Выбрать главу

Ці ведала сама Мгу, што лёс яе звязваўся з гэтым чоўнам? Вядома, яна пра гэта не раз чула і лічыла справу вельмі простай і звычайнай: калі старэйшыя так кажуць, значыцца, так і трэба. Ды, уласна кажучы, яна нічога і не магла мець супраць. Іхнія сем'і даўно ўжо жывуць дружна, разам і адчуваюць сябе адной сям'ёй. Іншыя суседзі сустракаліся рэдка, бо ўмовы не дазвалялі многім жыць разам. Нават і два чоўны разам бывалі рэдкасцю. Толькі Тайдо ды Кос часцей сустракаліся і ўжо даўно парашылі пажаніць сваіх дзяцей.

Чоўны выехалі з бухты. Манг насіўся ў сваім кану навакол, як тыя кіткі: то перагоніць, то адстане, то ад'едзе ўбок. Ен быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Гэта быў самы шчаслівы момант у яго жыцці.

Праз некаторы час яны ўбачылі яшчэ адзін човен, які, як відаць, накіроўваўся да іх.

— Здаецца, гэта Нгара, — прамовіў Кос.

— І, відаць, мае справу да нас, — сказаў Тайдо.

— Гэй, стойце! — крыкнуў новы чалавек.

Чоўны спыніліся. Пад'ехаў Нгара. Гэта быў чалавек гадоў дваццаці пяці, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. Такое адзенне было не горш за звярыную скуру, але ўсё ж такі кожны мужчына марыў набыць сапраўднае, скураное. Бяда толькі ў тым, што ў іх становішчы — гэта вельмі цяжкая справа. Забіць, напрыклад, маржа цяжка нават добра ўзброеным людзям, а пра гэтых і казаць няма чаго.

— Ля Белай Гары з'явіліся маржы, — сказаў Нгара. — Хадзем на іх.

Мужчыны з радасцю згадзіліся.

— Ці хопіць людзей? — запытаўся Тайдо. — Колькі іх там?

— Я бачыў трох. Чатыры чалавекі хопіць.

І чоўны зноў накіраваліся ў завулкі. Праз дзве гадзіны пад'ехалі да апошніх скал, якія высоўваліся ў акіян.

— Ціха! — даў знак Нгара. — Вунь там. Чоўны спыніліся. Мужчыны вылезлі на бераг і асцярожна зірнулі з-за скалы.

Ля падножжа скалы была роўная пляцоўка. З двух бакоў уздымаліся сцены, а з трэцяга — пляскалася мора. На пляцоўцы грэліся на сонцы два маржы; трэці, відаць, маленькі, плюхаўся ў вадзе.

— Калі раптам з-за сцяны выскачыць, — шаптаў Нгара, — ды загарадзіць дарогу ў мора, то можна абаіх захапіць.

— Але па зямлі падступіцца да іх нельга: прыйдзецца на чоўнах.

— Усё роўна, можна і на чоўнах.

Пачалі рыхтавацца. Жанчын і дзяцей высадзілі на бераг. Выгрузілі і сваю гаспадарку. У кожным з чатырох чоўнаў было па адным мужчыну. Выстраіліся ў шэраг і па камандзе з гікам вылецелі з-за скалы. Мігам чатыры лодкі загарадзілі бераг пляцоўкі.

Маржы былі так здзіўлены і спуджаны, што спачатку кінуліся на сцяну, а людзі тым часам пачалі вылазіць на бераг. Але праз момант маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі, пляскаючы хвастамі, абапіраючыся аб зямлю ікламі.

Тут ля Косава чоўна паказаўся малы маржок. Убачыўшы яго, маржыха яшчэ больш напружылася, неяк падскочыла і пакацілася да берага. Не паспеўшы вылезці з чоўна, Кос павінен быў сам адхіснуцца ад яе. Тайдо кінуўся з сякерай, але паспеў толькі лёгка крануць маржыху па спіне. Маржыха плюхнулася ў ваду, зачапіла човен Коса, перавярнула яго і знікла са сваім дзіцем. Тайдо кінуўся на дапамогу Косу, і яны абодва забыліся на другога маржа.

А той тым часам спяшаўся ў бок Нгары. Бераг у гэтым месцы быў пакаты, і Нгара не мог шчыльна да яго прыстаць. Паміж чоўнам і пляцоўкай заставалася на тры-чатыры крокі вады, куды і накіроўваўся морж. Нгара ўжо вылез на гэты падводны бераг і, каб утрымаць звера, кінуў у яго кап'ё, стоячы па калені ў вадзе.

Кап'ё ўвайшло маржу ў бок, але сам Нгара паслізнуўся і паляцеў у ваду, а раз'юшаны звер кінуўся за ім. У гэты момант Манг ужо быў на беразе і адразу кінуўся на дапамогу. У руках яго быў той цяжкі крывы кавалак жалеза, які мы бачылі ў чоўне Тайдо. Храснула галава, закруціўся звер і нават хвастом збіў Манга з ног. Тут падаспелі ўжо Тайдо з Косам, а хутка і сам Нгара, — і праз хвіліну справа была скончана.

