Выбрать главу

Мажор і мінор

Мяне заўсёды моцна здзіўляў кантраст паміж псіхалагічным абліччам Марыны ў паўсядзённым жыцці і тым эмацыйна-вобразным ладам, які паўставаў у яе сачыненнях. Марозава — чалавек лёгкі, таварыскі, іранічны. Тонка адчувае субяседніка, яго стан і настрой. З ёй часта здараюцца незвычайныя прыгоды. Уражанне, што яна прыцягвае да сябе сюжэты і падзеі, куды б ні выправілася — у адпачынак, на гастролі ці проста за кулісы.

У сваіх аповедах Марына ўмее так віртуозна расквеціць панылую і часам безнадзейную рэальнасць уласнай багатай фантазіяй, што нават калі разумееш: перад табой таленавітая казачніца (а на самай справе ўсё было не так ярка, прыгожа і рамантычна), — слухаеш, бо адарвацца немагчыма! Сюжэт і напружанне трымаюць. Пагаворыш з ёй, настрой узнімаецца, заблытаныя і невырашальныя пытанні больш такімі ўжо і не здаюцца.

Ды толькі ў сачыненнях Марозавай каларыт зусім іншы. Ёсць сярод іх радасныя, віртуозна-дасціпныя, усхвалявана-светлыя. Але доўгі час я не магла зразумець: чаму ў творах чалавека жыццярадаснага і смяшлівага нязменна прысутнічае адчуванне напятага нерва, унутраная трывога, часам трагедыйнае светаўспрыманне? Адкуль такое абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці? Здаецца, яе сачыненні адлюстроўваюць стан чалавека, які перажыў глыбокую драму і шмат у чым непапраўна расчараваўся. Аднойчы спытала — ці то жар­там, ці то ўсур’ёз:

— Марына, а дзе ты сапраўдная, — у паўсядзённасці ці ў музыцы? Што ў большай ступені адлюстроўвае тваю сутнасць?

Памаўчаўшы, яна адказала:

— Думаю, мае сачыненні...

Ці заканчваюцца гукі?

Пасля бясспрэчнага поспеху першага вакальнага цыкла Марозава пачала думаць наконт працягу. Яе запаветнай марай было зрабіць музычны монаспектакль пра каханне і лёс таленавітай спявачкі. Адначасова кампазітар хацела дасягнуць шматпланавай драматургіі тэмбраў у інструментальным суправаджэнні. У першым вакальным цыкле гучаць толькі голас і фартэпіяна. У другім, акрамя голасу, — кларнет і гітара. А ў трэцім інструменты двух цыклаў аб’ядноўваюцца і такім чынам дасягаецца структурная і сэнсавая завершанасць.

Але да напісання другога цыкла было яшчэ далёка. Марына шукала для яго тэксты. Штосьці ўжо акрэслівалася, а дзесьці былі «белыя плямы», якія трэба запоўніць.

Той час, 2000 год, аказаўся для мяне псіхалагічна цяжкім. Знешне ўсё выглядала прыстойна. Нядаўна выйшаў новы зборнік вершаў. Нарэшце прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Дзеці падрасталі. Але, магчыма, у папярэднія гады я занадта многа пісала. І свайго — прозы, вершаў, і для часопіса«Мастацтва», у якім працавала. Але ж калі з зямлі б’е «гейзер» фантазіі і ідэй, яго немагчыма спыніць!

У 1999-м, у часопісе пачынаўся відавочны крызіс — і фінансавы, і творчаарганізацыйны. Ён доўжыўся потым яшчэ не адзін год. Выданне «схуднела», бо зменшылася колькасць старонак, стала выглядаць не так прывабна. Зар­платы і ганарары рабіліся ўсё меншыя. Як пражыць на іх, невядома. Зямля пад нагамі пачала хістацца. Так яна гайдалася і раней, усе 90-я. Незразумела, што з намі будзе далей? Пісаць артыкулы пра эканоміку і трактары? Можна, але нецікава!

Проза прыносіла творчае задавальненне, але патрабавала мноства намаганняў. Здавалася, закончу, надрукую і жыццё маё не можа не памяняцца ў іншы, лепшы бок! Надрукавалі. Але ў рэальнасці як было, так усё і засталося. З кампазітарамі супрацоўнічаем, а вынік?.. Дзе знакамітыя артысты, якія мараць атрымаць нашы творы, дзе прэстыжныя пляцоўкі? Пытанняў шмат, адказаў няма.

Пры канцы чэрвеня 2000 года разам з сынамі-падлеткамі і мамай мы выправіліся на поўдзень, у Сочы. Дзеці раслі хутка, а таму час ад часу хварэлі. І дактары параілі: звазіце іх хоць раз на поўдзень, бліжэй да мора! Мо, усе прастуды і скончацца? Так яно і атрымалася.

Але пакуль раздражняла ўсё. Невыносная гарачыня ў цягніку. Дзеці, якія чамусьці ўвесь час хацелі есці, не слухаліся і лёталі па вагоне, як падсмаленыя. Раздражняла халоднае мора, бо ў чэрвені яно не паспела прагрэцца, і мы наўрад ці ўволю накупаемся. Ціхую нянавісць выклікаў і чэмпіянат свету па футболе, які маім «архараўцам» абавязкова трэба глядзець кожны вечар. І на ўвесь пакой аглушальна крычаць: «Го-о-л! Мама, яны забілі! Францыя — чэмпіён!»

Здавалася б, атрымлівай асалоду ад паўднёвай прыроды. У краму бегчы не трэба, гатаваць — таксама. Але чамусьці ў душы ўвесь час нараджаліся дысанансы, але як іх адолець? Хацелася цішыні. Нікога не бачыць, ні з кім не размаўляць, слухаць плёск хваль, спаць — і нічога больш не рабіць.