Выбрать главу

Манг сцяў зубы, напружыўся і чакаў найбольш зручнага моманту, каб кінуцца на ворага. Нгара падышоў да вогнішча, схіліўся, памацаў попел. Відаць, ён быў яшчэ гарачы, бо Нгара падкінуў сухой травы і пачаў дзьмуць.

Гэта і быў самы зручны момант для Манга. Але ў апошнюю хвіліну ён змяніў план. Замест непасрэднай барацьбы ён надумаў зрабіць так, як тады Нгара зрабіў з ім, гэта значыць, захапіць кану.

Як тыгр, папоўз Манг да чоўна. Быў ужо змрок, ды і без гэтага Нгара быў так заняты сваёй справай, што яму не магло прыйсці ў галаву азірацца назад. Азірнуўся ён толькі тады, калі пачуў шум ля чоўна. Убачыўшы ў чоўне Манга, ён вачам сваім не мог даць веры. Адкуль? Якім чынам? Ці не з таго свету з'явіўся?

— Ну, Нгара, — злосна сказаў Манг, адапхнуўшыся ад берага, — цяпер мая чарга пажадаць табе ўсяго лепшага. Падзякуй толькі, што я не забіў цябе, як пінгвіна.

Голас Манга паказаў Нгару, што ўсё гэта сапраўднасць. Злосць і роспач сціснулі яму горла, і, нядоўга думаючы, ён кінуўся за Мангам у ваду. Манг гэтага зусім не чакаў. Ен паспеў ад'ехаць толькі некалькі крокаў, і Нгара адным махам дасягнуў яго, учапіўся за край чоўна і перакуліў яго разам з Мангам. Хоць ні аб чым іншым цяпер нельга было думаць, але Манг уздрыгануўся ад непрыемнага адчування, калі ногі яго заблыталіся ў слізкім галлі падводнага дрэва.

Завязалася барацьба не на жыццё, а на смерць.

Нгара быў дужэйшы за Манга. Яму адразу ўдалося ўхапіць Манга ззаду і занурыць яго ў ваду. Становішча Манга зрабілася зусім дрэнным. Калі ён не вызваліцца ў той жа момант, то загіне. Але ж затое ён меў і перавагу — капітанскі кінжал. Ен выхапіў яго, але не мог як след размахнуцца, бо Нгара трымаў яго ззаду за плечы. А вада тым часам пачала душыць, набірацца ў нос.

Раптам Манг пачуў, што Нгара дзіка закрычаў і выпусціў яго. Манг высунуў галаву і ўбачыў, што вакол Нгара абкруцілася змяя. Не паспеў Манг апамятацца, як адчуў, што і яго нагу апякло і сціснула. Манг схіліўся і адным махам адрэзаў змяю сваім вострым кінжалам, потым вынырнуў і ўчапіўся за човен.

Нгара тым часам круціўся, каб вызваліцца ад сваёй пятлі. Ен таксама трымаўся за човен і ўжо не звяртаў увагі на свайго ворага. Трэба сказаць, што і Манг забыўся на ўсё і думаў толькі аб гэтай новай бядзе, хоць цяпер і мог ужо забіць свайго ворага. Замест гэтага ён пусціўся ўцякаць да берага.

Не паспеў ён адплысці, як адчуў, што тая самая змяя зноў абхапіла яму нагу. І на гэты раз ён вызваліўся ад яе з дапамогай свайго корціка, а вакол Нгары тым часам абвілася другая змяя.

Нгара бачыў у руках Манга нож, бачыў, як лёгка Манг вызваляе сябе, і пачаў прасіцца:

— Братка, вызвалі мяне, я табе ўсё аддам!

— Дурны! — злосна ўсміхнуўся Манг. — Што ж ты мне аддасі, калі я і без цябе магу ўсё забраць.

І хутка паплыў да берага. Там сеў спакойна і пачаў здзекавацца з небаракі:

— Ты ж бачыш, што я мог цябе забіць, але не хачу пэцкаць свайго прыгожага нажа. Хай лепш цябе задушаць гэтыя змеі. Вось так, вось так! Го-го-го! Дарэмна ты радаваўся, што мяне няма на свеце.

А змеяў гэтых абкруцілася ўжо тры. Цяпер справа пайшла хутчэй. Пад смех Манга Нгара апускаўся ўсё глыбей і глыбей і нарэшце з жудасным крыкам знік пад вадой. Толькі бурбалкі сведчылі, што там адбываецца трагедыя.

Калі ўсё скончылася, Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага, выцягнуў яго, упарадкаваў і выехаў у мора.

Было ўжо зусім цёмна. Пасля ўсяго таго, што ён перажыў, было неяк дзіўна думаць, што там яго чакае нейкая Белая Птушка. Здавалася, што гэта было даўно-даўно, а мо і зусім не было. Мо ніякай Птушкі і няма?..

А дзяўчына ўсё стаяла на скале. Даўно ўжо скамянела сэрца; даўно ўжо здранцвела цела, а разам з ім і думкі; даўно ўжо яна шаптала сама сабе, што ўсё скончана, што надзеі няма, — а між тым не адводзіла вачэй ад таго боку, куды паплыў Манг, увесь час прыслухоўвалася, ці не чуваць яго, увесь час інстынкт суцяшаў: а можа, прыедзе?