Тады перавезлі сюды сем'і і весела прыняліся разбіраць здабычу.

Але хутка радасць была сапсавана непаразуменнем. Паўстала пытанне, каму аддаць скуру? З боку гледзячы, здавалася б, што яе павінен быў атрымаць Манг, але Нгара ніяк не згаджаўся на гэта.

— Я ж першы ўбачыў маржоў, я ж вас прывёў сюды, — даводзіў ён.

— Адным паказам звера не зловіш, — адказвалі яму.

— Я першы ўсадзіў у яго кап'ё; ён ужо быў паранены, а вы толькі дабілі яго, — не здаваўся Нгара.

— Ну, браце, з тваім кап'ём ён ледзь цябе самога не з'еў.

— Але каб не я, дык вы нічога гэтага не мелі б.

— Ну, а каб не я, дык цябе самога ў жывых не было б, — раззлаваўся Манг.

— Скажы дзякуй, што тваё жыццё выратавалі,— дадаў Тайдо.

— Вы карыстаецеся тым, што вас трое супраць аднаго! — з запалам крычаў Нгара.

— Ніхто тут не супраць каго, — лагодна сказаў Кос, — усе разам палявалі. Але трэба па справядлівасці: хто забіў — таму і скура.

— Значыцца, па-вашаму, хто апошні ўдарыў напалову забітага звера, той і забіў? — насмешліва сказаў Нгара.

Зноў пачалося ўсё спачатку.

Урэшце Нгара адмовіўся ад сваёй часткі мяса, ускочыў у човен і, ад'язджаючы, сказаў:

— Паглядзім, якая будзе справядлівасць, калі мы сустрэнемся з роўнымі сіламі.

Хоць пагроза і не спалохала мужчын, але ўражанне засталося дрэннае.

— А можа, і лепш было аддаць гэтаму вар'яту скуру, каб не звязвацца з ім? — сказаў міралюбны Кос.

Але бацька і сын запярэчылі:

— З якой рацыі? Запытайся каго хочаш, кожны скажа, што яго дамаганні несправядлівыя. А пагрозы можна чуць на кожным кроку. Асабліва ад яго.

III

Вандраванні Манга. — Незвычайнае войска. — Бойня. — Напіліся крыві.— Непрыемная ноч.

З таго часу як Манг набыў свой уласны човен, ён зрабіўся нібы разведчыкам для сваіх бацькоў, а разам і для Коса. Ніколі Манг дома не быў, усё ён недзе бадзяўся. Але хутка выявілася, што гэтае бадзянне вельмі карысна для абедзвюх сем'яў: Манг хутчэй знаходзіў які-небудзь багаты куток і прыводзіў туды сваіх бацькоў.

Часам Манг браў з сабой і свайго шасцігадовага браціка. Яны ездзілі па калідорах між незлічонымі астраўкамі і на кожным кроку бачылі новы малюнак, не падобны да папярэдняга. То траплялі ў такую цясніну або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была стужка неба, паабапал жа ўздымаліся роўныя стромкія сцены. То выязджалі на светлы вясёлы прастор, дзе сярод бліскучага мора чарнеліся маленькія кропкі-астраўкі, а воддаль ззялі белыя снегавыя вяршыні. То выязджалі за межы горада, і тады перад імі цяжка дыхаў Вялікі акіян. Цёмна-сінія хвалі бясшумна каціліся на іх, а дакаціўшыся да скал, раптам раўлі, кідаліся на скалы, распыляліся ў пырскі, з нездаволеным гулам адыходзілі назад, каб потым кінуцца зноў.

Стагоддзі, тысячагоддзі кідаецца акіян на скалы. Цвёрда стаяць яны на варце, стараюцца не пусціць хвалі ў сярэдзіну, але з цягам часу то адна, то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Адна такая скала трапляецца па дарозе хлопцам; падножжа яе нібы выгрызена, глыбока ўваходзіць у сярэдзіну, а вяршыня вісіць над бяздоннем і вось-вось упадзе.

У такіх месцах небяспечна плаваць. Падхопіць хваля човен, шыбане яго аб скалу, — і тады канец.

— Я баюся, — пішчыць маленькі хлопчык, — едзем назад!

Манг вымушаны вяртацца, але дае сабе слова ў другі раз, калі будзе адзін, абавязкова праехаць далей, выбрацца туды, на прастору. Можа, там і ляжыць тая зямля, дзе жывуць цудоўныя белыя істоты?

Людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Сям-там убачыш адну ці дзве кану, якія капошацца ў ціхім кутку ля берага, вышукваючы спажыву, а потым на працягу некалькіх дзён не ўбачыш ніводнага чалавека. Колькі ўсяго гэтага народу налічваецца — ніхто не ведае. Думаюць, што засталося не болей як чатырыста — пяцьсот чалавек.

Самі яны ніколі разам не збіраюцца, не маюць аніякай арганізацыі, нават не маюць сваіх старшынь ці правадыроў. Так і жывуць паасобку, неарганізаваныя і самастойныя. На паперы належаць да Чылійскай рэспублікі, але яны столькі сама ведаюць сваю рэспубліку, колькі і яна іх.