Выбрать главу

Герадот меркаваў, што старажытнае славянскае племя будзіны – гэтыя першабытныя насельнікі поймы Прыпяці, жыло над велізарным морам, у якое ўпадаюць цяперашнія рэкі Гарынь, Стыр і Случ.

Вядомы польскі пісьменнік і гісторык ХІХ стагоддзя Ю. Крашэўскі зазначаў: “Балоты, што акружаюць Пінск, мноства рэк і рачулак, якія перацінаюць край, і вясновыя іхнія разлівы, што затапляюць велізарныя прасторы, былі, верагодна, прычынай бытавання існуючага і зараз падання, што некалі Чорнае мора распасціралася да самага Пінска; але нейкі магутны князь Кіеўскі раскапаў горы і спусціў сабраныя за імі воды, з-за чаго на месцы мора засталіся адны балоты. У доказ гэтага прыводзяць якары, якія знаходзілі пад час апрацоўкі палёў…”

Так, сапраўды бязмежнымі былі багністыя палескія балоты, якія складалі басейн Чорнага мора. Палешукі і праўда знаходзілі ў пойме Прыпяці не толькі якары, але і  “цэлыя судны, накшталт невялікіх караблёў”. Пра гэта сведчыць знаны гісторык, этнограф і археолаг А. Кіркор. Падобныя звесткі, як і меркаванні іншых даследчыкаў, не адмаўляюць верагоднасці існавання на Пінскай нізіне вялікага старажытнага мора даволі вялікіх памераў. Дарэчы, 15 – 18 мільёнаў гадоў таму  на гэтых прасторах ужо існавала мора рэальнае. Прычынай такіх грунтоўных зменаў рэльефу і клімату былі шматлікія магутныя ледавікі. Пад іх уздзеяннем некалі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі замест урадлівых збожжавых палеткаў рассцілалася тундра, палохала холадам самая сапраўдная вечная мерзлата.

Палеская нізіна, калі ўважліва і беражліва сабраць усе яе адметнасці, яшчэ   і дагэтуль захоўвае шмат марскіх прыкмет. У свой час іх адзначаў  вучоны-географ Э. Эйхвальд: “Адметным з’яўляецца пясчаны стэп на Палессі, гэта значыць паўночнай частцы Валынскай губерні, дзе, асабліва ў ваколіцах г.Ковеля, сустракаецца сыпучы пясок, як на марскім беразе Балтыйскага мора, і далей забалочаная нізіна ў Пінскім і Мазырскім паветах. Уся гэтая пясчаная і балоцістая раўніна выяўляе сляды вялізнага возера, якое існавала там у часы Герадота на зямлі старажытных будзінаў і якое злучала некалі яе з Балтыйскім морам”. Гэтыя выявы – і ў своеасаблівым клімаце, і ў той рэдкай цеплалюбівай расліннасці, якая жыве толькі  тут, і шмат у чым яшчэ, што ўласціва выключна гэтаму воднабагатаму краю.

Свой дагістарычны круты нораў захавала Прыпяць і да нашых дзён. У час разводдзя і моцных дажджоў яе разліў дасягае 30 кіламетраў і доўжыцца да 4 месяцаў. Аднак аўтахтонныя палешукі, нашчадкі старажытных герадотавых плямёнаў, як сапраўдныя паморы ўмела прыстасаваліся да гэткіх умоў. Вялікая вада абуджае ў іх  навыкі і звычкі сапраўдных марскіх ваўкоў. Не цураліся ж яны некалі  рачных падарожжаў на мясцовых суднах у Данцыг (Гданьск), Кёнігсберг (Калінінград) і Крамянчуг. Палешукі вывозілі туды здабытыя ў багатых тутэйшых лясах дзёгаць, смалу, дошкі, мачты для караблёў,  іншыя лясныя даброты.

Тысячагадовае змаганне з суровымі ўмовамі, натуральны лад жыцця загартавалі палешукоў, спрыялі таму, што гэтыя дзеці прыроды навучыліся жыць у суладдзі з ёю, вылучаліся моцным здароўем і дужасцю. Сярод іх было шмат доўгажыхароў, якія мелі па 100 і больш гадоў. Як нідзе, цягам многіх стагоддзяў тут захоўваліся і з пакалення ў пакаленне перадаваліся шматлікія прымхі і забабоны, непаўторныя казкі, легенды, язычницкия традыцыи.

А што да ваўкоў, то яшчэ Герадот лічыў  першабытных насельнікаў поймы Прыпяці сапраўднымі чараўнікамі. Асабліва неўраў, якія спачатку жылі каля Піны, а затым  перакачавалі на Прыпяць і ці не там стварылі легендарную і таямнічую краіну Неўрыду. Як і належыць сапраўдным чарадзеям чароўнай краіны, яны “ператвараліся кожны год на некалькі месяцаў у ваўкоў”. Такіх пярэваратняў палешукі і дагэтуль называюць ваўкалакамі. Але іх тут не баяліся, а нават шанавалі. Бо, відаць, добра спазналі, што сапраўдныя неўры з любым ворагам змагаліся ў абліччы ваўкоў. Згадайце, напрыклад, летапіснага князя Усяслава, які мо найбольш вядомы пад мянушкай Чарадзей. Яго таксама лічылі ваўкалакам. Нават аўтар знакамітага “Слова пра паход Ігаравы” (пераклад Я.Купалы) адзначаў гэта: