерай, а пасля ШАРМАНШЧЫК з шарманкай. Некалькі быўшых ПАНЯЎ, стоячы радам, прадаюць усялякія хатнія манаткі. Непадалёк ад паняў такі самы тавар прадае ГАНУЛЯ.

3'ява I

Гануля, Мікіта.

МІКІТА (у выцвіўшым чыноўніцкім асеннім пальце з настаўленым каўняром, з парасонам уваходзіць справа; да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, прадалі што-небудзь ці не?

ГАНУЛЯ. А ні на іголачку. Як хто зачараваў. (Паказваючы на паняў.) У тых таксама ніхто нічога не купіў.

МІКІТА. Нешчаслівым для гандлю і мне сягоннешні дзень выпаў. Каб хто хоць на смех запытаўся аб марках. «Рускія», кажуць, давай, а нямецкія, кажуць, меджду протчым, немцу прадай. А дзе тут таго немца зловіш, калі — па чутках — амаль не ўсе ўжо з гораду выйшлі. (Да праходзячага грамадзяніна.) На хвіліначку, пане мусье! Хачу вам нешта запрапанаваць.

Грамадзянін затрымоўваецца.

Можа, з ласкі сваёй купіце ў мяне маркі?

Грамадзянін іранічна і падазрона змераў яго вачыма ды пайшоў.

ГАНУЛЯ (Да праходзячай грамадзянкі). Панечка, купеце ў мяне пацеркі, а можа, дамскі нэсэсэр, а можа, во гэта? — усё за паўцаны аддам, усё за паўцаны.

Грамадзянка паглядзела-паглядзела тавар і пайшла.

(Да Мікіты.) Вось так усе яны: паглядзіць і пойдзе, паглядзіць і пойдзе.

МІКІТА. Меджду протчым, мамаша, я вам не адзін раз казаў і яшчэ кажу: у вас няма зусім гандлярскай жылкі, у вас не хапае нават чуткай кемнасці ў гандлёва-прамысловых справах, дзе вымагаецца ад прадаўца пэўнай веды ў пазнаванні душы купляючага і яго грамадзянскага і соцыяльнага становішча. I вось, напрыклад, меджду протчым, вы толькі што запрашалі: «купеце, за паўцаны аддам, за паўцаны». Разумеецца, кожны падумае, што ў вас зусім дрэнны тавар, якога і за паўцаны не варта купляць. Таксама паміж купляючымі трэба выдзяляць іхнія рангі і клясы — абавязкова; а вы, як, напрыклад, толькі што, не разгледзеўшыся дакладна, хто які йдзе, кажаце проста з моста: панечка, меджду протчым! А па-мойму, зусім не панечка, а самае меншае — мадама, а можа, нават і мадам-сіньёра.

ГАНУЛЯ. Ды якая там яна мадама? Проста нейкая... нейкая...

МІКІТА. А хоць бы нават, меджду протчым, і такая нейкая. Усё роўна. У гандлёва-прамысловых адносінах мы павінны рабіць від, што яна і не такая, і не нейкая. Для нас адно важна: каб тавар куплялі, каб тавар не залежваўся.

Паўза.

Меджду протчым, мамаша, я ўважаю, што, апрача ўсяго іншага, сягоння ўдабавак нейкі выключны дзень, і вам ніякай гандлёвай «здзелкі», бадай, не ўдасца ўжо правесці. Дзеля гэтага йдзеце з таварам дамоў і шыкуйце вячэру, а я застануся яшчэ тут. Думаю, што мне ўдасца злавіць, меджду протчым, якога немца і ўсучыць яму ягоныя маркі.