Выбрать главу

Асаблівую цікавасць і непаўторную адметнасць гэтаму старадаўняму помніку хрысціянства надаюць устаўкі ў знадворныя чырвонацагляныя сцены паліраваных рознакаляровых валуноў і маёлікавых плітак зялёнага, карычневага і жоўтага колеру

Згодна  з даўно заведзеным правілам, апрацоўка камянёў  для храма праводзілася загадзя, далёка ад месца будоўлі. Таму ля царкоўных сцен ніколі не было непатрэбнай мітусні, шуму і грукату. Паважлівасць і пашанотнасць  да храма пачыналася на стадыі будаўніцтва.

З каляровых плітак на  вонкавых сценах Каложскай царквы  выкладзены рознай велічыні крыжы. Гэтыя колеравыя ўстаўкі з’яўляюцца важным элементам архітэктурнай адметнасці храма і яго апазнавальным знакам. Такім чынам даўнія  майстры ўвасобілі ў камені ідэю ўсёстваральнай і ўсёпераможнай Божай сілы.

У незвычайных крыжах Каложы сцвердзілася не толькі майстэрства дойлідаў, а і  іхняя прадбачлівасць. У іх закладзены глыбокі сімвалічны сэнс, які падкрэсліваецца не толькі колерам, але і бляскам, свячэннем. У сонечны дзень царкоўная сцяна ажно праменіцца таямнічым  мігценнем, дыхае  магутнай энергіяй. Адпаведна царкоўнай традыцыі, на візантыйскіх мазаіках Хрыста заўсёды атачала  залатая прастора, якая валодала цудадзейнай аберагаючай энергіяй. Яно, гэтае таямнічае і моцнае святло, укрыжаванае ў сценах Каложы, ахоўвала і абараняла саму царкву і яе вернікаў-прыхаджан ад злога, нядобрага, дадавала стваральнай сілы і хрысціянскай цярплівасці ў імя дабра роднай зямлі.

Калі  над васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно ў любую пару года найперш кідае свой ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, абярэжнай і жыццядайнай сілай свецяцца яе крыжы. І тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі-Нёмана, не толькі сам поўніцца і праменіцца  веліччу і годнасцю, але  насычае ёю душы вернікаў, любасцю і дабрынёй гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы і дзеі людзей Белай Русі.

А калі трапяткія нябесныя сузор’і буйнымі арабінавымі гронкамі зачаравана трымцяць у нёманскіх хвалях побач з абрысамі Каложы – гэтай праўдзівай перліны хрысціянскага свету, тады здаецца, што ў нерухомай цішыні пранікліва гучыць сказанае Богам: “І вочы мае і сэрца маё будуць там ва ўсе дні”.

БЯРЭСЦЕ

Кажуць, гарады, крэпасці, замкі, пабудовы, як і людзі – нараджаюцца, атрымліваюць сваё імя, ствараюць сваю біяграфію і свой лёс і… паміраюць. Шмат старадаўнасцяў знікла пад пылам гісторыі і попелам войнаў і на беларускай зямлі. Аднак дзякуючы людской дапытлівасці і настойлівасці час ад часу даецца шанц пабываць у гасцях у вечнасці.

Такую чароўную магчымасць даруе старажытнае Берасцейскае гарадзішча. Тут, на глыбіні сямі метраў, у грунце сівой гісторыі створаны  адзіны такі на Беларусі археалагічны музей.

Бярэсце… Хто і калі прыдумаў гэткую мілагучную назву?

Было тое за далёка далёкім, яшчэ паганскім  часам, калі людзі пакланяліся камяням, дрэвам, ператвараліся ў звяроў і птушак. Адзін багаты купец вёз на берагі Балтыкі свой тавар. Ды загруз ён у палескім балоце. Каб вызваліцца, зладзіў з беластволых  бяроз і бяросты плаціну, замасціў імі балота. Па гэтай гаці і выбраўся знаны госць. На сухім змайстраваў ён капішча і прынёс ахвяру свайму паганскаму богу Вялесу. А месца гэтае назваў Берасцем.   Так і з’явіўся на зямлі дрыгавічоў старажытны горад, над якім і дагэтуль кучаравымі воблакамі курацца легенды і паданні.

Давайце і мы праз стагоддзі спусцімся на ягоныя вулачкі, зазірнём у хаціны берасцян.

Чуеце, як па ходніках з тоўстых колатых дошак  з кашачаю асцярогай крадзецца сама гісторыя? Адчуваеце, як у звечарэлай цішыні мухавецкія туманы пахнуць рыбай і сенакосам? Чуеце, як па барах з ёкатам разлятаецца паляўнічае рэха? Бачыце, як босыя ганарыстыя бярозы, нібыта берасцянскія прыгажуні, атуліліся зялёнымі наміткамі і сцерагуць спакой старажытнага Бярэсця?..

Прымружце вочы і вы ўявіце, як шчыравалі тут злотнікі і мечнікі, шкларобы і ганчары, кавалі і ігольнікі, шаўцы і краўцы, шапачнікі і ліцейшчыкі. Падзівіцеся, як годна і дагэтуль выглядаюць шматсотгадовыя жаночыя ўпрыгажэнні – бранзалеты, падвескі, металёвыя пярсцёнкі, спражкі, вырабы са скуры, кашалькі, абутак і нават знойдзеная ў раскопе вязаная рукавіца. А  дубовае рала, адзінае для таго часу ў Еўропе, здаецца, яшчэ захоўвае мазольнае цяпло берасцянскіх аратых.