Выбрать главу

Па загадзе караля польскага ў 1387 годзе ў Крэве быў заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Дэманстратыўна яго заклалі на рэштках язычніцкага капішча, дзе крывічы пакланяліся свайму богу Перуну.

Ды нічога не даецца дарма. Суродзічы караля не маглі пагадзіцца з акаталічваннем беларускіх і ўкраінскіх земляў. Супраць Крэўскай уніі і ўлады Ягайлы выступілі полацкі князь Андрэй Альгердавіч і будучы вялікі князь Вітаўт.

Не ладзілася і асабістае жыццё караля. У трыццаць пяць гадоў ажаніўшыся з дванаццацігадовай Ядвігай, праз трынаццаць гадоў сумеснага жыцця Ягайла аўдавеў, не займеўшы наследнікаў. Яшчэ тры разы жаніўся ён. І толькі з беларускай князёўнай Соф’яй Гальшанскай шлюб аказаўся ўдалым.

Коштам жахлівых страт адстойвалі нашы продкі права быць гаспадаром у сваёй хаце, доме, горадзе, надзеле. Муры Крэва зведалі шматлікія аблогі і спусташэнні. Замак штурмам браў мяцежны князь Свідрыгайла, бамбардзіравалі крыжакі,  некалькі разоў безвынікова штурмавалі крымскія татары. У 1519 годзе ён быў захоплены маскоўскімі войскамі

Тут меў прыстанішча рускі князь Андрэй Курбскі. У 1564 годзе ён уцёк ад дэспатызму Івана Грознага. Хто ведае, мо менавіта ў гэтым замку нараджаліся знакамітыя палемічныя лісты Курбскага да рускага цара….

Разбурэнне  манументальнай сярэднявечнай крэпасці дакончыла Першая сусветная вайна. Больш як тры гады Крэва знаходзілася на лініі фронту. У замку гаспадарылі немцы. Пад абстрэламі моцна пацярпела знакамітая Княская вежа, сам замак.

А таленавіты творца і жорсткі знішчальнік час сваімі нястомнымі жорнамі перамалоў і велізарныя ледавіковыя валуны ў сценах Крэўскага замка, і самі легендарныя сцены. Руіны замка сёння нагадваюць разбуранае гняздо былой славы. Аднак і дагэтуль жыве і жыцьме слынная гісторыя замка-сімвала. Бо менавіта з яго вылузаліся ў свет шмат якія лёсавызначальныя не толькі для вялікалітоўскай дзяржавы, а і для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы падзеі і з’явы.

МІР – ЦЫГАНСКАЯ СТАЛІЦА

Беларускае мястэчка Мір шырокую вядомасць у Еўропе і свеце набыло найперш сваім замкам – выдатным помнікам абарончага дойлідства ХУІ стагоддзя. Але за смугой часу ці не зусім забылася, што Мір быў і сапраўднай цыганскай сталіцай на ўсё Вялікае княства Літоўскае. Тут праводзіліся выбары караля ўсіх цыганоў, тут ён жыў, тут была яго рэзідэнцыя.

Адкуль жа і як з’явіліся цыганы на Беларусі? Хоць іхняя гісторыя і ахінута наміткай таямнічасці і загадкавасці, аднак захаваліся звесткі, што гэтая старажытная індыйская каста была самай непаважанай і гнанай. Калі на пачатку ХУ стагоддзя іх хацелі змусіць да ісламу, цыганы ўцяклі   з Індыі спачатку ў Аравію, пасля ў Егіпет, адтуль у Турцыю. А затым яны з’явіліся  ў Малдавіі, Галіцыі, Польшчы. А з Польшчы ўжо трапілі і на беларускія землі. Тут прынялі іх сапраўды шчыра, нават гасцінна. Калі ў іншых краінах цыганоў цкавалі, даймалі непавагай, нават забівалі, то ў Вялікім княстве Літоўскім гэтага практычна не было. Хоць, вядома, гэтыя няўрымслівыя дзеці ветру не былі цішэй вады і ніжэй травы.

Самым першым дакументам, які пісьмова засведчыў побыт цыганоў на беларускіх землях, з’яўляецца прывілей вялікага князя Аляксандра Казіміравіча ад 25 мая 1501 года, які захоўваўся ў нясвіжскім архіве князёў Радзівілаў. Прывілей зацвярджае на пасадзе старшага войта, па-сённяшняму – барона, Васіля і надае яму “моц і права судзіць цыганоў і разбіраць усялякія спрэчкі паміж імі. Войт Васіль і яго цыганы ва ўсіх землях нашых Вялікага княства Літоўскага і ў яго валасцях павінны мець поўную свабоду паводле даўных правоў, звычаяў і даўных княскіх лістоў”. Спасылка на “даўныя правы” і “даўныя княскія лісты” сведчыць, што цыганы і да гэтага былі звязаны з беларускімі землямі і мелі тут добрае спрыянне. Яны не толькі вандравалі па дарогах Вялікага княства,  часта чынячы шкоду гаспадарам коней, а і стала асядалі на працу.

Аднак з паловы ХVІ стагоддзя адносіны да гэтых вандроўнікаў змяніліся ў Польскім каралеўстве, што мела ўплыў і на канфедэратыўныя беларускія землі. Нават у Літоўскім  Статуце з’явіўся запіс, паводле якога цыганы выганяліся з ВКЛ.  Ды, відаць, і раней законы лацвей пісаліся, чым выконваліся. Таму ўжо ў наступным стагоддзі цыганы трапілі пад абарону беларускіх паноў. А самым спрыяльным сталася для іх ХVІІІ стагоддзе. У гэты час яны стала атабарыліся  і ў Міры, які належаў нясвіжскім Радзівілам. Княжыў тады Караль Станіслаў Радзівіл. Нейкі час ён нават жыў у Міры. Гэты дзівакаваты князь, празваны Пане Каханку, наладжваў тут шумныя балі, гулянкі, меў асаблівыя адносіны да цыганоў, захапляўся іхнімі звычаямі, падтрымліваў іх.