Выбрать главу

Напружыў апошнія сілы, увайшоў у сярэдзіну, азірнуўся — нікога няма! Нават «гаспадаркі» на беразе няма: значыцца, выехалі не часова, а назаўсёды.

Ледзь жывы выбраўся ён на знаёмую пляцоўку і паваліўся на зямлю…

VII

Дома. — «Чорт!» — Па ахвяру. — Альпага. — Барацьба з птушыным царом. — Спуск на «парашуце». — Урачыстае ахвяраванне. — Чорт ашукаў!..

Жыццё абедзвюх сем'яў пасля ад'езду Манга не змянілася. Жылі яны спакойна і шчасліва, мелі ўсё, чаго толькі маглі жадаць такія людзі. З цікавасцю чакалі звароту Манга.

— Можа, ён прывязе ад іх што-небудзь карыснае для нас? — казаў Тайдо.

— Хоць бы сам вярнуўся, і гэтага досыць было б, — адказвала маці.

Дабрадушны Кос супакойваў.

— А што з ім можа здарыцца? Манг — хлопец спрытны. Кану добра зроблена.

Аднойчы Мгу з дачкой Тайдо «збіралі плады з дрэва». Як заўсёды, седзячы ў чоўне, прыпаднялі галіну. Дзяўчынка падтрымлівала яе, а Мгу здымала ўраджай. Унізе адкрылася чыстае свабоднае месца, дзе відаць было дно ды гулялі рыбкі.

Дзяўчынка наглядала за імі, цешылася. Раптам яна адхіснулася і з жахам закрычала:

— О! Чорт!

Зірнула Мгу і закрычала з няменшым жахам. Галіна вывалілася з рук, і яны пачалі ўцякаць да берага.

— Што? Што такое? — занепакоіліся дарослыя.

— Чорт, страшэнны! З вачыма, — сказала Мгу, трасучыся ад страху.

Бацькі здзівіліся, пачалі пытацца падрабязней, але ніякага толку не дабіліся, акрамя слоў: «Чорт! Страшэнны! Баюся!» Мужчыны селі ў лодку, пад'ехалі да таго месца, паднялі галіну, але нічога не ўбачылі. Так і падумалі, што дзяўчатам нешта здалося.

Прайшло некалькі дзён. Пра гэтае здарэнне нават забыліся, толькі дзяўчаты памяталі і больш не ішлі збіраць спажыву з галля.

Але хутка і Кос з жонкай натрапілі на нешта незразумелае. Яны падрыхтаваліся лавіць рыбу торбай, што выдумаў Манг. Паднялі галіну, убачылі, як звычайна, рыбу і толькі нацэліліся апусціць прыладу, як унізе заварушылася нешта вялікае і нязграбнае, нібы камяк змеяў, і разам з гэтым вада пачарнела, нібы хто напусціў туды чарніла. Рыба знікла, нічога больш нельга было разгледзець.

— Што за дзіва такое? — паціскаў плячыма Кос. — Тайдо! Хутчэй сюды!

Пад'ехаў на другім чоўне Тайдо, зірнуў і ўбачыў толькі чорную ваду.

— Нічога не разумею, — сказаў ён, недаўменна зірнуўшы на Коса.

— Гэта — чорт! Гэта, мусіць, чорт! — закрычалі з берага дзяўчаты.

— Які там чорт, калі нічога не відаць! — адказаў Тайдо.

— Страшэнны. З вачыма, — паўтаралі дзяўчаты.

— Ды нічога тут страшэннага не відаць, — сказаў Кос. — Мусіць, струмень чорнай бруднай вады надышоў.

На гэтым справа і скончылася, тым болей што праз некалькі мінут яны налавілі рыбы без ніякіх перашкод.

Яшчэ прайшоў дзень-другі. Аб здарэнні не думалі. Але нарэшце і самім мужчынам прыйшлося пераканацца, што дзяўчаты не памыліліся.

Аднаго разу Тайдо і Кос паднялі галіну і ўбачылі ў вадзе нешта такое, ад чаго нават яны скамянелі.

На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што той чорт, якога ўяўляе сабе цёмны народ, у параўнанні з гэтым павінен быў бы здавацца анёлам. Страшней за ўсё былі вочы, велічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны свяціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, не міргаючы, з нейкім жудасным выразам. Невядома, ці знайшоўся б у свеце чалавек, які не здрыгануўся б ад гэтага погляду. А вакол галавы замест валасоў варушыліся ціхенька змеі.

Усё гэта мільганула перад мужчынамі на адзін толькі момант, бо яны адразу ж выпусцілі з рук галіну. Але ўражанне было такое моцнае, што яны нават нічога не сказалі, а толькі пачалі хутка грабці да берага.

— Што з вамі здарылася? — запыталіся зацікаўленыя жонкі.

— Чорт! Дзяўчаты праўду казалі,— прашапталі яны.

Прыйшлося падумаць, як далей жыць з такім суседам.

— Пакуль што ён не шкодзіў,— выказаў сваю думку Кос. — Можа, і надалей не будзе чапаць?

