Выбрать главу

— А я Машу сёння бачыла. На вуліцы спаткала.

Яна не прызналася, што хадзіла да яе знарок.

Максім насцярожыўся: за два дні маці ні разу не ўспамянула пра Машу, а тут так нечакана і, як здалося яму, недарэчы, загаварыла пра яе.

— Яна, бедная, ажно засаромілася. То, бывала, штодня заходзіла да мяне, а то — і слоў не знайшла... Ты схадзіў-бы, Максімка, да іх, праведаў-бы...

— Схаджу, схаджу, мама. Не ўсё-ж адразу, — ён хацеў хутчэй скончыць гэтую размову. Але маці не сунімалася.

— Яна-ж так чакала цябе!

— Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся ён.

— Што ты, Максімка, бог з табой! Можа табе якія злыя языкі што нагаварылі? Не вер, нікому не вер. Маці павер. Маша не дзеўка, а золата. Дай божа мне мець такую нявестку. Яна-ж і так была для мяне, як дачка тая. Ды і не веру я, што ёсць у нас людзі, якія сказалі-б пра яе дрэннае слова. Гэта-ж такая сям'я! Сіраты, а як жывуць! Гэта-ж яны засталіся адны яшчэ перад вайной, як маці іх памерла. Саша і Пеця тады яшчэ малыя былі. Пры немцах яны ціха так жылі, непрыкметна. Тыя і ўвагі не звярталі — што возьмеш з сіратаў! Перабіваліся яны бедныя з бульбяніка на квас. Хлеб і той, можа, рэдка бачылі. А як прышлі нашы, іх — і Машу і Аляксандру — медалямі партызанскімі ўзнагародзілі. Усё сяло дзівілася... Ніхто-ж і не здагадваўся, што яны ўвесь час сувязнымі былі. А цяпер Саша вучыцца ў дзесятым класе. А Машу і ў сельсовет запрашалі і ў раёне нейкую добрую пасаду давалі — яна-ж восем класаў скончыла, — дык не-ж, не пайшла... У калгасе працуе. Я аднойчы нават паспрачалася з ёй з-за гэтага. А яна мне кажа: вось, цётачка, як стане наш калгас такі, як да вайны, тады я вучыцца паеду, а цяпер трэба працаваць. І як працавала! І арала, і касіла, і з цеслярамі рабіла. І вайну вяла з Амелькам. Мужчыны так не крытыкавалі яго, як яна. Звяно арганізавала. Вясной лён сеялі, а цяпер рэкордны ўчастак жыта пасеялі. Дакажу, кажа, што і мы не горшыя за людзей. Вось якая яна! А ты кажаш, Максімка...

Максім моўчкі, з цікавасцю выслухаў маці. Яна абудзіла ў ім добрыя пачуцці. Усхвалявана і радасна забілася сэрца. Маша! Сапраўды, чаму ён адцягвае сустрэчу?

Улетку саракавога года, калі ён ад'язджаў у марскі тэхнікум, яны, шчаслівыя і тады крыху яшчэ наіўныя, пакляліся ў жнівеньскую ноч, што будуць штодня пісаць лісты і чакаць адзін аднаго хоць дзесяць год. І яны выканалі сваю клятву. Праўда, пасля вызвалення пісалі яны ўжо не так часта, і пісьмы былі больш стрыманыя, сур'ёзныя. Можа гэта таму, што і самі яны выраслі, пасталелі. А можа час рабіў сваё — астывалі пачуцці. Але, калі Максім ехаў дамоў, то ўсю доўгую дарогу з Далёкага Усхода да Беларусі думаў пра Машу з ранейшай цеплынёй і пяшчотнасцю. А вось прыехаў — і чамусьці зноў не асабліва карціць хутчэй сустрэцца з ёю.

«Хопіць яшчэ часу», — спакойна разважыў ён у першы вечар.

Але пасля слоў маці яму зрабілася сорамна за сваю абыякавасць.

«Сёння-ж увечары схаджу», — падумаў ён, наліўшы трэцюю чарку. Маці паднялася, адышла і пачала корпацца ў печы, такой маленькай і нізенькай, што, каб заглянуць у яе, трэба было стаць на гліняную падлогу каленямі. Выцягнуўшы чыгунок і ўзяўшы яго фартухом, яна вярнулася назад.

— Так што, сынок, не крыўдзі Машы. Да яе колькі жаніхоў сваталася. І настаўнік, і Васіль... Васіль, кажуць, і цяпер яшчэ сохне па ёй. Усім адмовіла. Цябе аднаго чакала...

«Зноў Васіль... Усюды Васіль», — з крыўдай і. адначасова з зайздрасцю падумаў Максім.

Маша пісала яму аб гэтым сватаўстве. Тады ён не звярнуў увагі і адпісаўся вясёлым, бяскрыўдным жартам. Але зараз нейкае незразумелае раўнівае пачуццё заварушылася ў глыбіні душы.

Пасля абеду змораны, ап'янелы Максім лёг адпачываць і моцна заснуў. Прачнуўся ён позна ўвечары і нікуды не пайшоў — напісаў пару лістоў франтавым сябрам і зноў лёг спаць.

Раніцою Максіму стала ніякавата ад таго, што за два дні ён нікуды не схадзіў, не ўбачыўся ні з адным сябрам.

«Прыехаў і сяджу, як мядзведзь у бярлозе. Трэба сёння-ж усіх наведаць. А ў першую чаргу — схадзіць у Дабрадзееўку, у сельсовет, і ўбачыць гэтага свайго старога дружбака Васіля. Пазнаёміцца з сакратаром... Трэба-ж неяк і на ўлік брацца ўжо...»

Дарэчы быў дзень Сталінскай Канстытуцыі. Святочны дзень. Самы раз рабіць візіты. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца.

І раптам у люстэрку ён убачыў, што маці, якая сядзела на нізенькім услончыку перад печчу і пякла бліны, непрыкметна выцірае фартухом вочы. Ён хутка павярнуўся.

— Ты плачаш, мама? Чаго?

Яна паглядзела на яго затуманенымі вачыма, паспрабавала ўсміхнуцца праз слёзы.