Выбрать главу

Алеся вышла на кухню і, напяваючы, завіхалася там. Маша хвіліну пасядзела адна, задумліва пазіраючы ў акно, потым вышла да сястры — хацелася гаварыць.

— Ведаеш, пра што я думала зараз? Буду ўгаварваць Максіма, каб і ён застаўся ў калгасе. Навошта нам высокія пасады? Вунь — Васіль...

Алеся не адказала і заспявала:

Ля-я-цяць ву-у-ткі,

Ля-я-цяць ву-уу-ткі

І-і два гу-усі-і...

4...

«Пастарэла, — думаў Максім, вышаўшы з вёскі ў поле. — У такім адзенні яна на звычайную вясковую бабу падобна».

Але яму тут-жа стала сорамна за такую думку.

«Глупства гэта. Пры чым тут адзенне? Не ў гэтым справа! Яна-ж столькі перанесла. І цяпер... У свята і то — адпачынку няма... Калі яшчэ тая вясна, а яна ўжо гной рыхтуе... Упартая», — і ён адчуў гордасць за яе. Яму хацелася неяк узняць, апаэтызаваць Машу, калі, можа, і не так, як ён рабіў гэта ў першы год пасля развітання, то хаця-б вярнуць сабе тую радасную ўсхваляванасць, якую ён адчуваў яшчэ ў дарозе, думаючы пра яе. Чаму ўсё гэта знікла? Чаму ён неяк астыў, прыехаўшы дамоў? Зямлянка прыдавіла ці што?

Ён схапіўся за гэтую думку, як за ратавальны круг.

«А ўсё магчыма. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Ды і не юнак я ўжо. Спачатку вось трэба падумаць, як з гэтай праклятай зямлянкі хутчэй выбрацца, а потым ужо... Ды і наогул трэба абсталявацца, сябе да ладу прывесці — з работай уладзіць і ўсё іншае...»

Заспакоіўшы сябе, Максім закрочыў шпарчэй, глытаючы студзёны вецер. У паветры было па-зімоваму добра: бадзёры мароз, парывісты вецер, які час-ад-часу заносіў аднекуль здалёк пару-другую сняжынак — першых вестуноў і разведчыкаў зімы. Калі яны падалі на руку, на твар, здавалася: яшчэ хвіліна — і разарвецца хмара, сыпане белым пухам, і закружыцца ён у дзіўным карагодзе, пакрываючы зямлю мяккаю, пушыстаю коўдрай. Але вецер сціхаў, сняжынкі больш не ляцелі, і на палях нерухома ляжала позняя восень, шэрая, аднастайная. Толькі з аднаго боку, у далечыні, зелянеў клін азіміны, а з другога, за рэчкай, — цямнела сіняя паласа хвойніку — таго самага, у якім Максім быў учора. Ды ў лузе, што пачынаўся недалёка адгэтуль, паміж тоўстымі і нізкімі стагамі, бліскала на звівах маладым лёдам рэчка.

Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кілометраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра, ад крамы да крамы, як гаварылі вяскоўцы, а калі ад ускраін, то вядома, менш.

Максім і не заўважыў, як прайшоў гэтыя кілометры. Думак хапіла на ўсю дарогу.

Толькі ў садзе на момант яго зноў апанавала тое-ж пачуццё, што напярэдадні ў лесе. Сад быў скалечаны не менш, чым хвойнік. Але праз хвіліну ён суцешыўся, убачыўшы, як руплівая рука чалавека ўмела залечвае раны на дрэвах і на зямлі. Усе старыя дрэвы, якія ўцалелі, былі старанна дагледжаны: абрэзаны сухія галінкі, ствалы абмазаны глінай і абкручаны саломай. Была зроблена падсадка. Кожнае маладое дрэўца абгароджана, каб зімою не папсавалі зайцы.

Максім успомніў сад свайго калгаса, які ён убачыў яшчэ ў той дзень, калі прыехаў, і падумаў, зноў з пачуццём зайздрасці:

«Але... адразу адчуваецца гаспадарская рука... Відаць, недарэмна яго хваляць... Што-ж, пабачым...»

Будынак сельсовета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Да вайны ў ім змяшчаўся ветэрынарны пункт, а таму і быў ён збудаваны наводшыбе. У вайну з усіх грамадскіх будынкаў уцалеў толькі гэты. А таму адразу пасля вызвалення ў ім асталявалася і школа, якая працавала ў той час у тры змены, і сельсовет, і праўленне калгаса. Цяпер застаўся толькі сельсовет, ды ў прыбудове — малаказлівачны пункт.

Максім не спадзяваўся застаць у сельсовеце ў такі дзень каго-небудзь, аднак рашыў заглянуць. Нядрэнна пабачыць усё да таго, як сустрэнешся з мясцовымі кіраўнікамі. Глядзі — у гутарцы і зможаш выказаць якую-небудзь свежую, арыгінальную думку, да якой самі яны, абжыўшыся і звыкшыся, і не маглі дайсці. Ён любіў бліснуць такімі думкамі.

Але, наблізіўшыся да сельсовета, ён убачыў праз акно людзей і пачуў гучную гаворку. Адчуваючы, што хвалюецца, ён ненатуральна хутка і шумна зайшоў у памяшканне. Адчыніў адны дзверы, другія... І спачатку ўбачыў толькі чалавека, які стаяў тварам да дзвярэй, збоку ад стала. Чалавек гаварыў і спыніўся на поўслове. Позіркі іх сустрэліся. Незнаёмаму было год пяцьдзесят. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з густой шапкай сівых валасоў і з вельмі густымі, сівымі брывамі. Гэтыя бровы неяк адразу кідаліся ў вочы, яны надавалі верхняй частцы твару суровы выраз. Але ніжэй гэты выраз змякчалі вусы. Звычайныя абвіслыя, яны былі не сівыя, як валасы і бровы, а рудыя, абкураныя. І вочы ў яго былі добрыя: светлыя, разумныя.