Выбрать главу

- Э, усё роўна! - сказаў ён і адышоўся.

Спаць у гэты дзень ён не лажыўся. Ён пачаў перабіраць кнігі, складваць паперы, прыводзіць іх у парадак. У адной кнізе знайшоў невялічкі лісцік паперы, напісаны рукою Ядвісі. Яна пісала:

«Бывайце здаровы. Я сумыслу пастаралася, каб вы мяне тут не засталі, хоць мне і хацелася яшчэ хоць раз, апошні раз, пабачыцца з вамі. Але я падумала сабе: усё роўна, ехаць мне трэба, ехаць жа тады, калі вы былі б тут, мне было б яшчэ цяжэй... Панна Людміла чакае вас - зайдзіце да яе».

І больш нічога не напісала.

Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала, куды едзе, і сама не падпісалася...

І чаму ўсё гэта так скончылася? Чаму?.. І няўжо гэта канец?

Ён яшчэ доўга сядзеў і разважаў. На вочы набягалі слёзы.

Ён згарнуў запісачку разам са сваёю і палажыў у кішэню.

Пад вечар прыйшоў стараста прыняць школу. Лабановіч тлумачыў яму, дзе якія дакументы і што ён здае. Стараста нічога не цяміў, але выгляд меў такі, як бы для яго ўсе гэтыя справы былі добра знаёмы.

Назаўтра напісаў Лабановіч прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу. Бабка часта ўваходзіла ў пакойчык і, як родная матка, падбірала за ім розныя рэчы.

- Разлятаюцца мае галубкі, - тужліва прамовіла бабка, - не вернецеся вы, панічыку, сюды! - І яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку.

Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала.

Садзячыся на фурманку з двума чамаданчыкамі, настаўнік сказаў у сваіх думках:

«Адзін раздзел кнігі прачытан і загортваецца!.. Ну, што ж? Гайда далей!»

Менск, 1921-1922