Выбрать главу

Браканьер

Штрыхі да адной біяграфіі

Жыў паэт. Жыў і гэтак і так — з мазаля. У раскошу не ппуўся. I дажыў да гадоў, калі час азірнуцца. I ён азірнуўся.
А татулькі-матулькі мае! Ажно страшна самому паверыць: як ён мог так бяздарна свой век змарнаваць, спуставаць, збраканьерыць?
Тое ўсё, чым штодзённа жывуць і чым цешацца ў свеце паэты — абышло, абмінула яго як не вартага радасцяў гэтых.
За апошніх год трыццаць, бадай, апантаны грыбнік у маленстве, два ці тры ўсяго, можа, разы пахадзіў-пабадзяўся па лесе.
Сорак год не падвязаваў лыж, і паўсотні набегла ўжо недзе, як за вёсламі ў чоўне сядзеў і як ехаў на веласіпедзе.
Пра аўто нават смех гаварыць — тут ад жарсці ён поўнасцю вольны: хоць страляйце яго — «мерседэс» ён не зможа адрозніць ад «вольвы».
Ані разу ў жыцці не сіляў на шампур і не пёк над вуголлем смакату, у чаканні якой дух людскі вар'яцее сягоння.
А жыццё. як цякучы пясок у той колбе — сцякала, сцякала... З гэткім нуднікам дружбу вадзіць стала многім сябрам нецікава.
Дзіўны лёсу свайго браканьер! Недарэка. Ды нават і рэдкі. У свяцілішчы нашых пісьмён — шмат няцэпкіх. Хай будзе і гэткі.
2006-2007

Чым больш я на свеце...

Чым больш я на свеце і жыў і мадзеў — ішачыў, цярпеў і змагаўся, — тым болей да праўды дабрацца хацеў, да праўды ўсім духам ірваўся.
З хлусні і з абману, з аблуды сляпой — да праўды, да праўды штосілы! Да самай вялікай, галоўнай, да той, што кожнага лучыць з усімі.
I вось яна ўрэшце адкрылася мне — ні чым не прыкрытай паўстала. У поўнай істоце. Ва ўсёй галізне. ...I праўда мяне зруйнавала.
Студзень 2007 г.

А маладых усё хапаюць...

А маладых усё хапаюць, Усё хапаюць і хапаюць — Па двух, па трох, Па пяць, па дзесяць, — Усё хапаюць і хапаюць, I ў ізалятар запіхаюць, I люта палкай лупяць-месяць, Каваным ботам б'юць пад дых — «Закону» вучаць маладых.
I зноў хапаюць і хапаюць, А маткі бедныя ўздыхаюць І горка плачуць: гора нам! Але сваім арлам-сынам Вымоў-папрокаў не кідаюць, Бо добра ведаюць яны — Калі ў пакутах слёзы роняць, — Што толькі мужныя сыны Іх гонар матчын абароняць.
Сакавік 2007 г.

У дзень найвялікшага свята

Лірычны рэпартаж

У дзень найвялікшага свята Народа, Краіны, Дзяржавы Я сведчу аб злосці зацятай Да нашай свабоды і славы. Як дзікі табун, наляцелі Малойцы ў рубцах уніформы, Каб гвалтам пазбавіць надзеі Наш юны народ непакорны.
У дзень найвялікшага свята Народа, Дзяржавы, Краіны Я сведчу, што сцяг наш крылаты Не здолелі сплюндрыць грамілы. І вочы старога паэта Макрэюць не з роспачы чорнай, Не, людзі, — ад гонару гэта За юны народ непакорны.
25 сакавіка 2007 г.

Жахліва

Ну вось і дазналіся мы з сакрэтных архіўных папер, што Сталін, у бытнасць сваю дыктатарам эС эС эС эР, сам, сам падпісаў на расстрэл (уласнай рукой, асабіста) амаль трыста семдзесят спіскаў — прыблізна на сорак пяць тысяч дзяржавы сваёй грамадзян. А ў цэлым з ягоным удзелам і з волі садысцкай ягонай былі расстраляны, забіты, замучаны голадаморам, хваробамі, сцюжай сібернай, біццём у катоўнях — мільёны, мільёны, мільёны людзей...
Ад гэтага ведання мы павінны былі звар'яцець, не вынесшы грузу такога на кожную фібру душы.
I мы звар'яцелі, нарэшце.