Выбрать главу

Цёплая мяккая скура тым часам рабіла сваю справу: дзяўчына ўздрыганулася і нібы прастагнала. Манг абрадаваўся: значыцца, жывая! Потым з горла яе вырваўся ўздых, затым вада; дзяўчына заварушылася, яшчэ мацней застагнала і пачала дрыжаць, як у трасцы.

Манг і сам тросся ад холаду і вельмі шкадаваў, што няма сухога, цёплага прытулку.

Тады ён захацеў пашукаць, ці не знойдзецца які-небудзь больш утульны куток. Бура і дождж не спыняліся, але шэрань рабілася цямней: відаць, надыходзіў вечар. Манг хутка пабег да ўзвышшаў. Там, далей, відаць былі нават скалы. Ен бегаў узад і ўперад, заглядаў ва ўсе куткі, але нічога добрага не знаходзіў. І толькі варочаючыся назад, недалёка ад таго месца, дзе ён раней сядзеў, заўважыў больш-менш добры куток.

Гэта быў абрыў з невялікім паглыбленнем у сярэдзіне, але ж затое добра абаронены з мора ад ветру і дажджу. Дзякуючы таму, што дождж ішоў ад мора наўскос, сухая мясцінка яшчэ болей павялічвалася. Але ўсё ж там не магло змясціцца больш за аднаго чалавека.

Манг пабег, узяў дзяўчыну і перанёс яе ў гэты куток. Яна ўся дрыжала і часам казала нешта незразумелае. Між тым цямнелася ўсё болей і болей. Паўстала пытанне аб агні. Але як яго здабыць?

Калі Манг быў адзін і захапіўся майстраваннем лодкі, ён згодзен быў лепш пацярпець, чымся ахвяраваць час на здабыванне агню. А цяпер і самому холадна, і непагадзь, і выратаваная дзяўчына на руках.

Ен пільна агледзеўся навокал. Абрыў не быў голай скалой. Наверсе раслі дрэвы, хмызняк; вытыркаліся сухія карэнні, унізе было сухое лісце, трава, сухія галінкі,— адным словам, матэрыял больш-менш добры. Трэба толькі высечы агонь.

І Манг пачаў рыхтавацца. На карэннях і галлі ён знайшоў сухія нарасты-грыбы; яны маглі служыць трутам. Падрыхтаваў сушэйшага і танчэйшага галля, травы, лісця. Потым назбіраў адпаведных каменьчыкаў і пачаў выбіваць іскры.

Але лягчэй усё гэта сказаць, як зрабіць. Колькі каменьчыкаў давялося перапрабаваць і пашукаць, пакуль натрапіў на добры крамняк! А колькі часу трэба было стукаць!

Так цягнуўся доўгі, нудны час. Дзяўчына стагнала, варушылася, енчыла. Нават бура пачала ўжо сціхаць. А Манг усё біўся над сваім агнём. Колькі разоў ён ужо хацеў кінуць гэтую справу, але ранейшая практыка прывучыла яго да цярплівасці.

Была позняя ноч, калі, урэшце, запаліўся агонь. Затое ж і радасці колькі было! Адразу ўсё змянілася, ажыло. А дзяўчына дык зусім ачуняла, калі агонь пачаў грэць і сушыць яе.

Некаторы час яна пазірала навакол, нічога не разумеючы. Потым прыпаднялася, прыгледзелася да Манга і, уразумеўшы сваё становішча, дзіка ўскрыкнула, заплюшчыла вочы і зараз жа зноў павалілася ў непрытомнасці.

А Манг сядзеў сабе на карачках ля вогнішча і весела ўсміхаўся, задаволены тым, што яна ачуняла. Ен не ведаў, чаму яна зноў павалілася; ён думаў, што яна яшчэ канчаткова не ачулілася, і цярпліва чакаў, пакуль яна апрытомнее.

Праз некалькі мінут яна зноў расплюшчыла вочы, зноў убачыла яго, ускочыла і з жудасным крыкам забілася ў самы куток, працягнуўшы наперад рукі, нібы абараняючыся ад яго.

Манг усміхнуўся ўсім тварам, заматаў галавой і залапатаў:

— Добра, добра! Ты ўжо здаровая. Агонь добра.

А бедная дзяўчына тым часам думала, што прыйшоў яе канец. Што ў лепшым выпадку яе зараз жа зарэжуць і з'ядуць.

— О, лепш было б утапіцца ў моры! — прастагнала яна па-англійску.

Пачуўшы, што яна нешта гаворыць, Манг зноў заматаў галавой:

— Добра, добра! Ты не загінула. Манг выратаваў цябе.

Дзяўчына скурчылася ў кутку, утуліла ў плечы галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці.

Але Манг не рухаўся. Ен толькі паправіў вогнішча, а потым зноў утаропіў вочы на дзяўчыну.

«Дык вось якія яны!» — думаў ён, аглядаючы ўсю яе постаць, адзенне.

