Выбрать главу

Дарэчы, як піша сам З.Капыскі, у першай палове ХVІІ стагодзьдзя ў Вялікім Княстве, асабліва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пракацілася колькі хваляў галадоўлі й чорнае хваробы, адна зь якіх (1601-1603 гадоў) у жудасных фарбах згадваецца, прыкладам, у Баркулабаўскім летапісе:

«А тот гнев Божий был и непогода, почавши от Менска до Полацка к Витебску, до Орши, до Мстиславля, до Пропойска, до Рогачова, Могилева, Любошаны... А так потом много множества людей убогих з голоду на низ з жонами и детками и з семею (пайшлі - г.зн. падаліся на Ўкраіну)... Того ж року была зима злая, снеги великие и силные, морозы... А коли вже была весна в року 1602, тот наход людей множества почали мерти: по пятеру, по тридцати у яму (хавалі). Хворых, голодных, пухлых многое множество - страх видети гневу Божого... Там же которые ишли на низ, тые вси там померли, мало се зостало. А так мерли одны при местах, на вулицах, по дорогах, по лесах, на пустыни, при роспутиях, по пустых избах, по гумнах померли. Отец сына, сын отца, матка детки, детки матку, муж жену, жена мужа, покинувши детки свои, розно по местах, по селах разышлися, один другого покидали, не ведаючи один о другом, - мало не вси померли. А коли тот поход у ворот, албо в дому у кого стоячи хлеба просили... тыми словы мовили силне, слезне, горко, мовили так: "Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месец, звездухно, дай крошку хлеба!"...

Того ж року 603. В месте Виленском, в Менску, у Радошковичах, на Орши, у Шклове и по инших многих замках было поветрие великое в пост Филипов...»[43]

Адным словам, у выніку такіх галадоўляў і хваляў чорнае хваробы тады загінула вялікая частка беларускага жыхарства. Таксама ў выніку спусташальнае вайны з Маскоўшчынай 1654-1667 гадоў Вялікае Княства Літоўскае страціла 50% свайго жыхарства. Усё гэта, як нам думаецца, не было ўлічана ні Капыскім, ні Абэцэдарскім пры падлічэньні беларускага жыхарства Вялікага Княства для сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя.

Тут выпадае нагадаць пра мэтад падліку летувіскага жыхарства Вялікага Княства Літоўскага летувіскімі гісторыкамі, бо ён вельмі збліжаецца з мэтадам прафэсара Абэцэдарскага. Паклікаючыся пры гэтым на польскіх гісторыкаў, прыкладам, некаторыя летувіскія гісторыкі зусім паважна цьвердзяць, што летувіскае (жамойцкае) жыхарства Вялікага Княства Літоўскага, нават у часох уваходу ў яго Ўкраіны, складала прынамсі каля 3/4 усяго ягонага жыхарства[44]. Падлік гэты вельмі просты, бо да летувісаў у сяньняшнім значаньні залічаюцца гістарычныя ліцьвіны наагул, г.зн. і жыхарства сьціслае Беларусі. Вось тут і зьяўляюцца гістарычныя карты «Вялікае Літвы» (у сучасным значаньні) з улучэньнем у яе беларускае тэрыторыі, на якіх, побач зь «Вільнюсам», красуюцца таксама «Гардынас», «Наўгардэліс», «Сланімас», «Браста» й г.д. Гэтыя гісторыкі, як, між іншага, і Абэцэдарскі, ніяк ня могуць зразумець, што нацыю й дзяржаву твораць яшчэ мова, культура, нацыянальна-дзяржаўная палітыка.

«Яўрэйскасьць» ці «татарскасьць» Вялікага Княства выключае сам прафэсар Абэцэдарскі, хоць гэта ён робіць з усьмешкай на адрас «беларускіх буржуазных нацыяналістаў». Што да ягонае рэплікі, што з гледзішча на перавагу жыхарства Вялікае Княства Літоўскае магло б быць «украінскай дзяржаваю», зазначым наступнае. У склад нашай дзяржавы паасобныя землі Ўкраіны ўвайшлі ў часы княжаньня Альгерда (1345-1377) і Вітаўта (1392-1430). Яны былі забраныя палякамі ў выніку Люблінскае вуніі 1569 году. Аднак Вялікае Княства існавала й перад улучэньнем украінскіх земляў і пасьля Люблінскае вуніі. Мы тут ня можам пагадзіцца з Абэцэдарскім, які цьвердзіць, што пасьля Люблінскае вуніі Вялікае Княства Літоўскае фактычна прыпыніла сваё дзяржаўнае йснаваньне, стаўшыся польскай правінцыяй. У гэтым пытаньні навукоўцы выказваюць іншыя погляды[45]. Такім парадкам, ужо адзін гэты факт - факт часовага ўваходжаньня Ўкраіны ў склад Вялікага Княства - не дазваляе характарызаваць яго як «украінскую дзяржаву». Далей, і гэта добра ведае сам прафэсар, украінскае, як і жамойцкае, жыхарства не накінула гэтаму княству свае мовы й культуры, а, наадварот, пэўны час паслугоўвалася беларускай мовай і культурай[46]. Таксама, калі, прыкладам, параўнаць ранейшыя прывілеі Полацкае, Віцебскае й Смаленскае земляў з падобнымі прывілеямі Кіеўскае й Валынскае земляў, дык даводзіцца сьцьвердзіць розьніцу праўнага характару. Гэтыя ўкраінскія землі праўна абмяжоўваліся й разглядаліся быццам вонках Вялікага Княства, залежнымі ад яго. Дый украінскі элемэнт узяў слабы ўдзел у дзяржаўна-кіраўнічых органах Вялікага Княства Літоўскага.