Выбрать главу

Значыцца, Файлу не памыляўся, калі казаў пра цень…

Пасля таго абодва таварышы ўвесь час ішлі ззаду, пакуль не атрымалі ад Чунг-лі ліст, які ён прышпіліў да дрэва. Такім жа спосабам яны далі яму «адказ», ад якога ледзь не здарылася бяда.

Аднаго кітайскага знака на лісціне было досыць, каб Чунг-лі мог зразумець, што ўсё ідзе добра.

І вось цяпер яны чакалі самога Чунг-лі, які, відаць, спадзяваўся тут уцячы.

— Нядобра так сядзець і чакаць, — казаў Качу. — Можа, ён сам не здолее вырвацца, можа, яму патрэбна будзе дапамога?

— І я сам так думаю, — сказаў Хунь-чжы, — але, мабыць, ён лепш ведае, што і як трэба рабіць.

У гэты момант над іх галавой пачуліся нейкія крыкі.

Сябры ўскочылі, нібы іх змяя ўкусіла, і паднялі галовы ўверх.

На выступе, сашчапіўшыся, качаліся два чалавекі. Адразу відаць было, што барацьба ідзе насмерць. Адзін быў вялікшы і дужэйшы, але другі, відаць, спрытнейшы.

Сябры адразу пазналі Чунг-лі і Файлу.

Хунь-чжы ўхапіўся за стрэльбу, але нельга было і думаць, каб трапіць акурат у Файлу: яны круціліся і мяняліся месцамі кожны момант. Ужо некалькі разоў Файлу быў наверсе, але кожны раз спрытны Чунг-лі выкручваўся.

І разам з гэтым абодва няўхільна пасоўваліся да краю. Кожны момант яны абодва маглі паляцець у бяздонне…

Хунь-чжы ўсё цэліўся, а Качу тым часам прабаваў узлезці наверх. Але не паспеў ён прыстасавацца, як ахнуў ад новага з'явішча.

Чунг-лі, лежачы пад сподам, неяк паспеў ухапіцца рукамі за куст і, напружыўшы ўсе сілы, так штурхануў Файлу нагамі, што той паляцеў уніз, але паспеў учапіцца за нагу Чунг-лі.

Настаў самы жудасны момант: Файлу хістаўся ў паветры, стараючыся абаперціся дзе-небудзь нагамі; Чунг-лі біў яго другою нагой, але дарэмна. Абодва яны трымаліся толькі за невялічкі куст, які пачынаў ужо трашчаць.

Усё гэта адбылося значна хутчэй, як мы тут апісваем.

— Трымайся, Чунг-лі,— мы тут! — крыкнуў Хунь-чжы і стрэльнуў.

Файлу задрыгаў нагамі, але не выпускаў з рук нагі Чунг-лі. Відаць, што куля толькі параніла яго.

Раздаўся другі стрэл. Файлу зароў дзікім голасам, амаль што перастаў варушыцца, але нагі ўсё ж такі не выпускаў з рук. Куст тым часам яшчэ больш пачаў трашчаць.

Магло здарыцца нешта зусім недарэчнае: мёртвы мог загубіць жывога!

Новы стрэл — і тады толькі пальцы пачалі расшчапляцца. Яшчэ раз штурхнуў нагой Чунг-лі, і Файлу, як мех, грукнуўся ўніз.

— Вось дзе знайшоў смерць, сабака! — злосна і радасна сказаў Хунь-чжы і штурхануў труп нагою.

— Ці зможаш злезці? — крыкнуў Качу да Чунг-лі.

— Магу, зараз, — адказаў той зверху ледзь чутным голасам.

З вялікай цяжкасцю злез Чунг-лі. Увесь ён быў абшарпаны: кроў была на твары, на руках, на грудзях і спіне, але ніякага значнага калецтва, на шчасце, не было. Калі ён памыўся і асвяжыўся ў халоднай вадзе, тады ўжо зусім зрабіўся бадзёрым.

— Як жа ж усё гэта здарылася? — перш за ўсё запыталіся яго таварышы.

— Калі я раней блукаўся ў гэтых месцах, — пачаў расказваць Чунг-лі,— мне раз здарылася спусціцца ўніз у гэтым самым месцы. Паміж іншым, тут я знайшоў і самы вялікі кавалак золата. Ну, дык вось, калі я вам пісаў ліст, я і прыпомніў гэтае месца. Пасля таго, як мяне сталі асабліва пільнаваць, я ўбачыў, што ўцячы будзе нялёгка, бадай-што немагчыма, галоўным чынам дзякуючы гэтаму сабаку, — штурхануў ён нагой мерцвяка, — тады я і надумаўся ўцячы тут. І вось, калі мы ішлі па сцежцы, я, нібы знянацку, з прадсмяротным крыкам зваліўся ў бяздонне. Паступова, трымаючыся за кусты, я спусціўся на пляцоўку і ўжо збіраўся спакойна злазіць далей, як бачу — ляціць за мной гэты падлюга. Ен, пракляты, сцяміў, што я зваліўся наўмысля, і нават рызыкнуў сваім жыццём, каб толькі перашкодзіць мне.

— І добра зрабіў,— дадаў Хунь-чжы. — Прынамсі нам не трэба цяпер клапаціцца, каб знішчыць гэтага гада. Сабаку сабачая смерць.

