Выбрать главу

«Справа ўся ў тым, што, як сведчаць летапісы і другія матэрыялы, у старажытныя часы пад Літвой разумелася не сучасная Літва, а заходняя частка сучаснай Беларусі, дзе жыло племя літва. Калі ў сярэдзіне ХІІІ ст. тут утварылася дзяржава, то яна стала называцца Вялікім княствам Літоўскім, бо яе першапачатковая сталіца - Навагрудак - знаходзілася на тэрыторыі старажытнай Літвы. Пазьней, у пачатку ХІV ст., калі цэнтр дзяржавы перамясьціўся ў Вільню, то і назоў «Літва» стаў пашырацца на ўсходнюю тэрыторыю сучаснай Літвы, якая да гэтага называлася Аўкштайціяй. Але і першапачатковая Літва па-ранейшаму насіла свой назоў, гэтак жа, як і яе насельніцтва, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе ліцьвінамі»[47а].

Аднак Абэцэдарскі не прызнае ніякіх засьцярогаў. Старадаўных ліцьвіноў-літву ён проста залічвае да сям'і балцкіх народаў і родніць іх з жамойтамі.

У лісьце-пасланьні вялікага князя Гедзіміна да францішканцаў і заходніх палітыкаў, якое датаванае 26 траўнем 1323 году, ёсьць даволі цікавая мясьціна. Запрашаючы ў Вялікае Княства Літоўскае прапаведнікаў каталіцкага веравызнаньня, Гедзімін выказвае пажаданьне, каб гэтыя прапаведнікі добра зналі польскую, земгальскую й рускую мовы, адпавядаючы тым, што пры ім і раней праводзяць і праводзілі місійную дзейнасьць у Вялікім Княстве[48]. Між іншага, у сваёй «Прускай кроніцы» Гедзімінаў сучасьнік Пётра Дузбурскі таксама адзначае, што пры выведах у Літве крыжакі пасылалі сюды людзей, якія володалі польскай мовай. Падобным мэтадам карысталіся й ліцьвіны, выкарыстоўваючы на прускай тэрыторыі тых асобаў, што зналі тую ж польскую мову[49].

За часамі Гедзімінавымі ў Вялікім Княстве Літоўскім было вельмі шмат уцекачоў зь Земгаліі, дый сам Гедзімін прэтэндаваў на гэтую частку Латвіі, у сувязі з чым тытулаваўся таксама «князем Земгаліі». Тым часам у Вялікім Княстве было таксама вельмі шмат палякаў, захопленых у Польшчы пры частых рабункавых набегах. Але ж палякі былі хрысьціянамі ды, бязумоўна, мелі й сваіх сьвятароў, што былі палоненыя разам з рэштай польскага жыхарства. Для іх былі непатрэбныя ні місіянэры, ні звычайныя сьвятары. Гедзімін быў зацікаўлены найперш хрышчэньнем самых ліцьвіноў і гэтых земгалаў, бо з Жамойцяй існавалі напружаныя дачыненьні. Падкупленая крыжакамі, Жамойць асабліва ўзбунтавалася тады супраць Вялікага Княства Літоўскага і палітыкі Гедзіміна правесьці хрысьціянізацыю паганскае часткі гаспадарства. Дарэчы, у самым тытуле Гедзімін нават не называўся «князем Жамойці», як гэта ўвойдзе ў звычай пасьля канчатковага далучэньня яе да Вялікага Княства. Такім парадкам, як вынікае, місіянэры прызначаліся для ліцьвіноў і земгалаў, і да ліцьвіноў яны маглі прамаўляць у польскай або «рускай», г.зн. беларускай, мовах, якія за тымі часамі шмат ня розьніліся між сабой.

У сувязі з гэтым вялікую каштоўнасьць набывае паведамленьне Хрысьціяна, крыжацкага сьвятара, які ад верасьня 1254 году быў каталіцкім біскупам Вялікага Княства (пры Міндоўгу). У сваіх успамінах ён сьведчыў, што «Літва, або Літванія, - гэта славянская краіна»[50]. У гэтым выпадку ня меньшую каштоўнасьць мае і канстатацыя ведамага гуманістага й пасьлейшага папы (Пій ІІ, 1458-1464) Энэя Сыльвія Пікаляміні. Свае весткі ён пачэрпнуў з гутарак зь Геранімам Праскім у часе Базэльскага сыноду (1432-1434). У сваю чаргу, з даручэньня Ягайлы й Вітаўта Геранім Праскі некалі браў удзел у хрышчэньні ліцьвіноў. Пікаляміні ў сваёй ведамай працы зусім выразна пісаў:

«Lituania et ipsa late patens regio Polonis ad orientem connexa est... Rara inter Lituanos opida, neque frequentes willae opes apud eos... Sermo gentis Sclavonicus est, latissima est enim haec lingua et in varias divisa sectas.» (г.зн.: Літва з сваімі шырокімі прасторамі мяжуецца з Польшчай ад усходу... Рэдкія ў ліцьвіноў гарады, таксама мала й вёсак... Мова народу - славянская. Гэтая мова вельмі пашыраная ды падзеленая на розныя разгаліненьні)[51].

Пра тое, што «мова ліцьвіноў - славянская» й што «ліцьвіны - славянскі народ» пісалі таксама Гартман Шэдэль у «Сусьветнай кроніцы» (1493), дырэктар Нюрнбэрскай Лаўрэнцеўскай гімназіі Ян Коклес Норык у геаграфічным нарысе «Дэкастыхон» (1511), Ян Багемскі ў працы «Звычаі ўсіх народаў» (1538), аўстрыйскі дыплямат Сігізмунд Гербэрштайн у ведамай «Гісторыі Маскоўшчыны» (1549), а таксама Мацей Стрыйкоўскі ў «Кроніцы польскай, літоўскай, жмудзкай і ўсяе Русі» (1582) ды Аляксандар Гваніні ў сваёй «Кроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (1578)[52].

Ведамы польскі гісторык Ян Длугаш (1415-1480) фактычна таксама збліжаў мову ліцьвіноў з славянскай мовай. Праўда, захапіўшыся тэорыяй «рымлянскага паходжаньня», у мове ліцьвіноў Длугаш хацеў бачыць нейкі «жаргон» лацінскай мовы. Але і ён цьвердзіў, што, сутыкнуўшыся з славянскімі мовамі, гэтая мова ліцьвіноў «перайшла ў славянскую мову»[53].