Выбрать главу

Як мы маглі бачыць з пададзенае цытаты, прафэсар Абэцэдарскі выкарыстоўвае факт абраньня Ўсяслава Чарадзея ў 1068 годзе на пасад вялікага кіеўскага князя, каб паказаць «дынастычную» й «дзяржаўна-палітычную» супольнасьць Полацкага княства з Кіеўскай Русяй. Ён, аднак, ня кажа, як гэта здарылася ды як сам Усяслаў ставіўся да кіеўскага «залатога пасаду». Уся ж гэтая гісторыя выглядае так: пасьля бітвы 1067 году на рацэ Нямізе Ўсяслаў быў запрошаны кааліцыяй кіеўскіх князёў узяць удзел у мірных перамовах за Дняпром каля Воршы. Прыбыўшы туды, здрадніцкім спосабам Усяслаў з двума сынамі быў схоплены і адвезены ў Кіеў. У часе забурэньня кіяўлянаў супраць свайго князя Ізяслава Яраславіча Ўсяслаў Чарадзей быў высечаны з порубу і ўзьведзены на вялікакняскі пасад. Аднак, як, прыкладам, канстатаваў аўтар «Слова пра паход Ігаравы», у Кіеве Ўсяслаў «чуў званы Сьвятой Сафіі Полацкай», г.зн., калі перакласьці ў простую мову, лятуцеў пра зварот у родны Полацак. Нагода да гэтага здарылася, калі выгнанец Ізяслаў з польскай дапамогай падыйшоў да Кіева. Не ўступіўшы нават у бітву й пакінуўшы кіеўскае войска на волю долі, Усяслаў вярнуўся ў Полацак. Калі б Усяслаў Чарадзей гэтак быў зачараваны «залатым» кіеўскім пасадам і да таго ж «спадчынай», дык напэўна ён памерыўся б сілаю зь Ізяславам і ягоным польскім хаўрусьнікам, бо ён ня быў з палахлівых, за што ўвайшоў у легенды й быў апяяны Баянам.

Няма таксама ніякіх ведамак у летапісах пра гэтак званую матар'яльную залежнасьць Полацкага княства ад Кіева як за часамі Ўладзіміра Сьвятаславіча, так і пасьля. У тых часох палітычная залежнасьць вызначалася першым чынам складаньнем даніны ў скарб кіеўскага князя і ваеннай падтрымкай апошняга. Аднак гэтае даніны Полацкае княства ніколі не плаціла Кіеву, не памагала яму і войскам. Вынятак - удзел Ўсяслава Чарадзея ў 1060 годзе ў паходзе кіеўскіх князёў супраць полаўцаў (торкаў). Але тут можна гаварыць пра звычайную ваенную дапамогу, а не пра «феадальную залежнасць» Полацкага княства ад Кіева. Залежнасьць паасобных земляў ад Кіева вызначалася яшчэ абсаджаньнем гэтых земляў намесьнікамі вялікага кіеўскага князя (звычайна ягонымі сынамі) ды іхным зьмяшчэньнем з прыходам да ўлады новага вялікага князя. Адным словам, практыкавалася гэтак званая ратацыя намесьнікаў згодна з іхным «старшынствам». Яны заўсёды перамяшчаліся як пасьля сьмерці аднога зь іх, так і пасьля сьмерці вялікага кіеўскага князя. Гэтая практыка аднак не датычылася Полацкага княства. Гэтае простае рэчы, што так яскрава адкідае канцэпцыю пра палітычную залежнасьць Полацкага княства ад Кіева, таксама не заўважыў Абэцэдарскі.

Таму можна пэўна сказаць, што занатаваныя ў летапісах палітычныя прэтэнзіі Кіева да Полацкага княства, у тым ліку й выстаўленьне полацкага князя Ізяслава ў якасьці сына Ўладзіміра Сьвятаславіча, былі вынаходзтвам летапісцаў пачатку ХІІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь стаяла на парозе поўнага развалу і тым жа часам узмацнілася ейная агрэсія супраць Полацкага княства або ягоных паасобных земляў.

Межы Полацкага княства

Тут трэба падкрэсьліць, што тагачаснае Полацкае княства не абмяжоўвалася да сяньняшняе сьціслае Полаччыны, як гэта намагаюцца падаць савецкія гісторыкі, у тым ліку і Л.В.Аляксееў у сваёй згадванай вышэй працы «Полацкая зямля». Апрача сьціслае Полаччыны, да якое тады належалі таксама Дзьвінск, Рэжыца, Люцын, Себеж і Невель, у Полацкае княства ўваходзілі яшчэ землі: Усьвятчына й Віцебшчына да возера Каспля на ўсходзе; пазьнейшыя Магілеўшчына й Рагачоўшчына да Дняпра й да ўтоку Бярэзіны ў Дняпро; Бабруйшчына й Меншчына да Слуцку й Капыля; Слонімшчына, Ваўкавышчына, Гарадзеншчына й пасьлейшая Беласточчына, а таксама Наваградчына, Вялейшчына ды, праўдападобна, Віленшчына. Апрача таго, валоданьні Полацкага княства заглыбляліся ў сяньняшнюю Лацьвію ўздоўж Дзьвіны, і ад яго залежалі таксама старажытныя ліцьвіны.

Пералічаныя тут заходнія беларускія землі ў гістарыяграфіі розных кірункаў звычайна вылучаюцца з складу Полацкага княства ды далучаюцца да Кіеўскай Русі. Гэта робіцца галоўна на аснове таго, што ў ХІІІ стагодзьдзі на гэтыя землі прэтэндавала Галіцка-Валынскае княства, а таксама што ў паходзе 1127 году злучаных сілаў Кіеўскае Русі супраць Полацкага княства ўзяў удзел «Всеволодка из Городна» (у Лаўрэнцеўскім і Гіпацеўскім летапісах ён называецца яшчэ «Всеволодко из Городка» й «Всеволодко Городецькый»). Калісьці яшчэ ўкраінскі гісторык М.Грушэўскі пісаў у «Гісторыі Ўкраіны-Русі», што гэты Ўсевалодка, сын Давіда Ігаравіча, княжыў ня ў Горадні над Нёмнам, а ў Горадні, што ляжала на поўдзень ад Прыпяці. Разам з Дубровіцай яе якраз і атрымаў гэты Ўсевалодка Давідавіч. Гэтая Горадня цяпер мястэчка ці вёска Гарадная, што ляжыць на ўзмежжы БССР на аднолькавай адлегласьці ад Століна й Дубровіцы. Як бачна зь гістарычнай карты Вялікага Княства Літоўскага, складзенай польскім гісторыкам Янам Якубоўскім, пад назовам Горадня (Городно) у ХVІ стагодзьдзі яна была яшчэ невялікім гарадком[33].