Выбрать главу

Прыкладу князёў следаваў і люд паспаліты. У парку валуноў захоўваецца камень з надпісам жыхара вёскі Бярозаўка Маладзечанскага раёна Адама Галдакоўскага. На валуне выбіты лічбы “1842” і лацінскія літары “AN”. Гэткім чынам увекавечаны год куплі зямлі і ініцыялы яе ўладальніка.

Пашанотныя адносіны да валуноў як да надзеленых вышэйшай сілай  і адухоўленых спрыяльнікаў чалавека выявіліся ў вырабе каменных ідалаў і крыжоў. У музеі захоўваецца крыж, каля якога, кажуць, у час Лівонскай вайны  абедаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. На крыжы выбіты  рыцар з каронай і надпіс “RSB”: Rex Stefan Batory.

У Лепельскім павеце некалі ляжаў легендарны камень, на якім у 1426 годзе пры штурме замка Варанеч абедаў вялікі князь Вітаўт. Пра гэта сведчылі шэсць паглыбленняў на валуне, за што яго празвалі талеркамі Вітаўта. Там жа знаходзіўся яшчэ адзін помнік даўніны – Вітаўтавы відэльцы.

Пра камяні народ  склаў безліч паданняў, легенд, показак. Некалі, даўным-даўно, калі яшчэ Бог хадзіў па зямлі, на месцы возера Бяздоннае ў Слонімскім раёне была вёска. У яе і зайшоў Гасподзь у адзенні жабрака. Старац прасіў у людзей хоць кавалак хлеба. Ды людзі адварочваліся ад яго. Толькі адна кабета літасціва падала яму пахкі бохан. Бог параіў ёй сысці з вёскі, а па дарозе не азірацца. Але кабета не стрымалася. А калі азірнулася, убачыла на месцы вёскі вялізнае возера, абкружанае камянямі – былымі вяскоўцамі. Аднак і сама яна сталася каменем у выглядзе жаночай постаці з доўгай касой.

Паданні пра ператварэнні ў камяні жывуць сярод многіх народаў. А вось легенды аб камянях-краўцах і шаўцах бытуюць толькі ў беларусаў.

 Яшчэ не так даўно ў Талачынскім раёне ляжаў вялізны квадратны камень, якога называлі Сцяпанам. На яго месцы даўней жыў рупны майстар-кравец. Ды нечым не дагадзіў ён нячыстай сіле, і тая ператварыла Сцяпана ў камень. Аднак і камень працягваў справу краўца. Дастаткова было вечарам пакласці на яго тканіну і папрасіць: “Сцяпан, пашый каптан”, як досвіткам усё было гатова. Ды аднойчы нейкі неразумны жартаўнік задумаў выпрабаваць чароўную сілу каменя. “Сцяпан, -- папрасіў ён, -- зрабі мне ні тое, ні сёе”. Зайшоўся ад крыўды камень і перастаў шыць:  не гнявіце дабрачыннасць.

Ёсць у музеі валун з незвычайнай  назвай Дзед. Прывязлі яго са старажытнага мінскага капішча – культавай святыні язычнікаў, дзе людзі пакланяліся паганскім багам. Да самага пачатку ХХ стагоддзя дзейнічала гэтае старадаўняе свяцілішча на беразе Свіслачы, дзе сённяшняя вуліца Лодачная.

Многія камяні праз вякі хаваюць свае таямніцы, не хочуць адкрываць іх людзям. З вёскі Стайкі Лагойскага раёна прывезены ў музей некалькі валуноў з разнастайнымі не разгаданымі  знакамі на іх. Гэтыя малюнкі пераклікаюцца з аналагічнымі знакамі ў наваколлі Ноўгарада, якія ў сваю чаргу нагадваюць наскальныя малюнкі ў Швецыі, зробленыя 5 тысячагоддзяў таму.

Так, беларускія камяні можна чытаць як самую займальную кнігу. Можна слухаць іх, як найцікавейшых суразмоўцаў. Можна захапляцца імі, як самымі найшляхетнымі і найдасканалымі. Незвычайная музейная калекцыя – толькі маленечкая часцінка гэтых самавітых сведкаў і велічных помнікаў гісторыі. Гуляе над імі зімавей, дзюбаюць іх дажджы, руплівіцца вакол мурава, загарэлы чэрвень шчодра абсыпае досвіткавай расой – а ім з вышыні свайго спаконвечнага ўзросту ўсё гэта падаецца толькі дзіцячымі забаўкамі. Праз усё сваё невымерна доўгае жыццё годна і немітусліва нясуць яны  сваю адвечную вахту: спрыяць людзям і аберагаць іх ад злога. Бо гэтыя камяні –  дзівосныя ахоўнікі спакою на маёй і тваёй Беларусі.

МОРА ГЕРАДОТА

Сёння яго не знойдзеш ні на адной карце Беларусі. Аднак гэтае міфічнае мора ад самае прадаўнасці прыпісана да беларускай зямлі. Упершыню пра яго згадвае старажытны грэчаскі вучоны Герадот, празваны бацькам гісторыі, які жыў амаль 2,5 тысячы гадоў таму. Чацвёртая з 9 ягоных кніг “Мельпамена” з’яўляецца самай ранняй пісьмовай крыніцай пра тэрыторыю сучаснай Беларусі, яе прыроду і насельніцтва і дагэтуль выклікае  спрэчкі і дыскусіі ў асяроддзі вучоных.

Тысячы гадоў таму значная частка Пінскага Палесся была сапраўдным водным царствам. Стрыжнем гэтага вялізнага вадаёма, які і называўся  тады морам Герадота, з’яўлялася рака Прыпяць. Яе пойма – гэта нязмерныя прасторы між Бугам і Дняпром, абмежаваныя з левага боку Пінскім Палессем, з правага – Валынскім. Сама Прыпяць, якая мела 761 кіламетр і жывілася больш як 120 рэкамі, мноствам балоцістых ручаёў, лічылася адной з найбольш адметных рэк у Еўропе. Сівыя легенды звязваюць гэты край вады і туману з Чорным морам. Яшчэ зусім нядаўна непадалёк ад Лунінца існавала знакамітае балота Грычын, якое называлася залівам мора Герадота. Было яно бязлюднае, бясконцае і непраходнае. І, як у сапраўдным царстве, было тут шмат таямніц, загадак і неспадзяванак. Ну як, напрыклад, праверыць дакладнасць таго, што, гавораць, нават у ХІХ стагоддзі  Грычынскае балота мела падземнае спалучэнне з Чорным морам?