Выбрать главу

Як зоркі і месяц, шапаткая цішыня і мурожны пах з’яўляюцца вызначальнымі прыкметамі сапраўднай летняй ночы, так кібітка, песня і шацёр дагэтуль служаць адметнымі асаблівасцямі сапраўднай цыганскай вольнасці. І калі пачуеце раптам прывольны і распеўны, гарачы і тэмпераментны цыганскі напеў, згадайце гэтых няўрымслівых адвечных падарожных, якіх здавён і надоўга лёс звязаў і з беларускай зямлёй.

МУЗЕЙ ВАЛУНОЎ

Беларусы з даўніх давён кланяліся і пакланяліся камяням. Кланяліся, калі да сёмага поту стараліся выбраць іх з кожнага сялянскага поля, а тыя, як жывародныя, усё вылузваліся і вылузваліся з зямлі. Кланяліся, будуючы з іх крэпасці і замкі, палацы і цэрквы, стайні і свірны, брукуючы грукатлівыя гасцінцы. І паважалі, як належыць, за іхні сталы ўзрост.

З далёкіх дахрысціянскіх часоў беларусы верылі ў цудадзейную сілу камянёў, шанавалі іх як сімвалы боскіх істот. Нашы даўнія продкі лічылі, што сімвалам бога Перуна, напрыклад, з’яўляецца каменная сякера. Ёю сівабароды грамавержац рассякае чорныя хмары і апладняе зямлю дабрадзейным дожджыкам. Яшчэ і дагэтуль можна знаходзіць  тыя “Перуновы стрэлы”. Лічылася, што каменная сякера абараняе ад злых духаў, спрыяе ўрадлівасці і пладавітасці, ратуе ад хвароб. Меркавалі, што чалавека з  такой сякерай не зачэпіць ні д’ябал, ні маланка.

З асаблівай цнатлівасцю адносіліся беларусы да культавых камянёў, камянёў-прошчаў, следавікоў з адбіткамі слядоў Хрыста, Багародзіцы, святых угоднікаў. У дні свят да іх ладзілі хрэсныя ходы, богаслужэнні, ім прыносілі ахвяры, каля іх будавалі капліцы, цэрквы.

Магутныя ледавікі яшчэ задоўга да з’яўлення першых пасяленцаў на беларускай зямлі не раз і не два старанна прасавалі яе, пакідаючы пасля сябе мноства вялізных і важкіх валуноў. Багата іх сталася пазней сапраўднымі абярэжнікаі і ахоўнікамі гэтага краю. Яшчэ і сёння можна пакланіцца гэтым шурпатым скандынаўскім прышэльцам, папрасіць у іх заступніцтва, дапамогі і спрыяння сабе і свайму народу, спазнаць іх дабратворны ўплыў. Зрабіць гэта можна не толькі ў запаведна-святых месцейках Беларусі, дзе захоўваюцца культавыя камяні, а і ў Музеі валуноў, які знаходзіцца пад адкрытым небам ледзь не на галоўным праспекце сталіцы. Гэты унікальны для Беларусі і ці не адзіны ў свеце музей створаны ў 1985 годзе як Эксперыментальная база па вывучэнню ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук.

Каля 3 тысяч рэдкіх гістарычных памятак звезена сюды з усіх куткоў нашай зямлі. Збочыўшы з шумных гарадскіх вуліц на ціхі поплаў, што ля мікрараёна “Уручча”, можна сустрэцца не толькі з Перуном і Дажбогам, Князь-каменем і Вялесам, Асілкам і Святым каменем, але і са Змеем, Чортам і іншымі нячысцікамі, якія таксама ўсяляліся ў камяні. Можна без перасцярогі рукамі пакратаць найстаражытнейшы музейны экспанат Беларусі – валун, якому больш за 2 мільярды гадоў.

З біблейскіх часоў вядома, што грэшнікаў збівалі камянямі, неслухаў ператваралі  ў валуны. “Каб ты каменем стаў” – дагэтуль клянуць у нас благога чалавека. Нават Закон Майсея, як сведчыць Біблія, быў накрэслены на камянях: “І звярнуўся Гасподзь да Майсея: падыміся да мяне на гару, і будзь там; і дам табе скрыжалі з каменя, і закон, і запаведзі, якія  я напісаў для навучання іхняга".

Ці не з той пары з’явілася ў беларусаў звычка рабіць на камянях надпісы? Выдатнымі помнікамі эпіграфікі ХІІ стагоддзя – гэткага каменнага пісьма -- з’яўляюцца знакамітыя Барысавы  камяні, што знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. “Господі помозі рабу своему Борисоу”. Гэткі надпіс-заклінанне высечаны  на іх па загаду полацкага князя Барыса. Адзін з 7 гэтых камянёў называўся Барыс-Хлебнік. Як казалі, ён “выходзіў з вады” пад свята Барыса і Глеба – 24 ліпеня. У гэтую пару звычайна пачыналася жніво, што і засведчана ў прымаўцы: “На Глеба-Барыса за хлеб бярыся”. Зараз Барыс-Хлебнік спачывае ля знакамітага Сафійскага сабора ў Полацку.

 У Аршанскім раёне доўга захоўваўся знакаміты на ўсю Еўропу  Рагвалодаў камень з надпісам: “В лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении Рогволоду сыну Борисову». Гэты надпіс-маленне зрабіў князь  пасля галоднай зімы ў спадзеве на будучы добры ўраджай. Легенды апавядаюць, што камень стаяў на чатырох нагах, быў падобны на звера, меў каменную галаву, з якой тамтэйшы млынар зладзіў жорны. Ды камень не толькі сам змалоўся ў пясок, але і  перамалоў увесь набытак і ўсё сямейства млынара.

Некаторыя даследчыкі называлі гэты помнік прыроды дальменам – найстаражытным збудаваннем накшталт вялізнай каменнай скрыні, накрытай пляскатай плітой, якая мела свой унутраны аб’ём. Згадваюць, што і пад Рагвалодавым каменем часта хаваліся ад дажджу мясцовыя сяляне. У 1805 годзе над ім была збудавана капліца, на пакланенне ў якую сцякаліся вернікі з многіх ваколіц.