Цяпер, сканцэнтраваўшы iх у карнай роце, выслалi на абток Анзэр, дзе пасадзiлi ў фiлii «Галгофа». Назоў добра адпавядаў iхнай долi. Анзэрская «Галгофа» была для iх запраўднай Галгофай. Тутака прымушалi iх працаваць непасiльна, адначасна зьмяншаючы паёк. Тут зьдзеквалiся над iмi i наругалiся на ўсе лады.
Толькi ў 1932 г. камандыроўка «Галгофа» была зьлiквiдавана, i ксяндзоў з папамi парасьцярушвалi па iншых аддзелах лягеру.
На Салоўках сярод палiтычных вязьняў (контррэвалюцыянэраў) быў надта вялiкi працэнт людзей рэлiгiйных.
Крымiнальны элемэнт — зладзеi, душагубы, бандыты, прастытуткi — блiзу ўсе былi бязбожнiкi. Iхная гутарка ўсьцяж перасыпаецца асаблiвай маскоўскай лаянкай, у якой зневажаецца памяць маткi. Кажучы, быццам гэтая лаянка сягае часоў татарскае няволi i была ўжываная наезьнiкамi. Тады яна мела, прынамсi, нейкi сэнс, бо калi й не адпавядала запраўднасьцi, дык мела на мэце зьняважыць нявольнiка. Цяпер гэтая агiдная лаянка мае гэткi агульны й асаблiвы характар, што часта два прыяцелi, доўга ня бачыўшыся, лаюцца пры спатканьнi ад радасьцi. Бо ўся справа ў тоне. Калi лаюцца з пагрозай, тонам зачэпным — дык гэта знявага. Калi-ж тон прыязны ды яшчэ зь мiлай усьмешкай, лаянка гэтая можа быць выяўленьнем радасьцi, i зьдзiўленьня, i захапленьня.
Рэвалюцыя перарабiла гэтую лаянку на агiдную абразу Бога. Нават форма яе вельмi хутка прышчапiлася й блiзу ня зыходзе з вуснаў савецкага зброду.[17] У гэткiм асяродзьдзi, сярод бязбожнiцкiх выкрыкаў, шапочуць свае малiтвы тыя, хто верыць у Бога.
Узгадаваньне
Савецкiя вастрогi шмат аддаюць увагi на «ўзгадаваньне» вязьня. Бо мэтай трыманьня ў вастрозе мае быць ня кара, але паправа.
Галоўную ўвагу аддаюць на «ўзгадаваньне» сацыяльна блiзкiх — гэта значыць — злодзеяў, душагубаў, бандытаў i да г. п. крымiнальных злачынцаў. Бо яны быццам зьяўляюцца ахвярамi старога капiталiстычнага ладу, а новы сацыялiстычны лад стаўляе сабе за заданьне лiквiдацыю сумнае спадчыны мiнулых часоў.
Дзеля «ўзгадаваньня» служаць:
1) лекцыi «палiтграматы» — нiбы свайго роду савецкага катахiзму;
2) узгадавальныя ўплывы;
3) сьценгазэты;
4) «красные уголки» (чырвоныя куткi);
5) кiно, клюбы, розныя лекцыi, тэатральныя паказы i да г. п.
Палiтграмата ўводзiць у дэгэнэраваныя мазгаўнi крымiнальных вязьняў паняцьце аб клясавасьцi, здабычах рэвалюцыi, дасягненьнях «пяцiгодкi», канстытуцыi савецкага гаспадарства.
За ўзгадавальнiкаў («воспитатели») прызначаюцца тыя самыя вязьнi, толькi ўжо даволi дасьведчаныя мудрасьцi «палiтграматы», клясавая прыналежнасьць якiх дае паруку, што яны будуць акуратна выконваць свае абавязкi. Гэтыя «ўзгадавальнiкi» глядзяць перш за ўсё, каб iхныя гадунцы былi палiтычна лёяльнымi i адначасна выконваюць ролю шпiкаў у дачыненьнi да сваiх таварышоў.
Сценгазэта займаецца даносамi на пiсьме (ананiмна). Яе пiшуць рукой i налеплiваюць пэрыядычна на сьценах. Пiшуць тутака аб вастрожным жыцьцi, «клеймяць» нядбалых у працы i парушальнiкаў вастрожных правiлаў, заахвочваюць да «ўдарнiцтва», падаюць прозьвiшчы тых, хто наагул нечым праштрапiўся.
Гэтая форма «данасiцельства» дае шырокае поле да асабiстых разрахункаў памiж вязьнямi.
«Красные уголки» — гэта як быццам каплiчкi бальшавiцкiя. Для iх вызначаюць найлепшыя памешчаньнi ў вастрозе. У куце пастаўлены гiпсавы бюст Ленiна на прыбраным у чырвань фоне. На сьцяне партрэт «отца трудящихся» Сталiна. Далей лёзунгi. Пасярэдзiне стаiць стол, засланы чырвоным рызманом, а на iм параскiданыя савецкiя часапiсы, якiя выпiсваюцца прымусова на кошт вязьняў.
Тэатр
Мае нарысы былi-б няпоўнымi, калi-б я ня ўспомнiў аб прыступных салавецкiм вязьням культурных спосабаў праводжаньня часу. Першым чынам мушу сказаць аб тэатры.
Ясна, што тэатр становiць сабой найбольш магутны спосаб агiтацыi. Кажны савецкi фiльм, кажная тэатральная п'еса мусiць быць перадусiм беззаганнай зь iдэалёгiчнага боку. Вузкiя рамкi бальшавiцкае iдэалёгii — ясна — адлюстроўваюцца i на тэмах гэтых п'есаў. Тэмамi п'есаў, якiя ставiлiся ў салавецкiм тэатры, былi найчасьцей: кастрычнiцкая рэвалюцыя, нутраная вайна 1917–1919 гадоў, далей — здабычы сацыялiстычнага будаўнiцтва, далей — шкоднiцтва, якое перашкаджае ў гэтых дасягненьнях, урэшце — калектыўная гаспадарка на вёсцы. I ўсё гэта паўтараецца бясконца.
Салоўкi мелi, як на вастрожныя дачыненьнi, зусiм не благi тэатр, у якiм магло зьмесьцiцца больш за 500 душ. Сцэна даволi вялiкая. Ёсьць патрэбная для спэктакляў электрычная iнсталяцыя. Тэатр зроблены з былой манастырскай «трапезнай» (сталовай залi) i сумежных памешчаньняў.
17
Гэта было напiсана пасьля майго павароту з катаргi. Цяпер, у 1941 г., пабачыўшы бальшавiкоў у Вiльнi, я заўважыў з гэтага боку прагрэс. «Матерщину» даводзiлася чуць надта рэдка.