І вось аднекуль з мора даляцеў крык, доўгі, бадзёры. Затрапяталася паненка ўсёй сваёй істотай, — ці не Манг дае знаць, што едзе? А можа, не?..

О каб гэта быў ён, мілы, родны Манг! За ўсё сваё жыццё яна нікога так не чакала, нікога так не жадала бачыць, як цяпер гэтага дзікуна «людаеда». У гэты момант ён здаваўся ёй лепшым ад усіх яе знаёмых лордаў, сэраў, містэраў і іншых франтаў.

Данёсся новы вясёлы крык, потым плюскат, зачарнеўся човен, і пад'ехаў Манг. Напружаныя нервы не вытрымалі, слёзы радасці паліліся з дзявочых вачэй, і яна павалілася Мангу на рукі.

Праз гадзіны дзве яны былі «дома», у пакінутай бухце.

На другі дзень надвор'е сапсавалася, і нельга было ехаць далей. Трэба было чакаць. І чаканне гэтае цягнулася цэлы тыдзень.

Хоць тут было лепш, цішэй, як там, на востраве, ды і некаторыя хатнія рэчы былі, але дзяўчыне здавалася, што гэты непрыемны, нудны тыдзень быў горшым за ўсё папярэдняе. Нарэшце скончыліся і гэтыя дні. Паехалі далей на поўдзень.

Вось і Магеланава пратока. Дзяўчына пазнала месцы, дзе яна нядаўна праязджала. Яна думала, што яны тут будуць чакаць парахода, але Манг накіраваўся далей на поўдзень. Паненка пачала паказваць, каб ён спыніўся. Манг паслухаў яе, прыпыніў човен, пастаяў, а далей што?

Дзяўчына рознымі спосабамі пачала тлумачыць, што тут павінен ісці параход і што трэба пачакаць. Манг прыслухаўся, прыгледзеўся, заматаў галавой, што ніякага парахода няма, і накіраваўся далей. Дзяўчына заспрачалася, раззлавалася, расплакалася, адным словам, адбылася «сямейная сварка».

Манг не ведаў, што рабіць. Зноў спыніліся, пастаялі. Дзяўчына напружана глядзела ва ўсе бакі і, здавалася, чакала, што вось-вось з'явіцца карабель.

Манг сядзеў і чакаў, што будзе далей.

— Ну, як жа тут стаяць? — пачаў тлумачыць ён па-свойму. — Можа, кану белых з'явіцца праз месяц.

Але гэтых слоў яна не магла зразумець. Яна ведала толькі, што гэта ёсць апошняя надзея сустрэць карабель. Калі яны ад'едуць ад гэтага гасцінца, дык, можа, ніколі ўжо не сустрэнуць.

Пачакаў крыху Манг і зноў пасунуўся. Зноў дзяўчына запратэставала.

Манг як толькі мог пачаў тлумачыць і паказваць, што стаяць тут нельга і што яны будуць прыязджаць сюды, каб чакаць параход.

Яна і сама добра ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тапелец за саломіну. А можа, праз хвіліну з'явіцца параход? А што калі ён пакажацца адразу, як толькі яны ад'едуць адсюль?

Правалаводзіўшыся такім чынам з гадзіну, паехалі ўсё ж такі далей. Яна хацела прыпыніцца дзе-небудзь тут недалёка, але Манг не паслухаўся. Зноў пачаліся крыкі, папрокі, слёзы. Мангу ўсё гэта ўжо абрыдла, і ён спакойна ехаў сабе далей.

Пайшлі знаёмыя вуліцы, дамы, вось і вадаспад пыліцца, вось і «дзядзінец», куды яны калісьці схаваліся ад кіцянят; як і раней, ззяюць снегавыя вяршыні,— усё знаёмыя, мілыя сэрцу вобразы, усё прыгожае, прыемнае, прытульнае, як гэта здаецца кожнаму, хто пасля доўгага расставання прыязджае на радзіму.

А для яго спадарожніцы ўсё гэта здавалася мёртвым, дзікім, непрытульным.

«Куды ён мяне вязе? — з трывогай думала яна. — Вось калі дзікун паказаў свой сапраўдны твар! Вось дзе прыйдзецца мне загінуць!»

А тут акурат натрапілі на цэлую сям'ю такіх самых людзей у чоўне. Убачыўшы Манга ў капітанскім адзенні і з ім белую жанчыну, яны ад здзіўлення так пачалі крычаць ды махаць рукамі, што дзяўчына канчаткова пераканалася, што ёй прыйшоў канец.

Але пасля перагавораў з імі Манг павярнуў налева і паехаў на ўсход, пакінуўшы землякоў з разяўленымі ратамі.

Чым далей ад'язджалі ад акіяна, тым большыя і ніжэйшыя былі астравы. Пачала з'яўляцца трава, дрэвы. Там, далей, на ўсходзе, ёсць і лясы, і лугі, але жыве там моцнае ваяўнічае племя «óна». Гэтыя «óна» — дужы, злы народ; яны здаўна ўжо выпхнулі мірных фуіджы на бясплодныя заходнія скалы і не пускаюць іх назад.

Два дні ехалі на ўсход і на трэці дзень апаўдні ўбачылі два чоўны. Гэта былі Тайдо і Кос. І тут яны размясціліся нядрэнна. Бераг быў невысокі, даступны і лясісты. Пад дрэвамі была пабудавана з галля будка, праўда, нязграбная, але ўсё ж такі будынак.