Выбрать главу

У знак асаблівай пачцівасці да чорнавалосых і смуглатварых дзяцей ветру ўвёў тытул цыганскага караля, надзяліў яго дадатковымі правамі. Караля выбіралі з багатых і статных цыганоў на Мірскім полі. На гэты час сюды з’язджаліся табары з усяго Вялікага княства Літоўскага. Новавыбранага вярхоўнага кіраўніка тройчы з радаснымі воклічамі падымалі на руках угару, засыпалі рознымі падарункамі. Першацыган меў вялікую ўладу над сваімі суродзічамі, мог караць іх і мілаваць.

Калі ў Польшчы выбарныя цыганскія кіраўнікі атрымлівалі пацвярджэнне сваёй улады з  каралеўскай канцылярыі, то ў ВКЛ на пасаду іх узводзілі Радзівілы. Згодна з гэтай традыцыяй,  Пане Каханку сваёй граматай ад 22 ліпеня 1778 года зацвердзіў каралём цыганоў у Міры мешчаніна Яна Марцінкевіча, які стаўся самай знанай і каларытнай асобай.

На манер свайго апекуна і дабрадзея Караля Радзівіла Ян Марцінкевіч любіў праявіць уладу, паказаць сваю каралеўскую мосць. Як сапраўдны кароль, ён збудаваў у Міры прыгожы палац, дзе вясёлае жыццё віравала нібы ў  шатры. На шумныя цыганскія бяседы сюды прыязджалі знаныя польскія асобы, пашаноўныя госці, Радзівілы. За 12 гадоў кіравання Ян Марцінкевіч добра ўславіўся сваімі дзівацтвамі. Пры ім цыганская сталіца не раз звінела вясёлымі песнямі, шумела пышнымі святамі і відовішчамі. Як сведчыць беларускі этнограф З.Даўгяла, апранаўся кароль модна, замест шаблі насіў бізун. “Калі трэба было яму ехаць, то звычайна ўперадзе ехалі дзесяць спевакоў з кіраўніком (паўкерам), які біў рэмнем па кацялках. За спевакамі ехаў сам кароль на добрым кані, вельмі хораша прыбраным. Ззаду за ім – сем цыганоў у рознакаляровым убранні. За імі вялі некалькі троек парожніх коней. Затым, у старасвецкім рыдване, які быў вымаляваны ў пунсовы колер, ехала каралева на васьмёрцы коней”.

Іншыя сцвярджаюць, што кароль любіў катацца ў пазалочанай карэце, запрэжанай дванаццаццю коньмі. Суправаджаў яе вялікі і размаіты натоўп рознага служылага каралю люду, коннікі. Гэткую ж світу меў ён і пад час пешых праходак. А сустрэчныя цыганы мусілі ў пакорлівай схіленасці вітаць свайго Бацю Яна.

Але сярод цыганскіх іерархаў сустракаліся і больш жорсткія. Апавядаюць, што ў Лідскім павеце цыганы мусілі нават узбунтавацца супраць тамашняга верхаводы Якуба Знамяроўскага: так дапёк ён сваім самадурствам. Было гэта напрыканцы  ХVШ стагоддзя. Гарачы і бунтоўны цыганскі народ запіхнуў Якуба ў мех, падвесіў важкі груз да бэлькі ў хаце і добра выменціў галоўнага цыгана – білі не шкадуючы. Аднак жа павагу да ўлады не страцілі. Адвёўшы душу, абдарылі першацыгана падарункамі і правялі дадому. Кажуць, на начальніка гэта паўплывала станоўча.

 Марцінкевіч быў апошнім мірскім каралём. Пасля смерці Яна цыганскі трон атрымаў яго сын, які неўзабаве кінуў-рынуў усё набытае ў Міры і вольным ветрам  разам са сваімі суродзічамі паляцеў у Турцыю. Тыя ж, што засталіся, стваралі свае суконныя, ткацкія і скураныя мануфактуры, якія славіліся на ўвесь край. Цыганскае палатно вылучалася добрай якасцю і носкасцю. У многіх міран доўга захоўвалася гэтае ткацтва. З яго нават шылі царкоўныя шаты. А пра не вельмі сумленных людзей хадзіла прымаўка: “Майстар з Міра, што цяў, то й дзіра”. Багаты  рыштунак з палаца  Яна Марцінкевіча яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя захоўваўся ў Мірскім  замку.

З лёгкай рукі цыганоў Мір праславіўся сваімі шматлюднымі конскімі базарамі. Людзі тады казалі, што з-за коней і цыганоў свету божага не відаць. Часта купля-продаж абрастала такімі пацешнымі абставінамі, што нагадвала дзівосную забаву. Сапраўднымі майстрамі выявілі сябе аселыя цыганы ў гадоўлі мядзведзяў. Нават Радзівілы бралі ў іх вучняў для знакамітай Смаргонскай акадэміі,  дзе гэтых дужых звяроў адмыслова вучылі розным штукарствам. Займаліся цыганы кавальствам, слясарнай справай, выразалі з дрэва. Яшчэ мо і сёння ў жыхароў Міра захоўваюцца іхнія драўляныя сальніцы, бочкі, дзежкі, міскі,  дзіцячыя цацкі і іншыя вырабы.

Аднак, вядома, неад’емнай рысай цыганскага жыцця былі гандаль, карты, гаданні, песні, скокі. Калі часам у цыгана пыталіся:  “Якой ты веры?”,  ён адказваў: “За грошы -- якой хочаш, бацю!”

Пазней  расійская імператрыца Кацярына Вялікая выдала ўказы,  згодна з якімі цыганы  мусілі прапісацца ў гарадах і адмовіцца ад вандровак. Шмат хто пайшоў тады ў купецтва, дасягнуў там значных поспехаў. А большасць бедных і безмаёмных былі ператвораны ў казённых сялян.