Яна нагадвала яму прыгожую бездапаможную птушку і выклікала ў ім спачуванне. Яму прыемна было адчуваць, што ён з'яўляецца збаўцам гэтай белай дзяўчынкі. Ен лічыў за гонар сядзець побач з прадстаўніком тых людзей, якіх блізка яны не бачылі.

А белая дзяўчына тым часам сядзела скамянелая ад жудасці і чакала смерці.

— Хоць бы хутчэй усё гэта скончылася! — прастагнала яна.

Яна ўсё чакала, калі прыйдуць яшчэ дзікія людзі. Яна ўяўляла сабе, як збярэцца шмат дзікуноў, страшэнных, узброеных, як пачнуць яны скакаць вакол яе, вакол агню, а потым… потым…

Тут яна не вытрымала і заплакала горкімі слязьмі. Плечы яе трэсліся ад рыдання, жаласны енк вырываўся з грудзей.

Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай узварушылі яго. Яму было так шкада яе, што ён ад шчырасці пасунуўся да яе бліжэй і пачаў супакойваць, як умеў:

— Не бойся! Манг усё зробіць: і спажывы табе знойдзе, і сам кану пашые, каб выехаць адсюль.

Убачыўшы, што ён пасоўваецца да яе, дзяўчына падумала, што канец прыйшоў ужо. Яна ўскрыкнула нечалавечым голасам, ускочыла і выбегла з-пад скалы ў цемру.

Манг застаўся сядзець з разяўленым ротам. Што з ёю? Куды яна? Чаму? Здаецца, нібы яна яго баіцца, але ж ён нічога дрэннага ёй не зрабіў і не думае рабіць. І што цяпер з ёю рабіць? Лавіць, ці што?

А яна тым часам адбеглася на некалькі крокаў і, убачыўшы, што ён сядзіць сабе спакойна і не гоніцца, — спынілася. Тады ёй прыйшлі ў галаву цвярозыя думкі. Куды яна дзенецца? Калі ён захоча, дык адразу яе зловіць. Але ж да гэтага часу з яго боку не відаць было ніякіх нядобрых намераў. Ён выратаваў яе, перанёс сюды, абагрэў і абсушыў, нават у сваю скуру апрануў, а сам сядзіць на холадзе толькі ў сваім поясе або фартуху.

Не! Відаць, ён не думае крыўдзіць яе. Можа, на яе шчасце, трапіўся дзікун з чалавечай душой. Кажуць, што і сярод дзікуноў часам сустракаюцца добрыя людзі. Можа, нават ён яшчэ і абароніць яе ад сваіх сяброў, што прыйдуць. Хай будзе што будзе, — усё роўна ёй няма куды дзецца.

І яна вярнулася на сваё месца.

Манг ветліва ўсміхнуўся і зноў загаварыў:

— Манг не скрыўдзіць Белую Птушку. Манг помсціць толькі сваім ворагам, такім, як Нгара.

Дзяўчына зусім супакоілася, нервовая ўзрушанасць прайшла, а разам з тым вярнуліся фізічнае недамаганне і вялікая зморанасць. Некаторы час яна трымалася, каб не заснуць (хто яго ведае, што тады можа быць), але хутка галава апусцілася, вочы заплюшчыліся, і яна сама не заўважыла, як ужо спала моцным сном.

Было каля поўначы. Бура скончылася, але акіян шумеў, як і раней. Як і раней, разбіваліся і гулі хвалі між рыфаў, як і раней, наляталі яны на бераг.

Манг падкінуў у агонь корч і прымасціўся спаць. Толькі галаву і плечы ён мог змясціць пад абрывам, рэшта цела засталася пад адкрытым небам.

Некалькі разоў холад прымушаў яго ўставаць і падпраўляць агонь, але не было чаго і падкладваць. Агонь ледзь тлеўся і зусім не абаграваў Манга.

Так правялі першую ноч Манг і белая дзяўчына.

VI

На другі дзень. — Мярцвяк. — Манг у капітанскім убранні.— Пабудова лодкі.— Ад'езд. — Параход прайшоў міма. — Катастрофа. — Перад тварам смерці.— Пакінутая стаянка.

Манг прачнуўся рана і спачатку нават здзівіўся, убачыўшы новага чалавека. Хоць ён зараз жа і ўспомніў тое, што адбылося ўчора, але ўсё ж такі неяк дзіўна было і не верылася, што гэта праўда. Надта ўжо незвычайнае здарэнне.

Але довад быў перад вачыма. Дзяўчына спала моцным сном на яго скуры, падагнуўшы пад сябе свае «блакітныя» ногі. Светлае адзенне, светлыя валасы, бялюткі тонкі твар — усё гэта пераконвала, што перад ім знаходзіцца сапраўды незвычайная істота. Праўда, даўно ўжо мінулі тыя часы, калі тубыльцы лічылі белых за багоў. Але нашы фуіджынцы жывуць у такіх умовах, што не мелі шчасця, — або няшчасця, — сустракацца з белымі, і хоць не лічылі іх за багоў, але павагу адчувалі вялікую. Прынамсі тыя, каму не траплялася мець з белымі больш блізкіх зносін.