Дарэчы, як сьцьвярджаецца ў летапісах, гэты Ўсевалодка Давідавіч быў падручным вялікага кіеўскага князя, г.зн. поўнасьцяй залежаў ад яго й прыходзіў яму на дапамогу пры першым пакліканьні. Гэтага аднак не магло б быць, калі б Ўсевалодка запраўды княжыў у Горадні над Нёмнам.
Аўтар «Слова пра паход Ігаравы» таксама згадвае пра «городеньские трубы», якія аплаквалі князя Ізяслава й ягоную дружыну, што былі «притрепаны литовскыми мечи». Але гэты Ізяслаў тут выразна выступае сынам полацкага князя Васількі і праўнукам «слаўнага дзеда» Ўсяслава Чарадзея. Уладзімір Пічэта ў сваёй працы «Полацка-Менскае княства», што была зьмешчаная ў «Очерках истории СССР» выданьня 1953 году, таксама пісаў, што яшчэ ў 1102 годзе полацкі князь Барыс Усяславіч ваяваў супраць яцьвягаў. Паход гэты ён мог ажыцьцявіць, маючы толькі за сабой моцнае заплечча, і магчыма з тае ж Горадні. З свайго боку Пётра Дузбурскі ў сваёй «Прускай кроніцы» сьцьвярджаў, што ў 1221 годзе «Рутэны» напалі на прускі горад Рагніту й доўга трымалі тут аблогу[34]. Дарэчы, і Адам Брэменскі, які напісаў сваю кроніку каля 1075 году, таксама гэтых Рутэнаў ці Ruzzos памяшчаў на мяжы з Прусамі[35].
Згадваючы пра гэтае паведамленьне Пётры Дузбурскага, савецкі гісторык В.Т.Пашута, не знайшоўшы якіх-колечы вестак пра пранікненьне на межы старажытнае Прусіі Галіцка-Валынскага княства, абегла зазначае, што «вероятно» паход супраць Рагніты быў арганізаваны «смоленскими князьями»[36]. Можна, ведама, далучыць сюды яшчэ і «владимиро-суздальских князей», але, як сьцьвярджаў той жа Пётра Дузбурскі, гэты горад Рагніта ляжаў на ўзьмежжы з «Рускім каралеўствам» ды й сама Прусія мяжавалася зь «зямлёй Рутэнаў». Тэрмін «Рутэны» нас не павінны бянтэжыць, бо, прыкладам, і Генрык Лівонскі ў сваёй ведамай кроніцы называе Полацкае княства «Рускім каралеўствам».
Што ж да згадваных вышэй прэтэнзіяў Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі, дык тут можна сказаць наступнае. У летапісах няма ніякіх звестак пра гэтыя прэтэнзіі пры канцы ХІІ і на пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Затое ў іх паведамляецца, што тады тут княжылі незалежныя князі - Ізяслаў Наваградзкі, Глеб Ваўкавыскі, Ізяслаў Сьвіслацкі, якія якраз узялі актыўны ўдзел у станаўленьні маладога Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, гэтыя прэтэнзіі Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі выявіліся ў часе ўзьніклае вайны між галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам і Міндоўгам, а таксама ў часе паходаў супраць Вялікага Княства Літоўскага ў 1258-1259 і 1276-1277 гадох татара-мангольскіх ваяводаў Бурундуя й Мамшэя. Аднак жа з гэтых падзеяў чыста агрэсыўнага характару неяк не выпадае, дый нелягічна выводзіць нейкую папярэднюю «прыналежнасьць».
Адным словам, тагачаснае Полацкае княства - гэта даволі вялікае й палітычна моцнае гаспадарства. Таму яно магло ня толькі захаваць сваю незалежнасьць, але й палітычна спаборнічаць з Кіеўскай Русяй. Праўда, пасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея, які, як і ў выпадку Кіеўскай Русі, падзяліў паасобныя землі гэтага княства між сваймі сынамі, Полацкае княства ўвайшло ў паласу разьмежаваньня на мясцовыя княствы. Гэта найперш і прывяло да ведамага ў гісторыі эпізоду 1127-1132 гадоў. Тады менскі князь Глеб Усяславіч на собскую руку ў 1104 годзе пачаў даволі амбітны канфлікт (імкнуўся пашырыць Менскае княства за кошт валоданьняў кіеўскіх князёў), які, аднак, скончыўся ў 1119 годзе ягоным паланеньнем, замардаваньнем у Кіеве ды далучэньнем Менскага княства да Кіеўскае Русі. Крыху пасьля, а гэта ў 1127 годзе, злучаныя сілы Кіеўскае Русі літаральна з усіх бакоў - з Кіева, Чарнігава й Курску, Уладзіміра (Валынскага), Турава й згаданае вышэй Горадні, а таксама Ноўгараду й Смаленску - нарэшце дабраліся да самога сэрца Полацкага княства. Аднак і гэты агульны «рускі» паход супраць «крывічоў» тады яшчэ скончыўся кампрамісам: з згоды палачанаў вялікі князь полацкі Давід Усяславіч быў заменены іншым князем - Рагвалодам Усяславічам, а апошні павінны быў узяць на сябе нейкія забавязаньні перад Кіеўскай Русяй. Мы нічога ня ведаем пра гэтыя забавязаньні; ведама толькі, што й Рагвалод Усяславіч адмовіўся ўзяць удзел у паходзе кіеўскага вялікага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча супраць полаўцаў. У выніку той арганізаваў у 1129 годзе новы паход супраць Полацкага княства, які скончыўся здабыцьцём Полацку, паланеньнем некаторых полацкіх князёў ды іхным выгнаньнем у Канстантынопаль. Гэта здарылася з двума сынамі Рагвалода, а таксама з Давідам, Расьціславам і Сьвятаславам Усяславічамі, іхнымі жонкамі й дзецьмі. Сам Рагвалод Усяславіч, мабыць, загінуў тады на полі бітвы. У Полацку часова запанавалі стаўленьнікі Кіева, аднак ужо ў 1132 годзе, відаць у сувязі зь сьмерцяй вялікага кіеўскага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча, гэтых стаўленьнікаў выгналі з Полацку, а за вялікага князя абралі Васільку Сьвятаславіча - сына вывезенага ў Канстантынопаль Сьвятаслава Ўсяславіча. Недзе неўзабаве пасьля 1135 году было вызваленае таксама й Менскае княства. Гэтак хутка скончылася «феадальная залежнасць» Полацкага княства ад «агульнарускай дзяржавы» - Кіеўскай Русі.