— Гэтага мы не можам ведаць, — сказаў Тайдо. — Але жыць побач з ім… з такім… Бррр!..

Задрыжаў і Кос. А дзяўчаты, дык тыя зусім гатовы былі самлець, калі пачалася аб гэтым гутарка. Матак таксама ахапіў жах, хоць яны пакуль што і не бачылі нічога.

— У такім разе трэба ўласкавіць яго, — сказаў Кос, — прынесці яму ахвяру.

Гэтая думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Пачалі радзіцца, што паднесці. Па-першае, трэба было патрапіць, што ён любіць, а па-другое, каб гэта было сапраўды нешта значнае, каштоўнае. Рыбу не запрапануеш, пінгвіна або качку — таксама, бо ён, як вадзяны, сам можа мець гэтае дабро. Значыцца, трэба нешта надзвычайнае, напрыклад, якую-небудзь зямную жывёліну.

Назаўтра Тайдо з Косам адправіліся на паляванне. Яны пайшлі або, лепш сказаць, палезлі тою самаю дарогаю, што і раней, калі ішлі па паліва. Узлезлі на першую тэрасу, на другую; агледзелі той самы хмызняк. З-пад ног выбегла жывёліна з пекнай сівой поўсцю, падобная на вялікага пацука.

Мужчыны не звярнулі на яе ўвагі, лічачы яе нікчэмнай ахвярай. Але гэтая «шыншыла» мае каштоўную шкуру, якая ў Еўропе цэніцца вельмі дорага. За адно шыншылавае футра пані плацяць па дваццаць пяць тысяч рублёў золатам.

Падняліся яшчэ на адну тэрасу, там ужо было вялікае плоскае ўзвышша, пакрытае нібы мохам, нібы травою.

— Глянь, ці не жывёлы якія там? — сказаў Тайдо, паказаўшы рукою далёка на ўсход.

Сапраўды, там, ля скал, рухаліся чорныя кропкі. Калі падышлі бліжэй, убачылі некалькі жывёлін, нібы авечак. Толькі шыя ў іх была тонкая і даўгая ды морда вастрэйшая. Завецца гэтая жывёліна альпагай, і каштоўная яна сваёй воўнай.

Відаць, іх тут ніхто ніколі не трывожыў, бо яны не палохаліся, не ўцякалі, а толькі здзіўлена пазіралі на людзей. Нашы паляўнічыя мелі пры сабе сякеры ды кароткія пікі. Аднак падысці блізка да альпагаў не ўдалося: заўважыўшы, што незнаёмыя дзвюх-ногія жывёлы ідуць прама на іх, яны пабеглі далей. А схавацца на гэтым голым месцы, каб падкрасціся да іх зусім блізка, нельга было.

— Ці нельга будзе загнаць іх у якую-небудзь вузкую шчыліну? — прапанаваў Кос.

— Нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Тайдо. — Пагонім вунь у тую цясніну.

Абышлі з двух бакоў і асцярожна пагналі. Праз некаторы час альпагі былі загнаны ў вузкі даўгі калідор, адкуль ужо ніякага выхада не было.

Але, калі падышлі да канца цясніны, альпагаў там не было: яны зніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся.

— Куды б яны маглі дзецца? Здаецца, ніякага выхада няма? — дзівіліся мужчыны.

Але выхад быў: для горных жывёл досыць самых маленькіх прыступачак, каб прабрацца там, дзе каму іншаму і падумаць нельга. Раззлаваныя паляўнічыя парашылі шукаць іх далей. Разгледзеўшы больш-менш зручнае месца, яны палезлі ўверх: паперадзе — Тайдо, ззаду — Кос.

З адной пляцоўкі яны сапраўды ўбачылі альпагаў, але чамусьці з другога боку цясніны. Значыцца, яны або абышлі вакол, або выбраліся з другога боку.

— Не, мусіць, нічога не будзе, — сказалі збянтэжаныя паляўнічыя.

Затое вышэй, над сваёй галавой, яны заўважылі нешта другое. У прытульнай выемцы скалы віднеўся нібы край гнязда, дзе, відаць было, варушыліся птушаняты. Тайдо і Кос зірнулі адзін на аднаго.

— Можа, гэта будзе не горш за альпагу?

Яны ведалі, што гэта гняздо птушынага цара — кондара, найвялікшага арла ў свеце. Такая ахвяра для вадзянога духа магла быць яшчэ болей пачэсная, як якая іншая жывёла.

І Тайдо зараз жа палез угару. Даступіцца да гнязда было вельмі цяжка. Кос з жахам сачыў, як Тайдо чапляўся, разыкуючы абарвацца кожны момант. Урэшце ён дабраўся, але з-пад нізу, пад гняздом. Каб заглянуць у яго, трэба было перахіліцца назад і вісець над бяздоннем.

У гэты момант уверсе пачуўся нібы свіст, і разам з гэтым вялізны цень зацямніў святло. Над галавой Тайдо кружыўся птах, крылы якога дасягалі трох метраў у размаху.