Выбрать главу

Вось і атрымлівалася ланцугова-залежная рэакцыя. Каб забіць аленя – патрэбны былі каменная сякера альбо крэмневы наканечнік на стралу. А для іх вырабу неабходны крэмень, які можна было здабыць з дапамогай рагоў аленя.

Пад’ёмных ліфтаў тады не існавала. Калі шахта станавілася ўсё глыбейшай і шахцёру было цяжка ў яе апускацца, скарыстоўвалі мудра прыдуманыя лесвіцы – ствол дрэва з коратка абсечанымі галінамі. Калі ж крамянёвыя канкрэцыі, так называлася сыравіна, знаходзілі ўбаку ад шахтнага ствала, тады ў крэйдзе выдзёўбвалі гарызантальныя адгалінаванні. Шахцёр$ рабіў гэта лежачы на жываце, бо вышыня раскопаў  не перавышала 60 сантыметраў. А каб выграбці адпрацаваную пароду або перадаць здабыты крэмень, гарняк адпаўзаў назад.

Шахты працавалі сезонна – толькі летам, бо зімой крэйда замярзала, а восенню і вясной падземную гаспадарку часта залівала вада. І тады крэйда станавілася мацнейшай за  бетон. Нават летам на дне шахт было холадна і сыра. Калі ў бакавы адгалінаванні не зазірала сонца, для асвятлення скарыстоўвалі лучыну. А каб пагрэцца, палілі проста ў шахце кастры, часам апускалі гаршкі з вуголлем.

Значны клопат надаваўся бяспецы шахцёраў. У гарызантальных выпрацоўках столь рабілі скляпеністай, пакідалі спецыяльныя слупы-падпоркі. Таму няшчасных выпадкаў практычна не здаралася. Толькі ў адной з многіх краснасельскіх шахт было выяўлена, як  лічаць вучоныя, рэдкае пахаванне старажытнага шахцёра, побач з якім знайшлі гаршчок ды касцяную іголку. А ўсяго ў Еўропе акрамя гэтага вядома толькі 5 выпадкаў знаходак чалавечых рэшткаў у шахтах.

Здабыты крэмень, які праляжаў у крэйдавай тоўшчы невядома колькі часу, быў вільготны і таму крохкі, як крышталь. Але затое ён добра паддаваўся апрацоўцы. Таму часцей за ўсё гэтым займаліся проста ў шахце. З дапамогай прасцейшых прыстасаванняў ад крэменю адлушчвалі, адсякалі ўсё лішняе. Пад зямлёй выяўлены нават своеасаблівыя молаты і накавальні, на якіх праводзілі першасную апрацоўку здабытай сыравіны.

Непасрэдна ў шахтах з крэменю выраблялі галоўным чынам загатоўкі сякер. У спецыяльных майстэрнях на паверхні іх даводзілі да ладу, надавалі зручную і прафесійна дасканалую форму. Уздоўж берага Росі іх месцілася шмат. Там дзень пры дні  клапатліва шчыравалі майстры сякерных спраў.

 Калі попыт мясцовых спажыўцоў здавальняўся цалкам, адбываўся абмен каменнымі вырабамі: мы вам сякеры, вы нам – наканечнікі стрэл, дроцікі, скрабкі, разцы, праколкі. Такім чынам краснасельскія шахцёры забяспечвалі патрэбы навакольных насельнікаў. І не толькі ў гатовых вырабах, але і ў сыравіне. А калі і там насычанасць была поўнпя, старажытныя крэменездабытчыкі адпраўлялі сваю прадукцыю на экспарт. Чым не прататып сучаснай эканомікі? Ды калі -- цэлых пяць з гакам тысяч гадоў таму.

Без усялякіх перабольшанняў можна сцвярджаць, што старажытныя крэменездабыўныя шахты на беларускай зямлі – унікальнае сведчанне майстравітасці, кемнасці і здатнасці нашых далёкіх прашчураў. Гэта каштоўныя крыніцы даследавання прафесійных заняткаў першанасельнікаў беларускай зямлі.

Калі раптам вам надарыцца ўбачыць старадаўнюю каменную сякеру, альбо нейкі іншы выраб, альбо проста знайсці кавалак крэменю, не старайцеся адразу выкідваць іх. Патрымайце на сваіх далонях, і вы адчуеце цяпло рук тых, хто шмат тысячагоддзяў таму здабываў каштоўную сыравіну, хто сваімі мазольнымі пальцамі надаваў ёй патрэбную форму. А мо гэта будзе крэмень акурат з першай беларускай шахты, што месцілася ля ваўкавыскага пасёлка  Краснасельскі.

КРЭЎСКІ ЗАМАК

Між маляўнічых боханаў-пагоркаў Смаргоншчыны атуленыя шаўкавістай муравой ціха дрэмлюць ссівелыя ад часу і ваеннага попелу руіны некалі магутнага і грознага Крэўскага замка. Гэта быў першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім. Збудаваны ў сутоках рэчак Крыўлянка і Шляхцянка на заходняй ускраіне вёскі Крэва ў 30-я гады ХІV стагоддзя, замак  надоўга стаў  сімвалам магутнасці і дзяржаўнай моцы вялікалітоўскіх уладароў.

Будавалі замак на балоцістым поплаве і насыпанай з пяску выдме. Таму нават пад глыбокія (2—3 метры) фундаменты падкладвалі своеасаблівыя падушкі з дробнага камення і гліны, дубовых і яловых жэрдак і галін – каб мякка было амаль трохметровай таўшчыні сценам, каб не разносілася рэха страшных падзей, што часам тварыліся тут.