Як згадвалася вышэй, вялікі князь Вітаўт моўна і нацыянальна ў адным з сваіх актаў радніў ліцьвіноў з жамойтамі. Аднак жа ў іншых актах Вітаўта гэтыя жамойты заўсёды завуцца апрычоным «народам». Ды той жа Вітаўт чамусьці сярод ліцьвіноў шукаў сьвятароў і біскупа для Жамойці, якія маглі б разумець жамойцкую мову. Паляк Эразм Вітэлі (Цёлак), які быў за дзяржаўнага сакратара за часамі княжаньня вялікага князя Аляксандра, у сваёй ведамай справаздачы для папы ў 1501 годзе сьведчыў: «Ліцьвіны захоўваюць собскую мову, але з тае прычыны, што рутэны засяляюць бадай палову княства, карыстаюцца іхнай мовай дзеля ейнае зграбнасьці й лёгкасьці»[54]. Што гэтым хацеў сказаць Вітэлі - няведама, бо тады і ўкраінцы карысталіся беларускай літаратурнай мовай. Быццам больш выразна выказаўся ў падобнай справаздачы 1568 году папскі нунцы ў Польшчы Юлі Рудж'еро. Ён пісаў, што мова ліцьвіноў нагадвае жамойцкую мову і мову прусаў[55]. Але, і найбольш праўдападобна, у гэтым выпадку Рудж'еро выходзіў з довадаў польскага гісторыка Кромэра, ведамая праца якога якраз выйшла ў тым жа 1568 годзе і ў якой яе аўтар да крайнасьці разьвіваў тэорыю пра «рымлянскае» паходжаньне ліцьвіноў. Як ведама, захапіўшыся апошняй тэорыяй, Міхал Цішкевіч ці Міхалён Ліцьвін, (г.зн. беларус у сучасным разуменьні) у сваёй працы, напісанай у 1550 годзе, прапанаваў увесьці лацінскую мову ў якасьці дзяржаўна-літаратурнай мовы Вялікага Княства Літоўскага[56].
Ад гэткага захапленьня тэорыяй пра «рымлянскае» паходжаньне ліцьвіноў пайшло, прыкладам, і прозьвішча Рымскі-Корсакаў. Паны Корсакі, або Карсакі, - гэта знатная шляхта Полаччыны, да таго ж праваслаўнага веравызнаньня. За часамі Лівонскай вайны (1558-1583) некаторыя зь іх апынуліся ў Маскоўшчыне. Але й там яны не забыліся пра сваё «рымлянскае паходжаньне». У другой палове ХVІІ стагодзьдзя яны дамагліся ад маскоўскага цара прызнаньня за імі гэтае прыстаўкі «Рымскі». Так, апрача «ліцьвіна» Дастаеўскага, расейская культура знае таксама й ведамага кампазытара Рымскага-Корсакава.
Як вынікае, нашыя далёкія прапрадзеды пытаньнем мовы ліцьвіноў спэцыяльна не цікавіліся. Ды зь якое прычыны, калі для іх важнейшы быў факт панаваньня ў Вялікім Княстве Літоўскім славянскае, ці старое беларускае мовы. Гэты факт, прыкладам, і сьцьвярджаў у прадмове да дзяржаўнага дакумэнту - Літоўскага Статуту 1588 году - пасьлейшы канцлер Вялікага Княства Леў Сапега:
«А калі якому народу сорам ня знаць сваіх правоў, дык пагатоў нам, бо гэтыя правы мы маем напісаныя не ў чужой, але ў сваёй роднай мове, ды заўсёды можам дазнацца, як зарэагаваць на ўсякую крыўду».
Прафэсар Абэцэдарскі, здаецца, ня будзе аспрэчваць, што Літоўскія Статуты выдаваліся на беларускай мове. Гэтая ж мова зь цягам часу пачала звацца «літоўскаю», як гэта вынікае хоць бы з заявы 1627 году Лаўрэна Зізанія ў Маскве[57], ці зь «Лексікону Славянароскага» выданьня таго ж 1627 году Памвы Бярынды. Дарэчы, у прадмове да «Катэхізісу» 1562 году, прысьвечанай Мікалаю Радзівілу Чорнаму й ягоным сыном, ведамы беларускі гуманісты Сымон Будны пісаў:
«...К тому тежь и для того, абы ся ваши княжацкие милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тежь, ваши княжацские милости, и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, в котором давные предки и их княжацские милости панове отци ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть.
...Ботсе вашим княжацким милостям, яко се вашей доложило, тот первородный в том языку плод только для самого того офяровал, абы-сте ваши княжецские милости зацного стану княжата, а переднейших вожов сынове, всим иншим о себе добрый взор а приклад давать рачили... а тая отчизна и Речь Посполитая з ваших княжацских милости благославеное надеи ожидать могла»[58].
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Чорны быў галавой кальвінізму ў нашай краіне. Каля яго было шмат польскіх «братоў-сьвятароў» гэтага рэфармацыйнага руху дый сам ён фактычна пачаў паслугоўвацца польскаю моваю. У сувязі з гэтым і прамаўляе да Радзівіла Чорнага і ягоных сыноў Сымон Будны. Аднак жа ў гістарычнай літаратуры Радзівілы выступаюць, як нашчадкі старадаўных ліцьвіноў. Яны - адны з тых «літоўскіх феадалаў», якіх так часта згадвае Абэцэдарскі. Тым часам вынікае, што Сымон Будны, гэты дазнаны чалавек, лічыць Радзівілаў, і, бязумоўна, зь іхнае собскае згоды, за прадстаўнікоў «народу слаўнае славянскае мовы».