— Але застаюцца яшчэ другія, — шматзначна сказаў Качу.

— Праўда, ёсць яшчэ Брук, якога таксама трэ было б знішчыць, — сказаў Чунг-лі,— але яго тут няма: ён застаўся абараняць катэр.

— Я гатоў ісці на канец свету, — ускрыкнуў Хунь-чжы, — каб толькі забіць гэтага звера. Ен нават горшы за Файлу.

— Праўда, — згадзіўся Чунг-лі,— я таксама хацеў бы, але ён далёка.

— І гэтых добра было б перастраляць, — зноў сказаў Качу.

Чунг-лі засмяяўся.

— Ты, відаць, гатоў усіх перастраляць, — сказаў ён, — але можа здарыцца, што і цябе падстрэляць.

— Ну, цяпер тут з-за каменя ці з вышыні лёгка было б застрэліць каго-небудзь з іх, — не спыняўся Качу.

— Не, брат, — сказаў Чунг-лі,— нягожа нам гэтым займацца. Усіх нялюбых людзей не перастраляеш. Ды і карысці з гэтага не будзе: усё роўна знойдуцца другія такія самыя. Досыць будзе, калі нам удасца знішчыць самых шкодных.

Але Качу ніяк не хацеў разумець: так лёгка, проста і, галоўнае, беспакарана можна было застрэліць некалькі ворагаў, а тут чагосьці шкадуюць іх.

Хунь-чжы таксама згаджаўся з братам.

— Я ад усяго сэрца жадаю ім усім загінуць тут, — казаў ён, — але займацца гэтым не хачу. І нядобра, і не варта.

Дзень тым часам скончыўся. Праўда, там, наверсе, было яшчэ светла, верхавіны гор яшчэ ззялі на сонцы, але тут, унізе, быў ужо змрок. І ўдзень і ўначы аднолькава ціха і бязлюдна было тут; толькі рака безупынна шумела ў цішыні.

— Трэба кінуць гэтую падлу, каб не смярдзела, — сказаў Качу, узяў за ногі Файлу і павалок яго ў раку.

Мярцвяк паскакаў па бурных хвалях, як жывы, стукнуўся некалькі разоў аб каменні — і знік.

Недалёка знайшлі яны прытульны куток пад скалою і спакойна пераначавалі. Назаўтра Чунг-лі павёў іх шукаць золата ў другое месца.

ІХ

Залатая ліхаманка. — Жывы мярцвяк. — Небяспека для аўтарытэту Англіі.— Уцекачы ў пастцы. — Таемнае знікненне. — Каму радасць — каму гора.

Экспедыцыя Скота начавала на некалькі кіламетраў вышэй па рацэ. Зранку яна таксама выправілася шукаць золата.

Некалькі разоў яны рабілі пробы. Час ад часу бралі пясок, прамывалі і прыглядаліся, ці няма якіх-небудзь слядоў золата. Пасля многіх разоў яны, нарэшце, заўважылі некалькі жоўтых макавінак.

Гэта сведчыла, што ў гэтых мясцінах сапраўды ёсць золата. Але каб здабыць яго, трэ было б арганізаваць тут цэлае прадпрыемства, сталае, з сотнямі рабочых, з машынамі, якія б прамывалі сотні тон пяску ў дзень. Так яно звычайна і робіцца ўсюды, і калі тона пяску дае пяць-шэсць грамаў золата, то прадпрыемства лічыцца прыбытковым.

Але побач з гэтым сустракаюцца самародкі, кавалкі чыстага золата, вагою часам па некалькі кілаграмаў.

Вось за гэтымі самародкамі і гоняцца людзі, як шалёныя.

Ледзь толькі разлятуцца чуткі, што ў якой-небудзь мясцовасці знайшлі самародкі, туды пачынаюць збірацца людзі часам з усіх канцоў свету. Трацяць апошнюю сваю маёмасць, навыперадкі пруць адзін за адным, каб толькі першаму з'явіцца ў такі куток, дзе яшчэ ніхто не быў.

Колькі сварак, забойстваў і ўсялякіх злачынстваў звычайна адбываецца ў такіх «залатых старонках»! Усяму свету знаёмая так званая «залатая ліхаманка», прага да лёгкага багацця. І сапраўды, гэтае пачуццё падобна да хваробы. Той, хто захварэў на залатую ліхаманку, не спіць, не есць, усё на свеце забывае, усё ахвяруе, траціць свядомасць і толькі думае аб адным: як бы знайсці вялізны самародак.

І распаўсюджваецца гэтая хвароба не горш за іншыя. Якому-небудзь шчасліўцу пашанцавала знайсці такі самародак. Слава аб ім разносіцца далёка навакол. Усе аб гэтым ведаюць, усе яго бачаць, і кожны думае: а чаму ж і мне не можа пашанцаваць? І пачынаецца гэтая залатая ліхаманка.

Сотні, тысячы людзей кідаюцца шукаць, — і вось сярод гэтых тысяч зноў аднаму пашанцавала. Зноў слава ідзе, зноў усе бачаць толькі яго, і зноў тысячы людзей бягуць.

А аб тых тысячах, якім не ўдалося знайсці, ніхто і не думае, ніхто іх не лічыць.